Знайсці
21.02.2023 / 21:5661РусŁacБел

Падарунак «НН» да Дня роднай мовы: ад сёння вы можаце чытаць нас лацінкай

Мы стварылі версію «Нашай Нівы» лацінкай: ад сёння кожны з вас зможа выбіраць, чытаць «Нашу Ніву» кірыліцай ці лацініцай. Так было да 1912 года, так будзе пасля 2023-га.

Як чорт крыжа, так чарнасоценцы баяцца беларускай культуры і асабліва беларускай лацінкі. На сёння тэма пераходу на лацінку несвоечасовая: не тое галоўнае. Але беларусам важна захаваць і гэтую частку нашай традыцыі і перадаць яе наступным пакаленням. Вось чаму мы стварылі версію «Нашай Нівы» лацінкай: ад сёння кожны з вас зможа выбіраць, чытаць «Нашу Ніву» кірыліцай ці лацініцай.

Так было да 1912 года, пасля з фінансавых і практычных меркаванняў перайшлі на адзіны, кірылічны варыянт. Але сённяшнія інтэрнэт-тэхналогіі дазваляюць лёгка і танна зрабіць адваротнае. 

Кнопка пераключэння на лацінку знаходзіцца каля блока з апытаннямі, і ў дэсктопавай, і ў мабільнай версіяй.

Лацінка разам з кірыліцай і арабіцай — традыцыйныя беларускія правапісы. Беларусы актыўна выкарыстоўвалі лацінку з XVII стагоддзя. Ёю пісалі Янка Купала, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч.

На ёй выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, а таксама нейкі час «Наша Доля» і «Наша Ніва». За чатыры стагоддзі свайго існавання яна мела некалькі варыянтаў. Апошні з іх, афіцыйны, ужываўся на гарадскіх паказальніках ды схемах мінскага метро. Гэты варыянт лацінкі быў прыняты ў 2009 годзе беларускай Акадэміяй навук ды зацверджаны ААН.

Лацінка «Нашай Нівы» арыентуецца на класічны яе варыянт, які выкарыстоўваўся ў XX стагоддзі. Тэксты пераводзяцца на лацінку з дапамогай алгарытму аўтаматычнага пераводу, распрацаванага на аснове корпуса сучаснай беларускай мовы. Вялізная падзяка беларусам-праграмістам.

Праблемнае месца — перадача ўласных імён. На правільнай беларускай лацінцы яны маюць заставацца нязменнымі, як у мове-арыгінале: Shakespeare, Zelensky, Biden. Але аўтаматычны лацінізатар перадае іх у адпаведнасці з іх гучаннем: Šekśpir. Zialenski, Bajden. Але, спадзяваюся, вы нам даруеце гэтую непазбежнасць: мы не ў сілах самі зрабіць вялізную базу імён, гэтая задача пад сілу толькі вялікай інстытуцыі, функцыянальны лацінізатар у свабоднай Беларусі будзе адной з задач Акадэміі навук.

Калі вы праграміст, ці мовазнавец, ці проста энтузіяст, і хочаце ўдзельнічаць ва ўдасканаленні лацінізатара «НН», пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на [email protected] ці [email protected].

І — чытайце. Чытайце кірыліцай, чытайце лацінкай, чытайце па-руску. Будзем удзячныя за данаты праз «Патрэон» на працу «Нашай Нівы».

Цяпер на сайце публікуюцца каля 2100 артыкулаў за месяц, мы працуем таксама ў тэлеграме, інстаграме і вырабляем усё больш кантэнту ў сацсетках. Якаснае і аператыўнае выданне на беларускай мове — гэта тое, што мы робім, каб на роднай мове чыталі, пісалі (пішыце рэдактару, пакідайце каменты). І пераказвайце, што піша «Наша Ніва», тым, хто сёння не можа яе чытаць. 

Як правільна пісаць беларускай лацінкай? Lohka — amal tak ža, jak i kirylicaj

Рэд.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
26.02.2023
Свабодна чытаю i размауляю на беларускай и расейскай мовах. Лацiнку не ведаю, але прачытаушы абзац гэтай навiны на лацiнскай мове зразумеу, што з цягам часу змагу свабодна чытаць, а потым i размауляць, калi хто дапаможа з вымауленнем.
п.с. Добрая навiна. Дзякуй НН.
0
асоба я па чытацельніца/адказаць/
26.02.2023
вось, НН, бачыце, як вы чалавека ўзбагацілі - цяпер можа казаць, што чытае на беларускай, расейскай і лацінскай мовах)
26.02.2023
вой. то бок - размаўляць. размаўляць на лацінскай мове)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера