Знайсці
13.03.2023 / 13:3114РусŁacБел

«У мяне было 15 хвілін, каб сабраць рэчы». Ксёндз з Баранавічаў распавёў, як пракаціў на капоце сілавіка

Ксёндз Дзмітрый Прыступа, пэўна, адзіны каталіцкі святар, на якога завялі крымінальную справу пасля пачатку пратэстаў 2020 года. Ён расказаў «Свабодзе», што адбылося. Цяпер Дзмітрый вучыць дзяцей у Польшчы і падарожнічае са сваім сабакам Бро.

«Ён пракаціўся крыху па капоце»

Ксяндзу Дзьмітрыю 31 год, нарадзіўся ў Баранавічах. Захапляўся боксам, быў, зь ягоных словаў, непаслухмяным дзіцём, вёў «дваровае жыцьцё». Амаль адразу пасьля школы паступіў у манаскі ордэн братоў-сэрцанаў каля Кракава. Пражыў там 10 гадоў, вярнуўся ў Беларусь, дзе Прыступу высьвяцілі на сьвятара. Служыў у касьцёле ў горадзе Ляхавічы і вёсцы Сваятычы Берасьцейскай вобласьці, але толькі 1 год і 3 месяцы.

11 жніўня 2020 году здарыўся выпадак, які моцна зьмяніў жыцьцё ксяндза Дзьмітрыя. Упершыню з таго часу ён публічна расказвае сваю вэрсію таго, што адбылося ў гэты дзень.

Са словаў сьвятара, усё адбылося каля дзявятай гадзіны вечара. Ён ехаў на машыне сваёй знаёмай па Баранавічах. Свой аўтамабіль Дзьмітры 9 жніўня даў калегам-сьвятарам, але іх затрымалі падчас пратэстаў і пасадзілі за краты. Дзе знаходзіўся ягоны аўтамабіль, ксёндз Прыступа ня ведаў. Па дарозе дадому ён вырашыў заехаць у цэнтар гораду, каб паглядзець, што там адбываецца.

«Я, як сацыяльны чалавек, цікавіўся тымі справамі. Сьвятар — гэта публічная асоба і павінен арыентавацца, што адбываецца ў грамадзтве», — тлумачыць суразмоўца.

Ксёндз прайшоўся па цэнтры Баранавічаў, людзей там амаль не было. Калі вяртаўся да машыны, то ўбачыў, што па закрытай у тыя дні вуліцы з аднабаковым рухам у сустрэчны бок едзе аўтобус ПАЗ.

«Раптоўна з гэтага «ПАЗіка» выбягаюць невядомыя людзі ў чорным, у рыштунку, шаломах — і пачынаюць гнаць людзей», — успамінае сьвятар.

Ён хутка пабег у машыну, сеў за стырно і паехаў у бок Дому афіцэраў, каб у двары перачакаць «хапун».

«Невядома было, што адбудзецца. Я ведаў, што і машыны білі, і людзей выцягвалі», — кажа ксёндз Дзьмітры.

Калі ён заяжджаў у двор, то ўбачыў, як перад ім бягуць людзі, а з-за рога Дома афіцэраў выскачылі «людзі ў чорным» з дручкамі ў руках і паказвалі яму, каб спыніўся.

«Але ж вядома, што я ня буду слухацца на дарозе, калі гэта не супрацоўнікі ДАІ. Я каціўся з хуткасьцю 5-10 кілямэтраў на гадзіну. Тады я троху прытармазіў, уключыў дальняе сьвятло, каб разгледзець, хто гэта такія, але я не разабраўся, бо людзі ў чорным, з дручкамі. Ніякіх пазнак, што гэта міліцыя. Невядома, што адбываецца», — тлумачыць сьвятар.

У гэты момант ён пачуў, што нехта ўдарыў па машыне.

«Тады я прыняў рашэньне, што трэба ўцякаць, бо напалі невядомыя. Я перажываў таксама за сваё жыцьцё. Трапіў у паварот у 90 градусаў і заўважыў, што перада мой стаіць адзін з гэтых людзей. Ён ня ведаў, у які бок бегчы, а я ехаў проста. Я зьбіў яго. Ён пракаціўся крыху па капоце, хуткасьць была невялікая. Потым ён устаў і пайшоў», — успамінае сьвятар.

Ён тлумачыць, што ў момант сутыкненьня сачыў у люстэрка за людзьмі, якія засталіся збоку ад машыны.

«Калі я адвярнуў галаву, ён быў у мяне на капоце. Пачаліся крыкі. Я націснуў на газ і зьехаў. Калі я ўцякаў зь месца, на відэа зь відэарэгістратара відаць, што іншыя падобнага кшталту людзі размахвалі дручкамі і хацелі ці ўдарыць па машыне, ці нешта яшчэ», — расказвае ксёндз Дзьмітры.

Ужо пазьней ён даведаўся, што зьбіў 42-гадовага вайскоўца з баранавіцкай часці, якая займаецца перавозкай зьняволеных. Яго завуць Віталь Харошка, старшы прапаршчык.

«Я тады ім сказаў, што альбо буду жыць у вас на мяжы, або ў буфэрнай зоне»

Наступны тыдзень ксёндз Прыступа спакойна служыў у касьцёле ў Ляхавічах. Ён вырашыў, што нічога страшнага не здарылася. А 17 жніўня даведаўся, што яго шукаюць.

«Я проста сабраўся і выехаў. Я меў 15 хвілін часу, каб сабраць рэчы», — успамінае суразмоўца.

Прыступа расказвае, што ўзяў толькі кампутарную тэхніку і валізку рэчаў на першы тыдзень. У сьвятара было шчаня нямецкай аўчаркі зь мянушкай Бро. У момант ад’езду гаспадар нават ня меў часу, каб адкрыць вальер і разьвітацца са сваім гадаванцам. Пазьней яму прывезьлі сабаку зь Беларусі, цяпер яны разам. Дзень сустрэчы з Бро сьвятар называе найпрыгажэйшым за апошнія тры гады.

У ксяндза Дзьмітрыя быў сталы від на жыхарства ў Польшчы. Аднак тады польскія памежнікі не пускалі людзей праз каранавірусныя абмежаваньні. Ён паехаў празь Літву. Але і там зь літоўскага боку яму доўга не дазвалялі праезд.

«Я тады ім сказаў, што альбо я буду жыць у вас на мяжы, або ў буфэрнай зоне, але ў Беларусь ужо не вярнуся. Я паказаў дакумэнты, што я сьвятар. Урэшце дазволілі праехаць з умовай, што я буду ехаць адразу ў Польшчу, без прыпынку ў Літве», — расказвае суразмоўца.

Потым ён даведаўся, што празь 10 хвілін пасьля таго, як ён перасек мяжу, сілавікі ў Беларусі пра гэта ўжо ведалі.

З Польшчы ксёндз напісаў запыт у Сьледчы камітэт Беларусі. Яму даслалі адказ, зь якога вынікала, што на Прыступу завялі крымінальную справу за «наўмысны гвалт над супрацоўнікам унутраных справаў» (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу) і абвясьцілі ў вышук. Паводле матэрыялаў справы, сьвятар нібыта наўмысна наехаў на вайскоўца, а той атрымаў «удар ніжняй траціны правага сьцягна і фізычны боль». Ад сваіх крыніц ксёндз Прыступа ведае, што вайсковец, які праходзіць пацярпелым у справе, сур’ёзна не пацярпеў.

Са словаў суразмоўцы, каталіцкае кіраўніцтва ў Беларусі ніяк не адрэагавала на ад’езд сьвятара.

«Мяне як ня стала ў беларускім касьцёле, проста як бы не было чалавека. Нуль рэакцый. Але сьвятары ў Беларусі паклапаціліся, каб зьявіўся адвакат у маёй справе. Шмат хто дапамагаў фінансава, каб я мог тут стабілізавацца», — кажа ксёндз Дзьмітры.

З другога боку, у Польшчы яго падтрымалі браты па манаскім ордэне, далі жытло, забясьпечылі неабходным.

«Сказалі, што добра, што я зьехаў. Ніхто мяне не асуджаў і не караў за гэта. Я быў на размовах з галоўным сьвятаром свайго манаскага ордэну. Ён падышоў па-бацькоўску. Ён выслухаў ня толькі мой бок, але ведаў і ўсе прэтэнзіі з боку сьледчых Беларусі», — расказвае сьвятар.

Ён тлумачыць, што пасьля ад’езду зь Беларусі афіцыйна ўжо ня мусіць падпарадкоўвацца беларускім касьцельным уладам, а толькі біскупу ў Лодзі.

«Чытаю Караткевіча, Быкава, нават Сьвятое Пісаньне чытаю па-беларуску»

Дзе жыць і чым займацца ў Польшчы беларускаму сьвятару, вырашаў галоўны ксёндз манаскага ордэну. Спачатку ён адправіў беларуса на адпачынак у Закапанэ. Потым Дзьмітрыя зь ягонай згоды накіравалі служыць у горад Бэлхатаў каля Лодзі, а пазьней ён перавёўся ў Лодзь. Цяпер выкладае рэлігію ў сярэдняй школе, адпраўляе богаслужэньні на беларускай мове, займаецца справамі парафіі, адпявае памерлых, вянчае шлюбы. Дзень звычайна заняты з 7-й гадзіны да 21-й.

«Сьвятар, які праходзіць у крымінальнай справе ў Беларусі, вучыць рэлігіі і маральнаму жыцьцю ў Польшчы», — усьміхаецца ксёндз Дзьмітры.

Наконт сваёй фінансавай сытуацыі, ксёндз кажа, што ён залежыць выключна ад ахвяраваньняў. У ягонай парафіі досыць складаная сытуацыя, бо шмат людзей «нізкага сацыяльнага статусу», да таго ж у Лодзі няшмат вернікаў.

«Часам трэба зьвязваць канцы з канцамі, каб пратрымацца, але на хлеб з маслам хапае. Я таксама даглядаю, кармлю свайго сабаку», — кажа сьвятар.

Летась ён быў у Нарвэгіі ў адпачынку. Калі працаваў у Беларусі, мог дазволіць сабе толькі адпачынак у Польшчы. Ксёндз Дзьмітры заўважае, што ён ня мае складанасьцяў у Польшчы як сьвятар і як беларус, хаця паўсюль ёсьць і добрае, і кепскае.

«Я шчасьлівы сьвятар. Больш за ўсё мяне турбуе магчымасьць прапаведаваць Божае слова там, дзе я ёсьць. У Польшчы я, як сьвятар і як грамадзянін, маю свабоду слова. Я тут адчуваю сябе ў бясьпецы. Я магу раіць людзям, як быць шчасьлівымі. Толькі дзякуючы таму, што я вернік, я яшчэ застаюся сьвятаром, хаця былі цяжкія сытуацыі», — прызнаецца ён.

Нядаўна ў Лодзі пачалі праходзіць рэгулярныя службы на беларускай мове. На іх прыходзіць у сярэднім 20-30 чалавек. Аднак, нягледзячы на невялікі попыт, душпастар мяркуе, што працягваць гэтую справу варта.

«Гэта неабыякавыя маладыя людзі, якія клапоцяцца пра сваю Бацькаўшчыну. Большасьць зь іх размаўляюць стала па-беларуску. У нас на Вялікдзень будзе сьвятая імша адразу на польскай і беларускай мовах. Магчыма, гэта будзе першая такая служба ў Польшчы. Цікава, што ініцыятыва прыйшла ад палякаў», — расказвае ён.

Амаль усё дарослае жыцьцё ксёндз Дзьмітры правёў у Польшчы, вучыўся па-польску і працуе пераважна таксама на польскай мове, аднак падчас інтэрвію добра гаворыць па-беларуску.

«Чытаю Караткевіча, Быкава, нават Сьвятое Пісаньне чытаю па-беларуску, гляджу навіны, размаўляю зь людзьмі. Заўсёды ў маёй галаве ёсьць словы, што калі мы забудзем сваю мову, то нашчадкі нас асудзяць», — тлумачыць ён, як удалося захаваць родную мову ў іншай краіне.

Ён марыць аднойчы вярнуцца ў Беларусь, хоць пакуль лічыць гэта немагчымым. Ці прыедзе ён некалі на радзіму толькі ў госьці або жыць пастаянна, сьвятар цяпер ня ведае. Кажа, што гэтае пытаньне задае сабе штодня.

«Магчыма, я буду ў Польшчы, або ў Латвіі, або ў Афрыцы. Божае слова прапаведаваць можна паўсюль. А дзе гэта будзе, няхай Бог гэтым пакіруе», — кажа ён.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Казік/адказаць/
14.03.2023
666, калі трохі ўяўляць, колькі вёсак трэба аб'яжджаць ксяндзу, каб паслужыць, колькі пахаванняў і споведзяў хворым і паміраючым, то ня будзе неразумных выказванняў пра машыну
1
дочка Satan'а/адказаць/
14.03.2023
пацаучэг красавец вашчэ

усих кидае

живе у свае удавольсьвие
0
Бясплатна/адказаць/
15.03.2023
Бесплатна пракаціў мужчыну на капоце, добры ўчынак зрабіў
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера