Знайсці
03.03.2023 / 20:281РусŁacБел

«З такім жа поспехам можна было б судзіць дзясяткі тысяч беларусаў, якія гадамі ездзілі на закупы ў Польшчу». Былы адвакат Бяляцкага пра прысуд

«Я нядаўна чарговы раз чуў ад кагосьці, што «ў сістэме яшчэ застаецца шмат добрых людзей». Так і ёсць. Вось вам чарговы доказ — дзясятка праваабаронцу за дапамогу пацярпелым». Адвакат Дзмітрый Лаеўскі, які абараняў Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе, напісаў вялікі допіс з нагоды сённяшняга прысуду нобелеўскаму лаўрэату.

Фота: БелТА

Дзмітрый Лаеўскі піша, што Бяляцкага асудзілі па сутнасці за тое ж, за што Нобелеўскі камітэт прысудзіў яму прэмію міру, — за дапамогу пацярпелым людзям.

«Мудрагелістыя метафары тыпу «прабіта новае дно» недарэчныя. Мы за апошнія тры гады ўбачылі такое, што ні ў страшным сне. Уключаючы шакавальныя прысуды пры адсутнасці злачынства. 

Хоць гэтым разам для пераследу вядомага праваабаронцы змайстравалі гісторыю, якая нават па беларускіх законах і паданнях аб законнасці не цягне на злачынства. Нібыта кантрабанда грошай у Беларусь. Аднак не ўстаноўлена фактаў перавозкі грошай праз мяжу звыш нормы, ды і наогул фактаў перавозкі грошай абвінавачанымі. Значыць, няма парушэння мытнага закона.

З такім жа поспехам за кантрабанду можна было б судзіць дзясяткі тысяч беларусаў, якія гадамі ездзілі на закупы ў Польшчу і прывозілі адтуль будматэрыялы і бытавую тэхніку ў рамках дапушчальнай нормы ўвозу. Гэта ж трызненне, скажаце вы, і маеце рацыю, вядома.

Але з чаго вы ўзялі, што ўсё будзе сумленна? Калі сумленна, то гэтага ўсяго наогул не павінна было б быць.

Тыя, хто мяркуе, што гэты прысуд — праблема самога Алеся Бяляцкага, якому цяпер сядзець у калоніі, а «простых грамадзян», якія «ў палітыку не лезуць», гэта не тычыцца, мякка кажучы, памыляюцца.

Што гэты прысуд значыць для кожнага з жыхароў Беларусі? 

Ён выразна паказвае шанцы на справядлівасць. І дэманструе ступень безабароннасці асобы. Бо калі можна прыдумаць гісторыю і па ёй з дапамогай крымінальнага працэсу адправіць у турму лаўрэата Нобелеўскай прэміі, то гэта значыць, што падобным чынам могуць пазбавіць волі любога. Невінаватасць і недасканаласць злачынных дзеянняў тады ні для кога не з'яўляецца гарантыяй бяспекі, захавання свабоды, бізнэсу, працы, маёмасці. Ніякімі прававымі сродкамі не зможа абараніцца ніхто: ні ўладальнік кампаніі, ні рабочы завода. І гэта, безумоўна, будзе ствараць напружанасць у грамадстве. 

Я нядаўна чарговы раз чуў ад кагосьці, што «ў сістэме яшчэ застаецца шмат добрых людзей». Так і ёсць. Вось вам чарговы доказ — дзясятка праваабаронцу за дапамогу пацярпелым. 

Але. Сённяшні факт асуджэння і турэмнага зняволення такога чалавека, як Бяляцкі, за такую гісторыю, як у Бяляцкага, мае і іншы аспект. 

Чым спецыфічная сітуацыя?

Гэта нават не ліквідацыя палітычнага канкурэнта (як у выпадку з Бабарыкам або Ціханоўскім), таму што Бяляцкі не быў палітычным канкурэнтам і наогул не прэтэндаваў на якія-небудзь пасады, гэта пакаранне за дапамогу людзям.

Асуджэнне да пазбаўлення волі праваабаронцы, які атрымаў некалькі месяцаў таму Нобелеўскую прэмію міру, — гэта цалкам ірацыянальны пераслед. Ён для ўлад стварае значна больш нязручнасцяў, чым карысці. І калі гэта здарылася, то можа сведчыць пра тое, што сістэма разбалансаваная зусім. А з пункту гледжання фізікі, перспектыва такіх сістэм вядомая. Гэта адказ на пытанне аб непазбежнасці змен», — напісаў адвакат.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
5
Сумна
20
Абуральна
25
0
Вита/адказаць/
04.03.2023
Верно подмечено автором о «хороших чиновниках в хунте». В людоедской системе либо людоеды, либо жертвы, но правда восторжествует а номенклатура ответит за соучастие люстрацией либо сроками.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930