Знайсці
02.04.2023 / 12:4410РусŁacБел

Конніца расказала пра пераезд у Польшчу і сакрэты коней 

Гэтую спартоўку забанілі ў Беларусі. Цяпер яна адна з найлепшых у Польшчы. Пра коней, спорт і Польшчу як яна ёсць — «Наша Ніва» разгорнута паразмаўляла Вольгай Сафронавай.

Вершніца Вольга Сафронава цяпер выступае за Польшчу

Вольга трапіла ў Польшчу ў чэрвені 2021 года. Сафронава, неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі па выездцы, мела ўсе шансы паехаць на Алімпіяду ў Токіа, але атрымала бан у роднай зборнай нібыта праз тое, што яе конь нездаровы. Беларуска выехала ў Польшчу, дзе высветліла з дапамогай тамтэйшых ветэрынараў, што з жывёлай усё у парадку. Але шанс паехаць на Гульні быў прапушчаны.

Пазней Вользе, падпісантцы ліста спартоўцаў за сумленныя выбары, увогуле прыйшлося адмовіцца ад вяртання ў Беларусь.

«Быў такі тэлеграм-канал «Іуды анлайн», і там выклалі спіс людзей, якіх рэкамендавана звольніць або не браць на працу ў Беларусі. Там былі журналісты, артысты, спартоўцы, і сярод іх была я. А яшчэ некаторыя людзі з Беларусі параілі мне не вяртацца», — тлумачыць яна прычыны раптоўнай эміграцыі.

Да пераезду вершніца не рыхтавалася — выехала з Беларусі на два тыдні і нават не паспела звольніцца з нацыянальнай каманды. Калі ж зразумела, што трэба ўладкоўвацца ў новай краіне, пакінула каня ў клініцы, дзе таго абследавалі, і пачала шукаць новую стайню-клуб, за які будзе выступаць.

Вольга расказвае, што такіх стайняў-клубаў у Польшчы ў сотні разоў болей, чым у Беларусі, у радыусе 10—15 кіламетраў іх можа быць дзесяць. Але такіх спартовых баз, дзе можна было б рыхтавацца да спорту высокіх дасягненняў, у Польшчы мала, і свой новы клуб Вольга знайшла па знаёмстве.

У коней на стайнях свае масажысты і салярый

«Усе стайні ў Польшчы прыватныя, і за кожнай з іх замацаваны свой клуб, у выніку ты абавязаны кагосьці прэзентаваць. У Беларусі ты выступаеш за школу, у якой працуеш, напрыклад, за цэнтр алімпійскага рэзерву. А ў Польшчы ты прэзентуеш клуб, да якога належыш і ў якім трэніруешся, але клуб за цябе ніякай адказнасці не нясе і не дапамагае табе з фінансаваннем, ты проста карыстаешся ўмовамі на тэрыторыі стайні. Фінансаванне — гэта твае грошы, але могуць быць і спонсары, тут гэта нашмат больш развіта, чым у Беларусі. Мы пачалі супрацоўнічаць з некалькімі фірмамі, якія вырабляюць амуніцыю і харчаванне для коней», — тлумачыць Сафронава сістэму ў польскім конным спорце.

Пра беларускае начальства: «Мне іх шкада»

Наступны крок — змена спартовага грамадзянства, каб працягнуць свабодна выступаць і ў выніку мець шанс паехаць ад Польшчы на Алімпіяду. Сафронава напісала ліст з просьбай аб атрыманні польскага грамадзянства да прэзідэнта Польшчы і праз паўтара года атрымала станоўчае рашэнне. А далей Польская федэрацыя коннага спорту звярнулася ў аналагічную Міжнародную федэрацыю і папрасіла змяніць для вершніцы спартовае грамадзянства.

Як дзеліцца Вольга, пакуль усё складваецца выдатна: «Каб свабодна выступаць на спаборніцтвах, ты павінен жыць у новай краіне на працягу двух гадоў. У мяне гэты тэрмін заканчваецца 22 чэрвеня, але я ўжо магу выступаць на міжнародных турнірах, акрамя чэмпіянатаў свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў. 7 чэрвеня пачынаецца кваліфікацыя на Алімпіяду, і мы працуем з адвакатам, каб мне дазволілі ў ёй удзельнічаць, нягледзячы на 15 дзён да канца каранціну, якіх мне не хапае. Думаю, шансы на поспех дужа вялікія. Гэта будзе трохзорачны міжнародны турнір «Кубак нацый», там будзе разыгрывацца камандная ліцэнзія на Алімпіяду».

«У цябе няма яшчэ такой сяброўкі з Беларусі?»

Пра шансы на турнір Вольга казаць не бярэцца: маўляў, сезон толькі пачаўся і яшчэ не ясна, які склад у каманд з іншых краін. Магчыма, пасля двух-трох вясенніх спаборніцтваў карціна будзе больш зразумелая. Спартоўка дадае, што «Кубак нацый» — не адзіная магчымасць узяць пуцёўку на Алімпіяду, бо на працягу года будзе і два шансы ўзяць асабістую квоту.

Зараз шмат кажуць пра тое, каб зняць спартовы бан з расіян і беларусаў і ў выніку дазволіць ім выступаць на Алімпіядзе. Што зробіць Вольга, калі раптам сустрэне на Гульнях у Парыжы сваё былое беларускае кіраўніцтва?

«Напэўна, усміхнуся і прайду міма, чаму б і не павітацца? Зараз мне іх шчыра шкада. Людзі пражываюць сваё жыццё, цудоўна ведаючы, што адбываецца, марнуюць свой час, сілы, рэсурсы і таленты, пакуль кожны дзень выконваюць чыесьці загады і спрабуюць абысці вострыя вуглы, не маюць магчымасці цалкам праявіць сябе. Пры гэтым насамрэч у нас вельмі шмат таленавітых людзей, і трэнераў, і спартоўцаў, і яны маглі б выдатна рэалізавацца.

На чэмпіянаце Польшчы мяне ўзнагароджваў прэзідэнт Польскай федэрацыі коннага спорту. Калі ён надзяваў мне медаль на шыю, спытаў: «У цябе няма яшчэ такой сяброўкі з Беларусі?» Можна было б вельмі шмат зрабіць і быць цалкам канкурэнтаздольнымі, але пакуль што не атрымалася».

Цяперашняя беларуская зборная, мяркуе Сафронава, не мае шансаў на алімпійскія медалі. Рэч у размеркаванні сіл у конным свеце, бо цяпер Мекка коннага спорту — Заходняя Еўропа: Англія, Нідэрланды, Германія, Данія. Гэтыя краіны так моцна ўтрымліваюць лідарства, што разлічваць на медалі немагчыма. У палякаў аналагічная сітуацыя: калі новая зборная Вольгі трапіць на Гульні камандай, гэта ўжо будзе вялікі крок наперад, бо дагэтуль у палякаў былі толькі асабістыя выступы.

«Не ведаю ні аднаго чалавека, які б не любіў коней»

У сярэдзіне сакавіка Сафронава выйграла першы свой польскі медаль — срэбра чэмпіянату краіны.

«Увесь гэты час, як знаходзімся ў Польшчы, мы трэніраваліся, рыхтаваліся і чакалі магчымасці выступаць. На жаль, не здолела спаборнічаць на летнім чэмпіянаце Польшчы ў мінулым годзе, бо яшчэ не мела грамадзянства. Таму выступала на больш дробных турнірах, на маладых конях, а потым пачала мэтанакіравана рыхтавацца да чэмпіянату».

Конны спорт у Польшчы, па словах беларускі, больш развіты і больш масавы, чым у нашай краіне: чым больш людзей, баз, тым большая канкурэнцыя і развіццё. 

Што дапамагло палякам палюбіць конны спорт? «Думаю, агульны ўзровень жыцця. Людзі могуць сабе дазволіць займацца конным спортам і ўтрымліваць каня, маюць час на тое, каб прыехаць на стайню і заняцца канём. Нехта не любіць катоў, нехта — сабак, але не ведаю ні аднаго чалавека, які б не любіў коней, да іх звычайна ставяцца больш трапятліва», — разважае Вольга.

З арганізацыяй турніраў у палякаў таксама ўсё няблага. Перш за ўсё ў Польшчы лепш справы з тэхнічнымі базамі. У выніку атрымліваецца, што ў Польшчы ў дзясяткі разоў больш варыянтаў правядзення спаборніцтваў. Яшчэ турніры ў Польшчы праводзяць спонсары, яны рэкламуюць сябе і свае фірмы на ўсіх спаборніцтвах, таму гэта адбіваецца на якасці іх правядзення.

Усё гэта спрыяе таму, каб турніры ператвараліся ў сапраўдныя святы. «Людзі масава прыязджаюць на спаборніцтвы. Напрыклад, выступае дзіця, а з ім прыязджае яго сям’я, мамы, таты, цёці, бабулі і дзядулі, сябры, бацькі сяброў і іх сябры. Бачыш аднаго каня з дзіцём, а навокал — натоўп людзей, якія прыехалі яго падтрымаць. Трыбуны на турнірах поўныя, гэта вельмі прыемна.

Тут ёсць нацыянальны турнір Cavaliada, падчас яго праходзяць і міжнародныя спаборніцтвы. На яго збіраюцца цэлыя хакейныя арэны па 7—10 тысяч чалавек, і квіткі заўсёды раскупленыя. Cavaliada праходзіць некалькі разоў на год, гэта нібыта нацыянальнае свята. Акрамя турніраў, там ладзяць шоу: і джыгітоўка, і выездка на поні, і тэатральныя выступы з коньмі. Там неверагодная атмасфера, людзі прыходзяць туды як на канцэрт, ведаюць усіх спартсменаў і просяць у іх аўтографы. У Беларусі такога проста няма», — з захапленнем расказвае Вольга.

«У беларускіх дакументах коней дагэтуль прапісваюць як спартовы інвентар»

Па абодва бакі беларуска-польскай мяжы, расказвае Сафронава, вершнікі ўспрымаюць коней як ледзьве не самае важнае ў жыцці. А вось чыноўнікам у беларускім конным спорце ёсць чаму павучыцца ў польскіх калег: «У беларускіх дакументах коней дагэтуль прапісваюць як спартовы інвентар, дык пра што тут далей казаць? Для іх гэта альбо сельскагаспадарчая жывёла, або спартовы інвентар. А тое, што гэта жывая істота, душа, твой галоўны партнёр і сябар, якога ты мусіш забяспечыць перад тым, як рабіць нешта для сябе, — разуменне гэтага ў кіраўніцтва спорту разбуранае. У Польшчы да коней ставяцца з павагай і дастойна, шануюць працу і вершніка, і каня, разумеюць складанасць гэтага віду спорту і яго дарагавізну, усяляк спрабуюць дапамагчы спартоўцу і каню, а часам проста не перашкаджаць.

У Беларусі так здаралася, што ты едзеш на спаборніцтвы са сваім канём, на сваёй машыне і за ўласныя грошы, а табе яшчэ трэба атрымаць багата нейкіх незразумелых дазволаў. Тут табе толькі пасадзейнічаюць, падзякуюць за тое, што ты ўзяў на сябе гэты груз, ды яшчэ і прывёз медаль у краіну».

«Калі ў Беларусі людзі самі сабе не могуць забяспечыць дастойнае жыццё, як яны могуць клапаціцца яшчэ пра кагосьці?»

Вольга адзначае, што агулам у Польшчы стаўленне да жывёл іншае. Жывёлы могуць заходзіць у магазіны, знаходзіцца ў рэстаранах і гатэлях. Калі ты прыходзіш у рэстаран з сабакам, яму адразу прыносяць талерку з вадой. 

Гэтую розніцу ў стаўленні Вольга зноў тлумачыць разрывам ва ўзроўні жыцця: «Калі ў Беларусі людзі самі сабе не могуць забяспечыць нармальнае, дастойнае жыццё, яны не могуць дазволіць сабе паклапаціцца яшчэ пра кагосьці, не кажучы пра далейшае лабіраванне гэтага. А ў Польшчы ў людзей як мінімум закрытыя базавыя патрэбы, яны могуць дазволіць сабе паглядзець навокал і звярнуць увагу на тое, каму і чым яны могуць дапамагчы».

Стаўленне да спартоўцаў, кажа вершніца, у Польшчы і ў Беларусі таксама адрозніваецца. Вольга згадвае, што ў Беларусі вершнік мусіў быць на працы з 8 да 17, распісваць трэніроўкі па гадзінах і хвілінах: напрыклад, гэты конь 5 хвілін бегае рыссю, 10 хвілін — галопам і гэтак далей, у іншага каня свая праграма. 

У Польшчы тое, колькі і калі ты трэніруешся, — гэта твая асабістая справа: «Можаш працаваць ноччу, раніцай, удзень, кожны дзень, раз на тыдзень — не важна, ты павінен проста паказаць вынік. І ніхто не цісне, што ты абавязаны ў восем прыйсці на працу і распісацца, што ты на месцы. Гэта не завод, дзе мы мусім выпусціць 20 дэталяў на гадзіну.

Праца з жывёлай тонкая і творчая. Напрыклад, можна сесці на каня і зразумець, што сёння ён не ў настроі, тады табе трэба даць яму адпачыць, але ж у цябе напісана, што ты мусіш паўтары гадзіны трэніравацца. Як выбудоўваць індывідуальную падрыхтоўку і ісці ў спорт найвышэйшых дасягненняў, калі ўсе ўмовы прапісаныя, як у арміі, і ты абавязаны іх выконваць?»

Гэта не значыць, што ў конным спорце не да дысцыпліны. Добры вершнік ведае, што кожны дзень ён у любым выпадку прыходзіць на стайню і з раніцы да вечара там знаходзіцца, бо жывёл пакінуць нельга. Трэба бачыць, як жывёла спіць, есць, як яна выходзіць з бокса і як сябе адчувае.

«Кожны конь — гэта асоба»

На думку спартоўкі, Польшча — краіна для жыцця: «Тут ты адчуваеш сябе свабодна, маеш магчымасць працаваць і зарабляць, маеш адкрытыя межы: раніцай можаш сядзець на кані, а ўвечары сесці на самалёт і пераляцець у іншую краіну. Усё гэта адбіваецца на тваім маральным стане — ты можаш больш і ты больш амбіцыйны, няма адчування небяспекі».

Акрамя ўласных трэніровак, Вольга дапамагае іншым спасцігаць конны спорт. Расказвае, што працуе з тымі, каму блізкі яе падыход да коней: «Мне даспадобы сяброўства і супрацоўніцтва з канём, пошук кампрамісу з жывёлай. Не ціск на жывёлу, а вывучэнне кожнага характару. Бо кожны конь — гэта насамрэч асоба, і чым больш ты яго вывучаеш, тым больш гэта разумееш. Вывучэнне конскай душы, партнёрства з ёй, узаемасувязь і кампрамісы, напэўна, гэта мае асноўныя тэзісы ў працы».

Існуе ў конным спорце і супрацьлеглы падыход, але, як упэўнівае Вольга, Міжнародная федэрацыя коннага спорту шмат над гэтым працуе. Усе выпадкі жорсткага стаўлення да жывёл адсочваюцца, і іх робіцца ўсё менш.

Конь татальна змяняе чалавека

Коні і стайня — тое, што моцна дапамагло Вользе пасля нечаканай эміграцыі, дало шанс жыць далей. Без коней вершніца не ўяўляе ўласнага жыцця: «Якой бачу сваю будучыню ў Беларусі? Вольнай ва ўсіх сэнсах. І абавязкова буду ў конным спорце! Жадаю, як каралева Лізавета, у 90 гадоў сядзець у сядле і махаць усім ручкай. Конны спорт — гэта на ўсё жыццё, гэта дыягназ.

Думаю, ён татальна змяняе чалавека. Гэта выпрацоўвае ў табе столькі цярпення, разумення, спачування, чуласці. Мяркую, конны спорт на 180 градусаў разварочвае ўсе праявы эгаізму ў чалавеку, бо кожны чалавек схільны клапаціцца пра сябе. А спорт гэта пераварочвае, бо на першае месца выходзіць конь: яго жыццё, дабрабыт, здароўе і настрой, і толькі потым ідзеш ты. Гэта твой сябар, без якога жыццё не мае сэнсу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Вершніца Вольга Сафронава, якая з'ехала ў Польшчу, выйграла срэбраны медаль чэмпіянату гэтай краіны па конным спорце

«Трапіла ў спіс іудаў». Чэмпіёнка Беларусі па конным спорце пра тое, як адмовілася падпісваць праўладны ліст і з'ехала ў Польшчу

Глеб, Кутузаў, Румас? Хто выратуе белфутбол — разважаюць адмыслоўцы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Мойша/адказаць/
03.04.2023
дочка Максима Дизайнера, ты дурачок? Што было па біялогіі ў школе? Мабыць двоечка як ва ўсіх вашых. Коні не маюць мімікі і амаль не могуць паказваць радасць ці слосць на мордзе, хіба толькі праз паводзіны.
0
дочка Максима Ди3%йнера/адказаць/
03.04.2023
"Што было па біялогіі ў школе?"
Мойша
, 5 ) як і па іншых прадметах таксама, акром фізкультуры і ідэалагічнай нейкай хрэні - не памятаю, як звалася (история советского государства и права?))
0
Максим Дизайнер/адказаць/
05.04.2023
Кто-нибудь заметил, как преображаются наши люди, после того, как съезжают от стабильности и самых вкусны в этом бренном мире продуктов, где 25% территории заср радионуклидами?Я имею ввиду тех, у кого в голове что-то есть, а не на стройке за минималку под Вроцлавом водку хлещут.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера