Больш за 20 рыбакоў у Полацку ледзь не засталіся на крызе на Дзвіне
У Полацку 22 рыбакі ледзь не засталіся на крызе на рацэ Дзвіна. На дапамогу ім прыйшлі ратавальнікі, у якіх у той момант былі раптоўныя вучэнні, паведамляе Віцебскае абласное ўпраўленне МНС.
Фота МНС
Інцыдэнт адбыўся днём 15 сакавіка ў акваторыі Дзвіны ў райцэнтры. Крыга з рыбакамі раптам адышла ад берага. Вярнуцца на сушу ім дапамаглі работнікі МНС, якія ў гэты час адпрацоўвалі вучэбную ўводную па ратаванні чалавека, які тоне.
Спачатку мужчынам прапанавалі самастойна сысці з лёду, аднак калі яны паспрабавалі гэта зрабіць, лёд стаў абломвацца. Пры дапамозе ратавальнай дошкі работнікі ведамства навялі пераправу, рыбакі апынуліся на беразе.
У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.
Ратавальнікі нагадваюць: пры выхадзе на лёд на чалавеку павінна быць спецыяльная камізэлька. Падчас раставання ледзянога покрыва лепш адмовіцца ад рыбалкі на лёдзе.





