Прысуджана прэмія імя Міхася Ткачова
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) прысудзіў прэмію імя Міхася Ткачова.
Рыгор Лазько. Фота: «Настаўніцкая газета»
Прэмія прысуджаецца кожныя два гады за найлепшую навуковую працу (ці цыкл прац) з гісторыі беларускага сацыялістычнага руху і беларускай дзяржаўнасці, а таксама за працы, прысвечаныя дзеячам беларускага сацыялістычнага руху.
Першая прэмія была прысуджана ў 2021 годзе Аляксею Елісееву за кнігу «Зміцер Жылуновіч: Чырвоны адраджэнец».
Сёлета прэміяй імя Міхася Ткачова ўганараваны Рыгор Лазько.
Рыгор Лазько нарадзіўся ў 1948 годзе. Ён доктар гістарычных навук, прафесар, да нядаўняга часу працаваў на кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Даследаваў палітыку Польшчы ў 1918—1939 гг., польска-беларускія адносіны, а таксама беларускія праблемы ў польска-савецкіх адносінах.
Прэміяй імя Міхася Ткачова прафесар Рыгор Лазько ўганараваны за апублікаваныя ў 2005—2021 гг. артыкулы, у якіх даследуюцца пэўныя моманты з гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама падзеі, што папярэднічалі абвяшчэнню Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.





