Знайсці
27.03.2023 / 12:20РусŁacБел

Дзе цяпер Вадзім Дзевятоўскі, былы лёгкаатлет і дэпутат, які ў 2020-м трапіў на Акрэсціна

Дзевятоўскі вярнуўся ў спорт, але зусім не ў той кірунак, піша «Трыбуна».

Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі

Чым запомніўся ў лёгкай атлетыцы і як з яе сышоў?

Спорту Дзевятоўскі аддаў 35 гадоў. Ураджэнец Наваполацка пачаў займацца ў сем, прычым адразу сканцэнтраваўся на кіданні молата. За тры дзясяткі гадоў у гэтай дысцыпліне дасягнуў амаль усяго, у тым ліку трапляў і ў скандалы з допінгам. У паслужным спісе — золата чэмпіянату свету — 2005, срэбра чэмпіянату Еўропы — 2006. На ўнутранай арэне новапалачанін станавіўся чэмпіёнам краіны, атрымаў званне заслужанага майстра спорту. Паралельна са спортам лічыўся спартыўным інструктарам у вайсковай часці МУС Лукашэнкі.

Ну, а самыя гучныя падзеі з удзелам Дзевятоўскага звязаныя з Алімпійскімі гульнямі.

Па выніках Алімпіяды-2000 у Сіднэі лёгкаатлет атрымаў двухгадовую дыскваліфікацыю за ўжыванне нандралону. У 2004-м беларус заняў на афінскіх АГ чацвёртае месца, а праз чатыры гады ў Пекіне стаў другім, але амаль адразу разам з Іванам Ціханам, бронзавым прызёрам Гульняў-2008, атрымаў абвінавачанні ва ўжыванні допінгу — у спартсменаў быў павышаны тэстастэрон. Рашэннем МАК прадстаўнікі Беларусі былі пазбаўленыя ўзнагарод і падвергнутыя дыскваліфікацыі, але ў судзе яны даказалі, што працэдура забору допінг-пробы адбылася з парушэннямі — і гэта дазволіла даказаць сваю невінаватасць.

Дзевятоўскі яшчэ нейкі час пасля гэтага выступаў без поспехаў на міжнароднай арэне, а пасля пайшоў на пенсію праз праблемы са спінай.

Адразу пасля заканчэння кар'еры Дзевятоўскі стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а яшчэ спартсмен узначаліў у Наваполацку гарадскую арганізацыю «Белай Русі».

Былы лёгкаатлет ніколі не хаваў станоўчага стаўлення да Лукашэнкі. Казаў пра гэта ў прэсе, пісаў у сваіх пастах у Instagram. Перад выбарамі 2020-га заклікаў галасаваць за Лукашэнку, адзначаючы, як шмат той зрабіў для краіны.

З верасня 2014-га Дзевятоўскі займаў пасаду старшыні Федэрацыі лёгкай атлетыкі і, на думку многіх спартсменаў, быў эфектыўны на гэтай пазіцыі.

У 2020-м жыццё Дзевятоўскага кардынальна змянілася. Вадзім, як і яго брат Алег, на той момант генеральны сакратар Беларускай федэрацыі вадналыжнага спорту, у жніўні быў схоплены сілавікамі (хоць яны проста сядзелі ў кавярні ў цэнтры Мінска) і апынуўся на Акрэсціна. У Вадзіма Дзевятоўскага здарыўся нервовы зрыў, з якім функцыянер трапіў у РНПЦ псіхічнага здароўя.

24 верасня Дзевятоўскі ўпершыню пасля гучнай заявы з'явіўся на публіцы: прыехаў на пазачарговую канферэнцыю БФЛА, дзе новым старшынёй федэрацыі стаў актыўны прыхільнік Лукашэнкі Ціхан.

У 2021-м акунуўся ў гольф, дасягнуў нядрэнных вынікаў і прыцягнуў да яго сына

Да пэўнага часу пра жыццё Дзевятоўскага нічога не было вядома. У чэрвені 2021-га гэтую таямніцу раскрыў сам функцыянер. У Instagram ён паведаміў, што вяртаецца ў спорт як атлет — праўда, не ў лёгкую атлетыку, а ў гольф. Дзевятоўскі стаў удзельнікам серыі турніраў сезона-2021 у гольф-клубе «Мінск».

Гольф для Дзевятоўскага — спорт не новы. Па словах былога лёгкаатлета, у 2005-м ён тыдзень гасцяваў у сябра ў Японіі, у горадзе з вялікай колькасцю пляцовак для адпрацоўкі ўдараў па мячы. На гэтых невялікіх участках без поля, але з сеткавай агароджай нельга прасачыць далёкасць палёту мяча, але можна паставіць удар. І вось там Дзевятоўскі ўпершыню прыклаўся клюшкай да мяча.

«У мяне лёгка атрымалася, таму што тэхніка з майго прафесійнага спорту дастасавальная і да гольфа, — тлумачыў былы лёгкаатлет. — Мне молат, вядома, даў шмат чаго: свабода ўдару праз сістэму, праз ногі. Вось толькі са стойкай яшчэ трэба папрацаваць. Але зноў жа, калі няма пачуцця снарада, пачуцця рытму, то будзе цяжка. Калі ёсць гэтыя пачуцці, але не можаш даць рады сваім эмоцыям, псіхуеш пасля кожнага ўдару, то ў гольфе табе рабіць таксама няма чаго.

Сёння за плячамі экс-лёгкаатлета нямала турніраў, у тым ліку і такіх, дзе ён браў узнагароды. Улетку 2020-га Дзевятоўскі заняў другое месца ў сваёй падгрупе на спаборніцтвах TIME TO GOLF — 2020 у Мінску. Праз год там жа быў ужо трэцім у агульным заліку.

У 2022-м новапалачанін браў удзел у чэмпіянаце Маскоўскай вобласці, праўда, ад высокіх пазіцый быў далёкі (55-ы сярод 74-х гальфістаў). Таксама ў мінулым годзе Дзевятоўскі ездзіў на фестываль інтэлектуальных відаў спорту «Моцныя фігуры» — турнір па гольфе, які ўключала праграма фестывалю, прайшоў у гольф-клубе Moscow Country Club. Дзевятоўскі быў прызнаны найлепшым гульцом спаборніцтваў і атрымаў спецыяльны прыз ад арганізатараў і Мінспорта Маскоўскай вобласці. Беларус выступаў за зборную свету (быў адзіным ад Беларусі), якая ў выніку саступіла зборнай Расіі.

Новапалачанін настолькі пагрузіўся ў гольф, што стаў амбасадорам гольф-клуба «Мінск». Такая цесная супраца пачалася яшчэ ў першай палове 2021-га, а ў пачатку 2022-га гольф-клуб абвясціў, што Дзевятоўскі застанецца амбасадорам яшчэ на два гады.

Па шляху бацькі ідзе сын Вадзіма Дзевятоўскага Леў. Увесну 2022-га ён стаў пераможцам ChilDay Tournament ад усё таго ж гольф-клуба «Мінск».

З 1 ліпеня 2022-га «Мінск» увёў паслугу «Знаёмства з гольфам з амбасадорам». Калі простымі словамі, гаворка ідзе або пра індывідуальныя, або пра групавыя трэніроўкі з магчымай экскурсіяй па клубе. Працягласць заняткаў — да дзвюх гадзін, кошт — да 135 рублёў у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў.

Сёння Дзевятоўскі выступае і арганізатарам розных турніраў. Напрыклад, турніру BMW Happy Mulligan Day ці адкрытага чэмпіянату Беларусі па гольфе.

Ён заўсёднік урачыстых мерапрыемстваў, што звязаныя з гольфам. Напрыклад, некалькі гадоў запар удзельнічаў у падвядзенні вынікаў сезона ў гольф-клубе «Мінск» і ўзнагароджанні найлепшых гальфістаў Беларусі.

Што да лёгкай атлетыкі, то, паводле звестак «Трыбуны», да яе ўжо 46-гадовы алімпійскі прызёр дачынення не мае. Як запэўніваюць людзі, якія ведаюць функцыянера, ён ніяк, нават нефармальна, не звязаны ні з федэрацыяй, ні з трэніроўкамі атлетаў — нават не кансультуе на сяброўскай аснове.

Чытайце таксама:

СТБ: Дзевятоўскі напісаў свой допіс пад ціскам, а цяпер знаходзіцца ў бальніцы

Шпіталізаваны брат Вадзіма Дзевятоўскага Алег

У Беларусі — срэбра па алімпійскіх медалях, адабраных праз допінг. Вось як мы да гэтага дайшлі

Фота Instagram Вадзіма Дзевятоўскага, golfminsk.by, realt.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера