Знайсці
22.03.2023 / 19:13РусŁacБел

Мы дазваляем штучнаму інтэлекту прымаць за нас занадта шмат рашэнняў — псіхолаг

Вучоны-біхевіярыст Герд Гігерэнцэр цягам дзесяцігоддзяў вывучаў, як людзі робяць выбар у сітуацыі нявызначанасці. Ëн тлумачыць, як штучны інтэлект і сацыяльныя сеткі мяняюць наша жыццё.

Фота: Pixabay.com

У эпоху ChatGPT камп’ютарныя алгарытмы і штучны інтэлект усё больш укараняюцца ў наша жыццё: абіраюць кантэнт, які мы бачым у інтэрнэце, і адказваюць на самыя розныя нашы пытанні — ад побытавых да экзістэнцыяльных. Алгарытмы штучнага інтэлекту могуць змяняць наш свет і паводзіны спосабамі, якія мы не да канца разумеем, кажа псіхолаг і даследчык паводзін Герд Гігерэнцэр, аўтар кнігі «Як заставацца разумным у разумным свеце».

Калі штучны інтэлект лепшы за чалавечы розум

Па словах эксперта, такія складаныя алгарытмы, як нейрасеткі, могуць быць лепшымі і больш карыснымі, чым учынкі чалавека, у тым выпадку, калі мы маем справу са стабільнай сітуацыяй, да прыкладу, гульнёй у шахматы. Але калі ў вас нестабільная праблема — напрыклад, вы хочаце прадказаць каранавірус, — то лепш трымацца далей ад камп’ютарных алгарытмаў.

Праца з нявызначанасцю — гэта сфера, дзе павінен працаваць чалавечы розум, бо толькі ён здольны вызначыць адзін ці два важныя сігналы і ігнараваць астатнія. У такога кшталту невыразных задачах алгарытмы не працуюць. Каб атрымаць максімальную аддачу ад ШІ, свет мусіў бы быць больш прадказальным.

«Нейрасеткі маюць шмат-шмат пластоў, але яны па-ранейшаму проста вылічальныя машыны. Яны могуць намаляваць выяву, могуць стварыць тэкст. Але гэта не значыць, што яны разумеюць тэкст гэтак жа, як людзі», — разважае Герд Гігерэнцэр.

Калі вы не аналізуеце таго, што падсоўваюць вам алгарытмы, і не разбіраецеся ў наладах канфідэнцыйнасці, то тэхналогіі будуць кіраваць вамі ўсё больш

Новаўвядзенні, што з'яўляюцца цяпер у свеце тэхналогій, датычаць кожнага чалавека, бо яны перакройваюць сусветны парадак: кантроль над людзьмі канцэнтруецца ў руках урадаў і тэхналагічных кампаній. Па словах Герда Гігерэнцэра,

лічбавыя тэхналогіі могуць лёгка схіліць шалі ў бок аўтарытарных сістэм.

Людзі не маюць жадання разбірацца з наладамі прыватнасці (бо гэта так доўга, нецікава і незразумела), і ў выніку становяцца аб'ектамі сачэння. Даследчык апісвае гэта наступным чынам:

«Падумайце пра кавярню ў вашым родным горадзе, дзе даюць бясплатную каву. Усе ходзяць туды, бо гэта бясплатна. Такім чынам, у вас больш няма выбару, але, прынамсі, вы атрымліваеце каву задарма, а таксама атрымліваеце асалоду ад кантактаў з сябрамі. Аднак у гэтай кавярні на сталах ёсць мікрафоны, а на сценах — відэакамеры, якія фіксуюць усё, што вы кажаце — кожнае слова, і некаму адпраўляюць на аналіз. Таксама ў кавярні безліч прадаўцоў, якія ўвесь час перапыняюць вашы размовы, каб прапанаваць вам персаналізаваныя прадукты. Гэта прыкладна тая ж сітуацыя, у якой вы знаходзіцеся на Facebook, у Instagram ці на іншых платформах. У гэтай кавярні вы не пакупнік. Вы прадукт. Але мы хочам мець кавярню, дзе нам зноў дазволяць плаціць за сябе, каб мы былі кліентамі».

Не варта аддаваць свае даныя і сваю адказнасць за ўласныя рашэнні тэхналагічным кампаніям, якія выкарыстоўваюць іх для заробку на рэкламадаўцах. Чалавеку трэба вярнуць адказнасць за ўласныя дзеянні — хоць гэта і можа быць не так лёгка, як здаецца на першы погляд.

Пра лайкі

Герд Гігерэнцэр таксама звяртае ўвагу на механізм «перарывістага падмацавання», у які нас уцягваюць сацыяльныя сеткі. Мы атрымліваем лайкі, але ніколі не ведаем, калі менавіта іх атрымаем. Таму людзі працягваюць вяртацца на платформу зноў і зноў. Гэта сапраўды змяніла менталітэт і зрабіла людзей залежнымі. «Я думаю, што кожнаму важна ўсведамляць гэты механізм», — кажа навуковец. На яго думку, мы зможам зноў атрымаць кантроль над сацыяльнымі сеткамі, калі самі гэтага захочам.

 

Чытайце яшчэ:

Смартфоны ствараюць пагрозу псіхічнаму здароўю падлеткаў

Што такое ChatGPT і чаму да яго ставяцца неадназначна?

Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера