Знайсці
09.03.2023 / 18:02РусŁacБел

Мінула 4 дні, як КДБ забраў выдаўца Змітра Коласа. Звязана са справай пра Мачулішчы?

Інфармацыя, што Зміцер Колас затрыманы, з'явілася 4 сакавіка. Ці выстаўленае яму абвінавачванне, невядома. Раней затрыманне звязвалі з выдавецкай дзейнасцю, пасля з'явіліся меркаванні пра сувязь з падзеямі вакол дыверсіі ў Мачулішчах.

Зміцер Колас. Фота: pushlib.org.by

Знаёмыя Змітра Коласа расказалі «Нашай Ніве», што выдавец на свабоду яшчэ не выйшаў. 4 сакавіка ў яго кватэры адбыўся ператрус, а пасля яго заканчэння гаспадара забралі. Згодна з заканадаўствам, абвінавачванне павінна быць выстаўленае на працягу трох дзён пасля затрымання. Невядома, ці трапіў да арыштаванага адвакат. Паводле заканадаўства, абвінавачванне выстаўляецца ў прысутнасці абаронцы ці законнага прадстаўніка зняволенага.

5 сакавіка нехта з супрацоўнікаў выдавецтва «Зміцер Колас» у сацыяльных сетках паведаміў аб прыпыненні дзейнасці, а крыніца з кніжных колаў пацвердзіла, што Колас і яго друкар — у Камітэце дзяржаўнай бяспекі.

З 5 сакавіка звестак пра лёс Змітра Коласа няма. Яго затрыманне не было пацверджанае праўладнымі медыя ці тэлеграм-каналамі сілавікоў.

Невядома, што Коласу інкрымінуецца. Магчыма, яго забралі, бо друкар з ягонага выдавецтва быў затрыманы па справе аб дыверсіі супраць расійскага самалёта-наводчыка ў Мачулішчах. Прозвішча друкара — Алег Сычоў. Улады заявілі, што грамадзянін Украіны Мікалай Швец, якога лукашысты абвінавацілі ў датычнасці да дыверсіі, быў затрыманы ў доме Алега Сычова ў вёсцы Чарцяж Бараўлянскага сельсавета.

Пакуль гэтай інфармацыі не было, знаёмыя Коласа меркавалі, што нагодай для затрымання мог стаць зборнік «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939—1941 гадоў у дакументах беларускіх архіваў». Ён зʼявіўся ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў 17 студзеня 2023 года па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска. Яго прызнанне экстрэмісцкім — частка шырокай кампаніі лукашыстаў па перапісванні гісторыі.

66-гадовы Зміцер Колас, сын літаратурнага крытыка Георгія Коласа і брат кінарэжысёра і педагога Уладзіміра Коласа, зрабіў сабе імя яшчэ ў 1980-я перакладамі з французскай мовы на беларускую. З 1990-х Колас займаецца выдавецкай справай.

Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі ў найлепшых беларускіх перакладах.

Шырокае прызнанне атрымала кніжная серыя выдавецтва «Паэты планеты». У цыкле выйшла 100 вершаваных зборнікаў найвыдатнейшых паэтаў свету — у прыватнасці, Гіёма Апалінэра, Уільяма Блэйка, Генрыха Гайнэ, Георга Гайма ды іншых, — у перакладзе на беларускую мову.

Акурат 28 лютага прайшла прэзентацыя 100-га выпуску серыі.

Чытайце таксама: 
Выдавецтва «Зміцер Колас» часова прыпыняе сваю дзейнасць. Ёсць звесткі, што Зміцер Колас — у КДБ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
39
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930