Знайсці
13.03.2023 / 20:212РусŁacБел

Склалі для вас вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця

Спатрэбіцца і прафесіяналам, і звычайным карыстальнікам. Тут ёсць нейрасеткі, якія тлумачаць простай мовай навуковыя артыкулы, перакладаюць відэа з розных моў і дапамагаюць выбраць фільмы.

Фота: midjourney

2022 год і пачатак 2023-га можна назваць часам сапраўднага росквіту штучнага інтэлекту — амаль штодня з'яўляюцца навіны аб стварэнні новых нейрасетак, якія здольны значна спрасціць жыццё чалавека.

Такія рэчы, як, напрыклад, ChatGPT і Midjourney, ужо становяцца часткай жыцця многіх людзей. Аднак існуюць і іншыя вартыя ўвагі праграмы.

Мы вырашылі вывучыць магчымасці многіх нядаўна створаных нейрасетак і скласці спіс карысных інструментаў, якія могуць дапамагчы вам вырашаць пэўныя задачы і дасягаць мэт у розных сферах жыцця.

Ніжэй спіс, падзелены па катэгорыях (калі спасылкі не працуюць, выкарыстоўвайце VPN).

Адукацыя

Consensus — гэта пошукавік, які пры дапамозе штучнага інтэлекту імгненна атрымлівае інфармацыю з сотняў мільёнаў навуковых артыкулаў па ключавых словах. Нейрасетка пры гэтым дае кароткае апісанне да кожнага выніку пошуку. Працуе толькі на англійскай мове.

Explainpaper — гэта праграма, якая можа хутка, сцісла і даступна растлумачыць любы навуковы артыкул. Для пачатку працы неабходна перайсці па спасылцы і націснуць на «upload a paper», што дазволіць загрузіць тэкставыя файлы з вашых прылад і спрасціць іх. Лепш за ўсё працуе з англійскімі артыкуламі, але разумее і рускую мову.

Paperpal — гэта нейрасетка, якая дапаможа напісаць акадэмічныя лісты, курсавыя і дыпломныя працы. Яна аналізуе напісаны вамі тэкст, выпраўляе памылкі і прапануе перафразаваць складаныя фразы ці фармулёўкі. Інструмент даступны для працы ў браўзеры альбо ў якасці пашырэння для Microsoft Word. Працуе ў тым ліку і на рускай мове (беларускай версіі, на жаль, няма).

GPTZero — гэта сэрвіс, які здольны адсачыць след штучнага інтэлекту ў любым напісаным тэксце для выяўлення падману. Яго можна выкарыстоўваць для праверкі эсэ і іншых работ вучняў альбо студэнтаў. Працуе толькі з англамоўнымі тэкстамі.

Таксама існуюць шулерскія праграмы, якія здольныя замест вас імгненна рашаць матэматычныя і іншага роду задачы:

  • Quizard (версія для Android, версія для iOS) здольны рашаць школьныя і ўніверсітэцкія тэсты з варыянтамі адказаў. Для гэтага дастаткова сфатаграфаваць заданне і мець падключаны інтэрнэт.
  • GptGO — тое ж самае, толькі для інтэрнэт-заданняў і без неабходнасці што-небудзь фатаграфаваць. Працуе ў якасці пашырэння для браўзера Google Chrome і можа быць выкліканы падчас анлайн-тэсту.
  • MathGPT спецыялізуецца выключна на матэматычных задачах рознага ўзроўню. Для гэтага неабходна проста іх увесці і ўсё адразу ж будзе гатова. Працуе на англійскай мове.

Ілюстрацыя на тэму «нейрасеткі для адукацыі». Фота: midjourney

Творчасць

Аisoft — гэта праграма, якая здольная паляпшаць якасць вашых фатаграфій і карцінак (у бясплатнай версіі дэталізацыю можна зрабіць у 2 ці ў 4 разы выразней за арыгінал, а ў платнай — у 6 і ў 8 разоў). 

Upscayl — такая ж нейрасетка для паляпшэння якасці фатаграфій і карцінак, але пры гэтым яна больш прасунутая і цалкам бясплатная. Аднак яна даступная для выкарыстання толькі на камп'ютарах (падтрымлівае сістэмы Windows, MacOS і Linux).

CleanUp — гэта інструмент для хуткага і прафесійнага выдалення любога аб'екта або чалавека з фатаграфій. Адзіны мінус — бясплатная версія пагаршае якасць фота пасля апрацоўкі, але нішто не замінае скарыстацца вышэйзгаданымі спосабамі паляпшэння дэталізацыі.

Beautiful.AI — гэта штучны інтэлект, які значна спрашчае стварэнне розных прэзентацый. Па сутнасці ён з'яўляецца асабістым асістэнтам, які адгадвае вашыя пажаданні і стварае патрэбны дызайн, анімацыю і пераходы для слайдаў. Платная версія каштуе 12 даляраў у месяц.

Vizkom — гэта нейрасетка, якая генеруе мноства варыянтаў заканчэння вашага малюнка. Вам толькі трэба намаляваць там любы эскіз і націснуць «Generate». Увесь інтэрфейс праграмы на англійскай мове.

Maroofy — гэта цалкам бясплатны сэрвіс, які пры дапамозе штучнага інтэлекту і на аснове вашай любімай музыкі можа для вас стварыць ідэальны плэйліст. Дастаткова толькі пазначыць ваш любімы трэк, і нейрасетка адразу ж знойдзе ўсё максімальна падобнае па атмасферы, стылістыцы і гучанні. Бібліятэка сэрвісу налічвае 120 млн розных кампазіцый.

Fadr — яшчэ адна бясплатная нейрасетка, якая зможа падзяліць любы трэк на некалькі дарожак па вакале і па музычных інструментах. Гэта дазволіць цалкам разабраць арыгінал кампазіцыі і перасабраць яго ў што заўгодна.

А ў якасці бонусу: нейрасеткі Movie Deep Search, GiftasticAI і ChefGPT. Усе працуюць выключна на англійскай мове.

  • Першая дапаможа вам хутка прыдумаць падарунак для знаёмага ці блізкага чалавека.
  • Другая здольная па тэкставым запыце (нават па драбнюткіх дэталях) падабраць для вас фільмы.
  • Трэцяя можа прапанаваць рэцэпты страў з прадуктаў, якія ў гэты момант знаходзяцца ў вашым халадзільніку.

Ілюстрацыя на тэму «нейрасеткі для творчасці». Фота: midjourney

Праца

KickResume — гэта канструктар рэзюмэ для розных выпадкаў жыцця, у які ўкаранёны штучны інтэлект. Ён дапаможа хутка стварыць прывабнае, якаснае і прафесійнае рэзюмэ, толькі задаўшы вам некалькі пытанняў. У бясплатнай версіі можна скласці не больш за 5 рэзюмэ.

Sheet+ — гэта бясплатны сэрвіс, які пры дапамозе ChatGPT і тэкставых запытаў можа рабіць табліцы для вас у Excel і ў Google Sheets. Апроч гэтага, ён выпраўляе ў іх памылкі, дае тлумачэнні па сваёй працы і можа разумець рускую мову пры ўводзе інфармацыі.

OnlineOCR — гэта разумны канвертар, які можа здабываць тэкст з фатаграфій і ператвараць карцінкі разам з файламі PDF у фармат дакументаў Word ці Excel. Ён цалкам бясплатны, а таксама падтрымлівае беларускую мову.

Adobe — гэта бясплатны інструмент, які прыбірае ўсе фонавыя шумы з галасавых запісаў, што робіць гук больш якасным і насычаным. Нібыта, напрыклад, вы запісвалі свой голас у студыі, а не праз навушнікі.

NeuroDub — гэта нейрасетка, якая дазваляе натуральна перакласці цэлае відэа з адной мовы на любую іншую з 70 прапанаваных (беларускай, на жаль, няма). Працэс доўжыцца хвіліны, а ў бясплатнай версіі можна перакласці не больш за тры відэа.

YouTube Summary — гэта спецыяльнае пашырэнне для браўзера Google Chrome, якое дазваляе атрымліваць кароткі тэкставы змест з любога відэа на платформе YouTube. Для працы яно выкарыстоўвае ChatGPT, а таксама разумее мноства моў.

Спецыяльныя нейрасеткі для айцішнікаў:

  • Codesnippets — генерацыя і аналіз праграмных кодаў пры дапамозе тэкставых запытаў і тэхналогіі ChatGPT-3. Ёсць бясплатны 7-дзённы перыяд.
  • Adrenaline — праверка ўласнага праграмнага кода на прадмет памылак і недакладнасцяў. Можа працаваць у браўзеры альбо ў якасці дадатку (інструкцыя на англійскай мове па ўсталяванні).
  • Interview Warmup — распрацаваная кампаніяй Google імітацыя прафесійнага інтэрв'ю з выкарыстаннем мноства тэхнічных пытанняў. Разумее толькі англійскую мову.

Ілюстрацыя на тэму «нейрасеткі для працы». Фота: midjourney

Чытайце таксама:

Element / Matrix: што за месенджар, якім карыстаюцца Бундэсвер і фіны

Штучны інтэлект: як Google плануе перахапіць лідарства ў гэтай галіне 

Свет стаіць на парозе распаўсюджвання 6G-сувязі. Што яна прынясе?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
нейрасветка/адказаць/
13.03.2023
муж прапаноўваў наступным разам абіраць ката. Ваську. але кот - гэта таксама банальна. каты-мэры і іншыя кіраўнікі ўжо былі
прапаную наступным разам абіраць нейрасетку - тэксты генеруе лепш за стос прэс-сакратароў і есці асоба не просіць
0
Дегенейрон/адказаць/
13.03.2023
А каб грошы шукалi, такiх няма?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера