У Польшчы затрымалі яшчэ трох чалавек з расійскай шпіёнскай сеткі
Днямі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымала яшчэ трох чалавек, якія дзейнічалі ў рамках нядаўна раскрытай расійскай шпіёнскай сеткі. Пра гэта Польскаму прэс-агенцтву паведаміў намеснік міністра — каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.
Усяго, такім чынам, па гэтай справе ўжо затрыманыя 12 чалавек.
«ABW устанавіла далейшых асоб, якія дзейнічалі ў рамках шпіёнскай сеткі, ліквідаванай раней. Мы маем справу з затрыманымі, якім былі прад'яўленыя абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці і функцыянаванні ў арганізаванай злачыннай групе, а таксама з асобамі, якія цяпер знаходзяцца пад вартай, згодна з адпаведным судовым рашэннем», — паведаміў Жарын.
Ён дадаў, што карціна дзейнасці групы, якая была вызначаная пасля папярэдніх затрыманняў, застаецца актуальнай.
«Гаворка ідзе пра асобаў, якія дзейнічалі ў складзе групы, якой кіравалі расійскія спецслужбы. Яны выконвалі пэўныя задачы па даручэнні расійскіх спецслужбаў, якія з'яўляюцца часткай дзейнасці тыпова разведвальнага характару, але таксама і прапагандысцкага. Гэта цэлая сетка людзей, якія мелі задачу збіраць інфармацыю аб маршрутах і транспартных сродках, якія даюцца Украіне, але гэтыя людзі таксама распаўсюджвалі спецыфічны кантэнт, замоўлены расійскім бокам у рамках актыўнай прапагандысцкай дзейнасці супраць Польшчы», — адзначыў ён.
Намеснік міністра — каардынатара спецслужбаў падкрэсліў, што справа «патрабуе шырокіх актыўных захадаў з боку ABW, якому дапамагаюць іншыя службы».
Упершыню пра тое, што Агенцтва ўнутранай бяспекі ліквідавала шпіёнскую сетку, якая дзейнічала на карысць Расіі, заявіў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і міністр — каардынатар спецслужбаў Марыюш Камінскі 16 сакавіка.
Чытайце таксама:
У Польшчы затрымалі яшчэ аднаго расійскага шпіёна. Яго грамадзянства не раскрываецца
Новыя дэталі пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якіх вінавацяць у шпіянажы на карысць Расіі





