Знайсці
01.03.2023 / 20:42РусŁacБел

Як айцішніка Віктара Куўшынава сукамернікі адбівалі ад карцара

У нядаўнім інтэрв'ю «Ток» блогер Аляксандр Кабанаў расказаў, як на Валадарцы сукамернікі заступіліся за Віктара Куўшынава, былога дырэктара па прадукце PandaDoc, каб таго не адпраўлялі ў карцар. Віктар згадаў працяг гэтай гісторыі.

Віктар Куўшынаў. Фота: старонка ў фэйсбуку

Віктар Куўшынаў знаходзіўся ў няволі амаль год — з 2 верасня 2020 года па жнівень 2021-га.

У нейкі час ён трапіў у камеру да Кабанава. Блогер згадвае, як яны адстойвалі Віктара, каб таго не адправілі ў карцар.

«Мы напісалі заяву ўсёй камерай, што складзены акт — гэта поўнае глупства, — згадваў Кабанаў. — Думалі, што гэта немагчыма, нічога з гэтага не будзе. А ў выніку нават акт не разглядзелі».

Віктар Куўшынаў расказаў, што тады толькі вярнуўся пасля сямі сутак з карцара ў камеру, як атрымаў новую вымову.

«Ведаў, што за мной сочаць (гэтак жа, як сачылі, пакуль я быў у карцары), каб зноў павесіць надуманае парушэнне і зноў адправіць у карцар.

Так і адбылося: адразу ж на наступную раніцу напісалі на мяне заяву: маўляў, спаў пасля пад'ёму, хоць такога нават і блізка не было. І ўсе гэта, натуральна, бачылі. Хлопцы з камеры вырашылі мне дапамагчы і пісьмова засведчыць, што ніякага парушэння не было (дзякуй ім за гэта!).

Але гэта дапамагло толькі адносна: у той жа дзень мяне адправілі этапам у Жодзіна. Мабыць, зыходзячы з логікі «не хочаш у карцар — значыць паедзеш туды». І далей я ўжо знаходзіўся ў жодзінскай турме».

Былы палітвязень кажа, што не памятае выпадкаў, калі б у турме атрымлівалася адстаяць ці абараніць кагосьці.

Раней Віктар Куўшынаў апісваў умовы, у якіх ён знаходзіўся ў карцары. 

Сам пакой «з вельмі цікавай кубатурай і інтэр'ерам», шырыня каля аднаго метра, даўжыня і вышыня каля чатырох. 

«Пенал. Бетонна-каменны, надзейны. Яркае белае святло ад лямпы дзённага асвятлення. Маленькае акенца з кратамі пад самай столлю.

Ніводны швед са сваёй IKEA і практычнасцю не змог бы арганізаваць прастору тут лепш. У канцы пакоя на двухступеньчатым пастаменце размешчаны санвузел. Унітаз, вынаходніцтва савецкай інжынернай думкі, умураваны ў падлогу, утварае з ёй роўную паверхню. Гэтае рашэнне дазваляе візуальна палегчыць успрыманне прасторы.

На метровай вышыні над ім — шматфункцыянальны кранік. Гэта і зліў, і месца для мыцця рук, чысткі зубоў і набору пітной вады і іншае. All-in-one. Вельмі зручна, бо не трэба нікуды хадзіць», — пісаў Куўшынаў. 

Спальнае месца ў выглядзе драўлянага шчыта, абрамленага металам, убудавана ў сцяну.

«На час няспання ў складзеным становішчы фіксуецца навясным замком. Акрамя гэтага — паўкрэсла ў выглядзе паўкруга і такога ж памеру столік з металічнай ромбападобнай акантоўкай на прутах, прымацаваныя да сцяны. Усё гэта пафарбавана ў цёплы бардовы колер.

Бяспечнае знаходжанне ў гэтым пакоі забяспечваецца камерай назірання на столі і аргшклом, убудаваным для вонкавага назірання ў надзейныя металічныя дзверы.

Нішто не абцяжарвае побыт. З асабістых рэчаў — кубак, мыла, ручнік, зубная шчотка з пастай і туалетная папера. Адзенне — удалага крою чорная шытая куртка і штаны. Пасцеля — на ноч. Больш нічога», — апісваў Віктар Куўшынаў.

Віктара Куўшынава затрымалі разам з дырэктарам мінскага офіса Дзмітрыем Рабцэвічам, галоўнай бухгалтаркай Юліяй Шардыка і HR Уладзіславам Міхалапам.

Усім чацвярым затрыманым было выстаўлена абвінавачанне ў махлярстве, здзейсненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры (ч. 4 артыкула 209 КК). Фігуранты віну не прызналі.

Трох калег Віктара вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе яшчэ ў кастрычніку 2020-га пасля сустрэчы палітвязняў з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. 

Глядзець «Ток» цалкам: 

Паглядзіце мілае відэа: былы палітвязень Віктар Куўшынаў сустрэўся з сынам

Кабанаў расказаў, як падчас выбараў вылічыў агента ў ініцыятыўнай групе Ціханоўскай

«Відаць неба, хоць і ў клетачку». Айцішнік расказаў, як сядзеў у карцары на Валадарцы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
12
Абуральна
33
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930