Знайсці
21.03.2023 / 21:319РусŁacБел

Глеб, Кутузаў, Румас? Хто выратуе белфутбол — разважаюць адмыслоўцы 

22 сакавіка выберуць чалавека, які ўзначаліць Беларускую федэрацыю футбола (АБФФ) — а значыць, і ўвесь айчынны футбол. Пакуль прыходзяць інсайды пра тое, што кіраўніком АБФФ стане чарговы нефутбольны чыноўнік, мы спыталі ў дасведчаных людзей, хто б мог сапраўды выратаваць гэты від спорту ў нас.

Былы футбаліст нацыянальнай зборнай Аляксандр Глеб — адзін з прэтэндэнтаў на высокія пасады ў АБФФ

«Чалавек, які сябе паважае, на гэтую пазіцыю не пойдзе»

Яраслаў Пісарэнка, блогер, вядоўца ютуб-канала «ЧестнОК»

Мне здаецца, выбары новага кіраўніка федэрацыі — выключна паказальная рэч. У беларускім футболе складваецца такая сітуацыя, што трэба змяняць шмат чаго, і вынікі за апошнія гады можна характарызаваць нават не як стагнацыю, а як падзенне.

Хто можа змяніць сітуацыю кардынальна? Думаю, што ніхто. Чытаў нядаўна меркаванне [Генадзя] Туміловіча, легенды беларускага футбола, і ён назваў прозвішча [дзяржаўнага трэнера Анатоля] Юрэвіча. Маўляў, гэта чалавек, які набліжаны да футбола, які аб’ектыўна ведае пра яго неверагодна шмат. Таксама назаву Віталя Кутузава, вялікага футбольнага функцыянера, які граў у еўрапейскіх клубах. Але мне здаецца, што пры цяперашнім становішчы хто б ні ўзначаліў федэрацыю, у яго будуць моцна звязаныя рукі, функцыянал чалавека ў гэтай ролі звужаецца да хібнасці, мы ўсе гэта бачым.

Яраслаў Пісарэнка. Фота: асабісты архіў

Калі ў снежні Лукашэнка выгаворваў [міністру спорту Сяргею] Кавальчуку, львіная доля іх размовы была прысвечаная футболу. Мне было дзіўна глядзець, як чалавек, які нібыта кіруе краінай, выгаворвае наконт футбола міністру спорту, хаця міністр не павінен гэтым займацца, за футбол павінна адказваць федэрацыя футбола. Больш за тое, ён адказваў за [мінскае] «Дынама», тлумачыў, чаму ў іх чацвёртае месца. 

Па многіх інсайдах пацвярджалася, што Кавальчук зацвярджае гульцоў, якія мусяць выступаць у беларускіх клубах. Ёсць такі дасведчаны футбаліст Аляксандр Сачыўка, які абвясціў у свой час пра тое, што выступае супраць гвалту. Яму прыйшлося запісаць вялікае пакаяльнае відэа пра тое, як правільна спяваць гімн, пра сцяг і гэтак далей, і, наколькі вядома, з гэтым відэа звязаны Кавальчук.

То-бок ён кіруе беларускім футболам, але гэта максімальна далёкі ад гэтага віду спорту чалавек. Ён можа назіраць за ім на аматарскім узроўні, але футбольны менеджмент — гэта не пра фізкультуру, хаця ў Беларусі збольшага ў ім так і працуюць: нібыта фізрук займаецца глабальнымі пытаннямі, для якіх патрэбны больш падрыхтаваны чалавек.

Брэсцкае «Дынама»

Да Уладзіміра Базанава федэрацыяй кіравалі Сяргей Румас і Сяргей Сафар’ян. Яны таксама лавілі шмат крытыкі, але ў некаторых момантах усё было зусім па-іншаму. Успамінаю, як [кіраўнік спартовага партала «Трыбуна»] Максім Беразінскі прыходзіў да Сафар’яна на дэбаты, а зараз цяжка паставіць разам словы «АБФФ» і «дэбаты».

Ясна, што Румас — чалавек нефутбольны, але ён выбудаваў сістэму, якая трымала беларускі футбол хоць на нейкім узроўні, па выніках мы можам у гэтым упэўніцца.

АБФФ — цалкам закрытая арганізацыя, якая, гледзячы па ўсім, падпарадкоўваецца міністру спорту. Магу дапусціць, што на пазіцыю кіраўніка прызначаць Аляксандра Глеба, тым больш што яго нацягвалі на падобную пазіцыю: ён наведваў розныя дзяржаўныя мерапрыемствы, тусаваўся з [цяперашнім кіраўніком АБФФ Уладзімірам] Базанавым, даваў інтэрв’ю пра беларускі футбол. Калі разважаць з пазіцыі АБФФ, напэўна, толькі гэты ход быў бы цікавым: федэрацыю футбола ўзначаліў бы, напэўна, другі найлепшы футбаліст у гісторыі Беларусі (бо першы — Валянцін Бялькевіч).

Але, хутчэй за ўсё, прызначаць проста выпадковага чалавека. Базанаў, па факце, таксама з’явіўся ніадкуль: некалі кіраваў брэсцкім «Дынама», а потым яго выклікалі ў АБФФ на пазіцыю накшталт вясельнага генерала. 

Мне здаецца, што чалавек, які сябе паважае, на гэтую пазіцыю не пойдзе. Зрабіць гэта — значыць падпісацца пад тым, што ты будзеш проста выконваць даручэнні зверху і не будзеш ні на што ўплываць, але пры гэтым будзеш выконваць публічную ролю. І калі нешта здарыцца, то ў цябе першага паляцяць камяні.

«Футбол адлюстроўвае працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, не больш і не менш»

Алег Дулуб, футбольны трэнер

У перспектыве магчыма, што на такой пазіцыі мог бы з’явіцца варты чалавек, але пакуль, на жаль, так не будзе. Хаця, з іншага боку, складана яшчэ больш нешта пагоршыць [у беларускім футболе], але можна пастарацца.

Кіраўнік АБФФ павінен мець пэўныя характарыстыкі. Перш за ўсё, ён мусіць быць футбольны чалавек, таксама ён мусіць мець харызму і сувязі ў футбольным свеце. Гэта можа быць добры гулец ці трэнер у мінулым, які разумее футбол і які, за кошт сваёй кар’еры, мае сувязі. Напэўна, яшчэ ў сучасным свеце патрэбнае веданне замежнай мовы.

Алег Дулуб. Фота: БелТА

Мне складана сказаць, ці ёсць цяпер прыкметныя асобы ў беларускай футбольнай сістэме, я іх не бачу. На мой погляд, такія характарыстыкі, як тыя, што я назваў, мае толькі адзін чалавек — [былы галкіпер беларускай зборнай] Васіль Іосіфавіч Хамутоўскі.

Ён мае і харызму, і разуменне футбола, можа стварыць каманду вакол сябе. Віталь Кутузаў? Магчыма, і ён падышоў бы: пагуляў у замежным чэмпіянаце, ведае замежную мову, але я проста менш яго ведаю. Аднак прынцып той жа: чалавек павінен быць футбольны, мець інтэлект і нейкія сувязі, валодаць мовай, ведаць, як стварыць каманду, бо адзін чалавек нічога не вырашыць.

Футбол адлюстроўвае працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, не больш і не менш. Усё ўзаемазвязанае, і нельга кантраляваць тое, што некантраляванае. Футбол нельга кантраляваць метадамі армейскай дысцыпліны, трэба разумець, што гэтая сфера — не армія. Бачыў шмат прыкладаў, калі людзі прыходзілі ў футбол і асабліва не думалі пра тое, што гэта за від спорту і якія правілы ёсць унутры яго. А ў ім, як і ў любым відзе дзейнасці, свае негалосныя правілы ёсць.

Калі б мяне цяпер прызначылі камандзірам артылерыйскага палка, самае простае, што я б зрабіў — гэта вывучыў прозвішчы і імёны камандзіраў узводаў, рот, каб лягчэй выбудоўваць адносіны паміж людзьмі па вертыкалі і каб потым стварыць гарызантальную сістэму кіравання, калі ўсе будуць задзейнічаныя. Нехта лічыць, маўляў, я сказаў, што рабіць, і ўсе гэта выконваюць, але так яно не працуе. Вертыкальная сістэма кіравання, калі ўсе без пярэчанняў слухаюцца кіраўніка, засталася ў мінулым стагоддзі. Зараз усё працуе гарызантальна: кіраўнік мусіць камунікаваць з людзьмі і ствараць каманды са спецыялістаў, якія будуць вырашаць пастаўленыя задачы.

