Знайсці
28.03.2023 / 20:472РусŁacБел

Як вызначыць, што вам хлусяць

Існуе шэраг вербальных і невербальных прыкмет, якія дапамагаюць зразумець, што нас падманваюць. Існуюць так званыя «дэтэктары хлусні», якія дапамагаюць у гэтай справе. Але ёсць і больш простыя спосабы.

Казачны герой Пінокіа, нос якога кожны раз адрастаў, калі ён гаварыў няпраўду. Аўтар малюнка — Джорджа Скапінэлі. Выява: Wikimedia Commons

Галоўнае пры выяўленні хлусні — наша назіральнасць. Існуе шэраг прыёмаў, якія нам дапамогуць выявіць няшчырасць субяседніка.

На першым месцы стаіць маўленне нашага суразмоўцы.

Звычайна, калі чалавек падманвае, ён адчувае негатыўныя эмоцыі. Яны звязаныя ці са страхам быць выяўленым, ці з пачуццем віны («мукі сумлення»).

Калі наш субяседнік хлусіць, то змяняецца хуткасць і тэмбр голасу. Такім жа сведчаннем можа быць ваганне перад адказам ці раптоўнае заіканне, доўгія паўзы.

Адказы становяцца менш канкрэтнымі, менш структураванымі і часам пазбаўлены паслядоўнасці. Акрамя таго, яны ўключаюць больш падрабязнае апісанне таго, што не адбылося.

Вось некалькі стратэгій, якія дапамогуць перахітрыць хлуса.

Захоўвайце ў размове пазіцыю адкрытасці і падтрымкі. Дэманструйце свой давер да слоў суразмоўца.

Старайцеся задаваць адкрытыя пытанні і давайце чалавеку выказацца. Гэта прымусіць суразмоўца больш гаварыць, дадумваць дэталі.

Выпрацуйце правілы ўзаемадзеяння. Простая дамова ў пачатку размовы гаварыць праўду ўскладняе хлусню, накладае на хлуса дадатковы маральны цяжар і павялічвае стрэс.

Стварайце кагнітыўную перагрузку. Вядома, што лепш за ўсё чалавек трымаецца, калі ён распавядае падрыхтаваную загадзя версію падзей. Таму такую хлусню цяжка выявіць. Спрабуйце разбурыць такі аповед нечаканымі пытаннямі ці папрасіце ўдакладніць дэталі. Ну і найбольш распаўсюджаны прыём — папрасіць распавесці гісторыю ззаду наперад.

Акрамя ўласна маўлення, ёсць шэраг невербальных прыкмет.

Навукоўцы выявілі, што рухі цела могуць зрабіць магчымым выяўленне хлусні з вялікай дакладнасцю (ад 75 да 82% у залежнасці ад стратэгіі апытання) незалежна ад культурных адрозненняў.

Хлуса выдаюць неспакойныя рухі рукамі (прыкрыццё рота падчас размовы, дотык да розных частак твару, прыгладжванне валасоў, папраўка гальштука).

Падманшчык часцей міргае і даўжэй трымае павекі закрытымі. У мужчын часта назіраецца жаданне церці вочы падчас утойвання праўды.

Людзі, якія носяць акуляры, нярэдка выкарыстоўваюць іх для таго, каб схаваць сапраўдныя думкі і эмоцыі. Калі вы бачыце, што чалавек пачаў нешта рабіць з акулярамі, то ён відавочна сыходзіць ад адказу, на абдумванне якога яму патрабуецца час.

Шмат могуць сказаць вочы.

Пры нармальным кантакце, калі людзі гавораць праўду, позіркі сустракаюцца каля 2/3 часу ўсёй размовы. Калі чалавек не шчыры ці хавае што-небудзь, то яго вочы будуць сустракацца з вачыма суразмоўцы менш за 1/3 усяго часу камунікацыі. Пры гэтым ён будзе імкнуцца адвесці погляд убок, глядзець у столь, уніз і інш.

Звяртайце асаблівую ўвагу на тое, як рухаюцца вочы субяседніка. Перш чым спрабаваць вызначыць па вачах, хлусіць ці не ваш партнёр, нядрэнна было б ведаць яго звыклую манеру паводзін пры размове. Спачатку задайце яму нейтральнае пытанне, на якое ён, напэўна, адкажа без хітрасці. Скажам, што ён сёння еў на сняданак? Калі вы зразумееце, куды глядзіць чалавек, кажучы праўду, пераходзьце да той тэмы, якая вас цікавіць. Калі пры адказе на простае пытанне суразмовец паглядзеў уверх і налева (прайграваў адказ з памяці), а пры адказе на тое пытанне, што вас цікавіць, — уверх і направа, то гэта можа быць прыкметай таго, што праўду вы не пачулі.

Звярніце ўвагу на працягласць фіксацыі выразу твару (усмешкі, здзіўлення). Сапраўдныя эмоцыі адлюстроўваюцца на твары не больш за некалькі секунд. Калі выраз твару не мяняецца звыш пяці секунд, то вялікая імавернасць, што гэтая эмоцыя фальшывая.

Звяртаем увагу, што нельга толькі па адной прыкмеце рабіць выснову аб падмане. Трэба разглядаць іх у сукупнасці.

З іншага боку, неабходна памятаць, што ёсць людзі, для якіх хлусня — нармальны стан. Яны адчуваюць задавальненне ад яе. Іх аповеды максімальна пераканаўчыя і натуральныя. Такія людзі настолькі добра ўжываюцца ў ролю, што перадаюць фальшывыя эмоцыі гэтак жа лёгка, як і сапраўдныя. Таму з такімі «прыроджанымі хлусамі» нашы рэкамендацыі мала могуць дапамагчы.

Акрамя гэтага, ваш суразмоўца можа выдатна ведаць усе прыкметы падману і быць натрэніраваным. Гэта асабліва ўласціва асобам публічным, напрыклад, акцёрам ці палітыкам.

Чытайце яшчэ:

Тое, як мы трымаем кубак, раскрывае асаблівасці нашага характару

Тое, як мы трымаем тэлефон, можа шмат расказаць пра нас

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
5
Жвір/адказаць/
28.03.2023
Чарговая лухта ! памагатая паранойі...
0
Бурацiна/адказаць/
28.03.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера