Знайсці
20.03.2023 / 15:351РусŁacБел

Дзе абутак таннейшы — на рынку або ў краме? Параўналі цэны

Цэны на мінскім рынку і ў крамах ГЦ параўналі журналісты Myfin і даведаліся, дзе больш выгадна купляць абутак.

Колькі каштуе абутак на рынку

Шопінг пачынаецца з ГЦ «Экспабел». З нядаўніх часоў тут працуе крыты рынак, прымерка на кардонцы стала неактуальнай. Магчыма, гэта і прыцягнула пакупнікоў: у разгар працоўнага дня на рынку шмат людзей, і кропкі з абуткам — не выключэнне. 

На першай знаходзім паўчаравікі па 65-75 рублёў за пару са скурзаму. Нізкі кошт тлумачыцца проста: на вітрыне стаяць рэшткі, выбар памераў зусім невялікі. Сапраўдная латарэя: можа, знойдзеш свой памер, а можа, і не. Побач размясціўся даражэйшы абутак за 90—110 рублёў з новага прывозу.

 

Усе фота: Кацярына Сівадзедава / myfin.by

— А як па якасці? Ці не адклейваецца хоць? — цікавіцца пакупніца ў прадаўца.

— Мы прадаём з гарантыяй, але пытанняў звычайна ніякіх няма, — адказваюць за прылаўкам. — Фірма вытворцы знаходзіцца ў Кітаі, але яна добрая. Гэта ўжо не тое старое made in China. Цяпер усе бяруць якаснае, ніхто не жадае важдацца з неліквідным таварам.

Ёсць на прылаўку і абутак з натуральнай скуры. Пары красовачнага тыпу абыдуцца ў сярэднім у 120 рублёў, паўчаравікі і чаравікі — у 140-160 рублёў. Зімовых мадэляў на прылаўках ужо няма.

 

— Усе на свой страх і рызыку прымаюць рашэнне, вывозіць зімовы абутак або пакідаць у краме. Мы ўсе ўжо перанеслі на склады, інакш тут было б не прабіцца, — тлумачыць прадавец.

У суседнім пункце актуальныя вясновыя мадэлі прадаюцца па 110 рублёў.

— З натуральнай скуры — толькі чаравікі красовачнага тыпу, — тлумачыць прадавец. — Пара такіх будзе каштаваць 120-140 рублёў. Аналагі са скурзаму прадаюцца па 75 рублёў.

 

Яшчэ ў адной кропцы цана пары — у раёне 120 рублёў. Цэннік прыкметна вышэйшы, пры тым, што абутак зроблены з экаскуры. Затое выбар мадэляў і размерная сетка багацейшая.

У наступнай краме амаль любая пара вясновага абутку з экаскуры абыдзецца ў 85 рублёў. Цэны вабяць: з прадаўцом разлічваюцца мама і дачка, абедзве сыходзяць з крамы з пакупкамі. На зімовы абутак — зніжкі, знаходзяцца пары па 50 рублёў.

 

— Людзі да нас звычайна вяртаюцца, — кажа прадавец. — У нас і кошты лаяльнейшыя, і якасць добрая. Ды і людзі з большай ахвотай прыходзяць на крыты рынак: цёпла, зручна. І нам тут падабаецца. Раней — гандлюеш на вуліцы, а абутак замярзае і становіцца дубовым. Даводзілася ўсё забіраць дадому і адаграваць у цяпле. 

Колькі каштуе абутак у гандлёвым цэнтры

Першы пункт шопінгу ў ГЦ — крама абутку нямецкага вытворцы, частка якой адшываецца ў Партугаліі. Людзей у краме адчувальна менш, чым на рынку, хоць ён і знаходзіцца непадалёк. 

Цэны заўважна вышэйшыя. Амаль увесь абутак — даражэйшы за 200 рублёў: ёсць пары і за 236, і нават за 398 рублёў. Матэрыял — натуральная скура. Бачым абутак, падобны на той, што прадаецца на рынку, — там ён каштаваў 140 рублёў, тут — 275, і гэта ўжо са зніжкай.

 

— У нас цяпер праходзіць акцыя — 20% зніжкі плюсам да зніжанай цаны. Гэта значыць, пара ў вас у руках будзе каштаваць не 275 рублёў, а прыкладна 220», — абнадзейвае прадавец. 

Дадае, што зніжка не дзейнічае на «чырвоныя цэннікі». Пасля доўгіх пошукаў мы знайшлі адзін такі: за пару абутку прасілі 184 рублі.

 

Наступны прыпынак — крама расійскага вытворцы з больш дэмакратычнымі цэнамі і сталай акцыяй «2+1». Выбар велізарны, мадэлі — любога фасону і колеру. Знаходзім экстравагантныя мадэлі з сетачкай, амаль ідэнтычныя па выглядзе, з вялікай разбежкай у кошце: адна пара каштавала 85 рублёў, а другая — 110. Дэмісезонныя чаравікі са штучнай скуры з надпісамі абыдуцца ў 99 рублёў.

 

Заўважаем тэндэнцыю: чым стандартнейшы абутак, тым менш за яго просяць. На зніжках знайшлі абутак і за 69, і нават за 49 рублёў — праўда, засталася адна пара ў адным колеры. Большая частка абутку зробленая са штучнай скуры, але ёсць і з натуральнай. Яе на зніжках значна менш, асноўны цэнавы дыяпазон такога абутку — ад 100 рублёў і вышэй. Калі ёсць час і цярпенне шукаць сярод каробак, магчыма, пашанцуе і вы адшукаеце скураную пару за 50-60 рублёў. Калі верыць сайту крамы, у наяўнасці такія мадэлі яшчэ ёсць.

 

Колькі каштуе абутак беларускай вытворчасці

Мы зазірнулі адразу ў дзве крамы беларускага абутку. У першай амаль усе пазіцыі на прылаўках зробленыя з натуральнай скуры. Гэта, вядома, адбіваецца і на цэнах. Цана пары вагаецца ў раёне 200—220 рублёў. На ўвесь вясновы абутак прадавец дае зніжку ў 10% — гэта значыць, у выніку вы аддасце ля касы каля 180-200 рублёў.

 

Акцыя не дзейнічае на зніжкавыя мадэлі з мінулых калекцый. Мы знайшлі чаравікі за 157, 162 і за 190 рублёў (усе — з натуральнай скуры), а яшчэ спартовыя чаравікі са святлоадбівальнымі ўстаўкамі за 149 рублёў.

 

У суседняй краме выбар мадэляў большы і розніца ў цэнах бачная лепш. Мы знайшлі вырабы з натуральнай скуры за 152, 149 і нават за 119 рублёў. У асноўным гэта абутак на зніжцы, і вам давядзецца пастарацца, каб знайсці свой памер (у наяўнасці далёка не ўсе).

 

Цэннік на абутак са штучнай скуры — у раёне 80 рублёў, калі браць мадэлі восені 2022 года. У наяўнасці амаль усе памеры, колер і выгляд мадэляў — на любы густ. Знайшлася рэшткавая пара за 49 рублёў.

 

Вынікі: у крамах замежных вытворцаў за пару абутку з натуральнай скуры просяць ад 200 рублёў, у беларускіх крамах — ад 120, часцей дыяпазон 150-160 рублёў. Танней за ўсё купляць у расійскім абутковым гіпермаркеце: пару абутку з натуральнай скуры можна знайсці за 100 рублёў.

На рынку абутак са штучнай скуры каштуе ад 85 рублёў, з натуральнай — ад 140 рублёў. Красовачныя чаравікі са штучнай скуры абыдуцца мінімум у 75 рублёў, цэны на такую ​​ж мадэль з натуральнай скуры — ад 120 рублёў. Вялікая частка прадаўцоў закупляецца ў адным месцы і набывае самы хадавы тавар: абутак класічнага стылю, стандартных белага, бэжавага, шэрага і чорнага колераў, таму выбар не самы вялікі. Калі хочацца чагосьці незвычайнага ці па вельмі даступнай цане, адпраўляйцеся ў краму і ў абутковы гіпермаркет.

Чытайце таксама:

Мода ў эпоху нявызначанасці. Што мы будзем насіць гэтай вясной і чаму

Дзе даражэй — у Zara Home ці ў яе беларускім аналагу

Па што цяпер ездзяць на закупы ў Польшчу і Літву і колькі трэба патраціць, каб дарога акупілася

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
11
0
мы мяне заблыталі/адказаць/
20.03.2023
Ррэд., таннейшы ці больш танны? як правільна гаварыць?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930