За прыкладам далёка хадзіць не трэба: проста з’ездзіце ў паспяховыя футбольныя федэрацыі і паглядзіце, як гэта працуе, ацаніце, наколькі малы ў гэтых федэрацыях працэнт людзей, не звязаных з футболам.

«Няма ніякага значэння, будзе ў АБФФ Базанаў, Вяргейчык ці іншыя рэпрэсанты-дыверсанты беларускага футбола»

Міхаіл Залеўскі, былы генеральны дырэктар ФК БАТЭ

У беларускім спорце немагчыма нічога змяніць у лепшы бок без палітычных зменаў і ператварэння Беларусі ў дэмакратычную дзяржаву. Увесь спорт — гэта вялікая сістэма, і футбол — самы папулярны і масавы від спорту, той, які патрабуе самага вялікага капіталу для развіцця і падтрымання клубаў на еўрапейскім узроўні, для паспяховых вынікаў зборнай. Усю гэтую галіну немагчыма змяняць у лепшы бок ва ўмовах таталітарызму, калі ўсё падначаленае ідэалогіі і аднаму чалавеку.

Міхаіл Залеўскі. Фота: асабісты архіў

Цяпер увесь спорт строга падпарадкаваны дзяржаўнай вертыкалі, прычым яна складаецца літаральна з некалькіх прыступак: маўляў, ёсць міністр спорту, ён падпарадкаваў сабе ўсе спартовыя інстытуты і ён жа бяжыць з дакладам да Лукашэнкі. Такія інстытуты, як Нацыянальны алімпійскі камітэт і спартовыя федэрацыі, у Беларусі больш паходзяць на дэпартаменты Мінспорту і як грамадскія арганізацыі існуюць намінальна.

Ні ў адной федэрацыі не адбываюцца выбары кіраўніка, усіх кандыдатаў рыхтуе адміністрацыя Лукашэнкі, а ў выпадку з прыярытэтнымі для яго відамі спорту ён іх зацвярджае асабіста. Пра якое развіццё тут мы можам казаць? Наколькі б ні быў чалавек прафесійны ці кампетэнтны, у такіх умовах ён не зможа нічога палепшыць.

Спорт — гэта частка сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы. Калі ў краіне няма грошай, не можа развівацца від спорту накшталт футбола, які патрабуе значнага капіталу, бо няма рынку і бізнэсу. А па-за межамі бізнэсу дзе зарабляць грошы? У краіне для гэтага не створаныя ўмовы: няма адкрытасці і рыначных адносін, няма аўдыторыі і масавасці, бізнэс не прыходзіць у гэтую галіну. Застаецца некалькі крыніц прыбытку: грошы ад УЕФА і ФІФА, а таксама грошы насельніцтва.

У беларускім спорце і футболе няма спонсараў, ёсць толькі дзяржаўныя датацыі і мецэнацтва па загаду, а таксама выграбанне па кішэнях людзей, якое потым выдаецца за дзяржпадтрымку. Падаткі, якія плоцяць людзі, нельга называць дзяржпадтрымкай спорту, людзі проста не маюць магчымасці выбіраць, жадаюць яны гэта падтрымліваць ці не. Каб пабачыць відавочны адказ, паглядзіце, як мала людзей зараз ходзяць на стадыёны.

Таму няма ніякага значэння, будзе ў АБФФ Базанаў, Вяргейчык ці іншыя рэпрэсанты-дыверсанты беларускага футбола. Кажуць, што федэрацыю ўзначаліць былы кіраўнік Віцебскага аблвыканкама Шарснёў, зараз ён працуе ў Акадэміі навук. То-бок гэта чарговы лукашэнкаўскі чыноўнік, якому знайшлі нейкае месца.

Што да намеснікаў кіраўніка АБФФ, відавочна, што знойдзецца месца для [Аляксандра] Глеба, нездарма ж ён на працягу года ўдзельнічаў у напаўідэалагічных мерапрыемствах пад эгідай адміністрацыі Лукашэнкі. 

Прыклад таго, што робіць сістэма — гэта падзеі ў БАТЭ, блізкім мне клубе. Наколькі разумею, клуб не падпісвае кантракты ці не працягвае іх з футбалістамі, якія трапілі ў «чорны спіс» Мінспорту. Усё таму што восенню 2020 года яны зняліся ў відэароліку, у якім заклікалі спыніць гвалт у дачыненні да народа Беларусі, адпаведна сталі персонамі нон грата ў футболе. Гэта здарылася з часам, бо дзяржава пачала з іншых задач, ёй было не да футбалістаў.

Станіслаў Драгун, адзін з футбалістаў БАТЭ, якія трапілі пад рэпрэсіі. Фота: sb.by

Двое з гэтых футбалістаў пазней падпісалі праўладны ліст спартоўцаў, куды заадно засунулі вахцёраў, ліфцёраў са спартовых устаноў і нават нейкага героя фільма, якога насамрэч не існуе. Хаця гэтыя футбалісты і падпісалі праўладны ліст, гэта не выдала ім імунітэт ад пераследу. Іх звальняюць з клуба, а клуб, як я разумею, ужо ніяк не абараняе сваіх футбалістаў і гуляе па правілах, вызначаных для [кіраўніка ФК БАТЭ] Андрэя Капскага.

Апошнія сем-дзесяць гадоў у беларускім футболе адбываецца стагнацыя, але пачынаючы з 2020 года яго ўзровень проста рухнуў, а прыналежнасць да яго шкодзіць рэпутацыі. Складана казаць, колькі гэта працягнецца. У спорце, у тым ліку і ў футболе, існуюць біялагічныя цыклы. Калі ты губляеш пакаленне, ты не можаш гэтую страту хутка кампенсаваць. Гэта як з лесам: калі ты толькі пасадзіў саджанцы, трэба яшчэ пачакаць, пакуль ты атрымаеш вялікія дрэвы.

Пакуль што пытанне з санкцыямі для нашага футбола ад УЕФА да канца не вырашанае, але я ўпэўнены, што чакаць трэба адхілення. Аднак гэта другаснае, больш важна, што ў Беларусі вельмі мала добрых дзіцячых трэнераў, гэтая прафесія дэвальваваная, і ў цэлым няма сістэмы дзіцяча-юнацкага футбола, няма развітай інфраструктуры, няма масавага футбола, адпаведна мы губляем цэлае пакаленне [гульцоў]. Я не Настрадамус, каб сказаць, якія ад гэтага будуць наступствы.

Але дакладна ведаю, што ўсё зменіцца ў лепшы бок, калі мы пераможам і Беларусь стане незалежнай. У нас шмат выдатных прафесіяналаў, якія знаходзяцца і па-за межамі радзімы, і ўнутры краіны, мы здолеем усё выправіць і даць моцны штуршок развіццю футбола — чыстага, адкрытага і незалежнага ад дзяржавы. А ў тым, што беларусы перамогуць, няма сумневаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Былы кіраўнік Віцебшчыны пра вылучэнне ў старшыні АБФФ: Ніжэй за дно не апусцішся

Беларускіх футбалістаў прагоняць праз ідэалагічны таварыскі суд. Хто каго будзе судзіць?

Алена Леўчанка і Аляксандра Герасіменя абурыліся спартовым фондам, які выкарыстоўвае іх імёны. Там адказалі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
даведка/адказаць/
22.03.2023
Белорусский футбол находится в такой выгребной яме, откуда его уже не спасти при нынешней власти.
0
айфон плафоныч/адказаць/
22.03.2023
Беларускі футбол выратуе, а лепей сказаць, нанова створыць той, хто выратуе агулам беларускую нацыю. У Беларусі ў сённяшні момант замест футбольнай, існуе зборная па пісанні пакаяльных заяваў. Крытэрыі адбору адпаведныя.
0
Папраўка/адказаць/
22.03.2023
BLR, можа будзе навіной для кагосьці, але ў цывілізаваным свеце дзяржава футболам ці нейкім іншым прафесійным спортам не займаецца. І на Алімпіяды спартоўцаў таксама не дасылае і даволі часта з бюджэта не фінансуе. Таму, дарэчы, нават лукашэнкаўскі НАК фармальна ёсць "незалежным грамадскім аб'яднаннем". 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера