Знайсці
25.02.2023 / 09:553РусŁacБел

Пра што не раскажа сцюардэса: што варта ведаць пра гігіену і ежу ў самалёце 

У Польшчы стала папулярнай кніга Кшыштафа Пызі «Сцюардэсы. Уся праўда пра палёты». «Наша Ніва» пагартала яе, а заадно распытала беларускіх бортправаднікоў. 

Сцюардэса нясе свае сумкі. AP Photo/Scott Heppell

Што хаваецца за прыемнай усмешкай сцюардэсы? Ці ўсё так добра з гігіенай на борце самалёта? Чаго трэба асцерагацца? Якія таемныя знакі падае сцюардэса ў выпадку небяспекі?

Гігіена

Найбольш бруднае месца ў самалёце — адкідны столік. Яго каэфіцыент забруджання амаль у 10 разоў большы, чым у спражкі рэменя бяспекі, у 7,5 раза, чым у верхняй вентыляцыйнай адтуліны, і ў 8 разоў, чым у кнопкі зліву ў прыбіральні самалёта. Не самыя чыстыя і прыбіральні, таму лепш туды не заходзіць без абутку. А для таго, каб пасажыры не бачылі бруду, асвятленне там часта дрэннае.

Яшчэ адно вельмі бруднае месца — кішэні ў сядзеннях. Яны зробленыя з тканіны, таму, у адрозненне ад сталоў, не праціраюцца.

Пасажыры павінны з асцярогай выкарыстоўваць коўдры, якія выдаюцца на доўгіх рэйсах, бо не заўсёды існуе магчымасць іх мыцця пасля рэйса. Часам адны і тыя ж коўдры выкарыстоўваюць на зваротным рэйсе.

Ежа

Мала хто ведае, што пілоты і сцюардэсы танных авіякампаній часта не атрымліваюць ніякай ежы. Яны павінны пра гэта паклапаціцца самі. А вось на працяглых пералётах экіпаж забяспечваецца ежай, якая крыху лепшая, чым у пасажыраў. Першымі атрымліваюць абед пілоты. Ім заўсёды падаюць розныя стравы, каб пазбегнуць адначасовага атручэння. Існуюць таксама авіякампаніі, дзе бортправаднікі маюць свой невялікі шведскі стол у час палёту. Ён схаваны за заслонай.

Многія адзначаюць, што ежа, якую падаюць у час пералёту, не такая смачная, як на зямлі. Гэта звязана са зніжэннем адчувальнасці нашых смакавых рэцэптараў з-за нізкай вільготнасці ў самалёце і розніцы ў ціску паміж салонам і за бортам. Таму, каб адчуць пах стравы, трэба дадаць больш солі і перцу.

Асцярожным трэба быць з ужываннем алкаголю. Адзін кілішак падчас палёту роўны двум на зямлі. Вышыня ўздзейнічае на кроў так, што спіртное ў небе аказвае больш моцны эфект, чым на зямлі.

Дзіўныя гукі і жэсты

У час палёту для палягчэння камунікацыі экіпаж выкарыстоўвае спецыяльныя сігналы. Напрыклад, чатыры гукавыя сігналы азначаюць, што бортправаднікі ва ўсіх сектарах павінны зняць трубку. Калі прагучала два гудкі, то зняць трубку павінны толькі ў адным сектары. Адзін гукавы сігнал інфармуе аб тым, што звяртаецца пасажыр. Адзін высокі і адзін нізкі сігналы азначаюць, што тэлефануе камандзір. Але ў кожным самалёце гукі розныя.

Акрамя гэтага, у бортправаднікоў ёсць свая мова. Кожная літара алфавіта мае свой адпаведнік: Б — «брава», А — «альфа», С — «чарлі», D — «дэльта», F — «факстрот», E — «эко». Так, калі трэба паведаміць пра нейкую праблему, звязаную з пасажырам, то для абазначэння яго месца, напрыклад, 2D, сцюард скажа: «Два дэльта».

Яшчэ выкарыстоўваюцца спецыяльныя жэсты, з дапамогай якіх камунікуюць паміж сабою бортправаднікі. Напрыклад, калі сцюардэса паказвае літару V, то гэта можа азначаць неабходнасць прынесці два напоі.

Бяспека і камфорт

Перад узлётам бортправаднікі знаёмяць пасажыраў з правіламі бяспекі. Але чым абгрунтавана патрабаванне адкрыць шторкі ці прыбраць адкідныя столікі? Адкрываць шторкі пры ўзлёце і пасадцы просяць для агляду рухавікоў. Калі яны загарацца, то гэта будзе відаць. Адкідныя столікі неабходна прыбраць, каб пры рэзкім манеўры самалёта пасажыр не атрымаў удар у жывот ці грудную клетку. Спінкі крэслаў неабходна прывесці ў вертыкальнае становішча, каб пасажыр, які сядзіць ззаду, не пашкодзіў галаву пры цвёрдай пасадцы. Навушнікі просяць дастаць з вушэй, каб пасажыр своечасова пачуў паведамленне пра надзвычайнае здарэнне на борце. Патрабаванне выключыць любую тэхніку звязана з перашкодамі, якія яна выклікае. А яны могуць перашкодзіць пілотам зразумець, што ім гаворыць дыспетчар.

Мала хто ведае, што асноўная задача бортправадніка не абслугоўванне пасажыраў, а дапамога капітану ў забеспячэнні бяспекі палёту. Кожны са сцюардаў адказвае за свой участак салона і ў выпадку нестандартных сітуацый паведамляе пра іх камандзіру самалёта. Праз пэўныя прамежкі часу яны павінны звязвацца з пілотамі, каб упэўніцца, што апошнія ў парадку. Напрыклад, на расійскіх авіялініях бортправаднік павінен гэта рабіць кожныя 40 хвілін днём і 20 хвілін ноччу.

Калі казаць пра бяспеку пасажыраў, то мала хто ведае, што пры ўзлёце і пасадцы нельга спаць, бо ў гэты час узнікаюць вялікія перапады ціску. Калі ў гэты час спаць, то можна прачнуцца з крывацёкам з носа.

Каб не закладвала вушы падчас узлёту і пасадкі, трэба смактаць цукерку ці жаваць жуйку. Можна проста прыадкрываць рот і рабіць глытальныя рухі ці імітаваць пазяханне.

Кожная частка ў самалёце павінна мець спецыяльны сертыфікат. Нават чахлы на сядзенні або шторкі павінны мець сертыфікат вогнеўстойлівасці. Гэта не значыць, што яны не гараць, гараць, але павольней. Кожны дыванок павінен быць антыстатычным, бо іскра можа выклікаць вялікую трагедыю.

Апошнім часам усё больш пасажыраў бярэ з сабою свойскіх жывёл. Звычайна на борт можна ўзяць гадаванца, які важыць не больш за восем кілаграмаў і змяшчаецца ў клетку, якая сваімі памерамі адпавядае патрабаванням авіякампаніі, каб магла размясціцца пад сядзеннем. У іншым выпадку пераноску ці клетку з жывёлай давядзецца здаць у багаж. А гэта вялікі стрэс для гадаванца.

А ў канцы анекдот

Пасажырскі лайнер. 9000 метраў над зямлёю. Самалёт трапляе ў паветраную яму. Яго добра трасянула. Крыкі… Візгатанне…

Сцюардэса: «Так, хуценька ўсе ўселіся! Селі на свае месцы! Я каму сказала! Хопіць бегаць і лезці на сценкі! Перастаньце гарлапаніць!

Так, ты куды ванітуеш… Ну ёсць жа пакеты для гэтага… А ты што? Ты абрабіўся ці што?! Ну, як дзеці!

Так, усе ўселіся, супакоіліся, прышпіліліся! Усё… Добра… Узялі штурвалы ў рукі…

Ну, нарэшце!

Пайду зараз пасажыраў супакою». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
45
Панылы сорам
5
Ха-ха
38
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
22
2
Крутое пике/адказаць/
25.02.2023
"Пассажирский самолет Бройлер-747 терпит крушение над водами Атлантического океана в течение 325 серий.
- Дринкинс! Сколько нам осталось до конца?!"

о. Рэд. анекдоты пачаў расказваць. Рэд., колькі нам засталося да канца?)
0
Вася/адказаць/
25.02.2023
А чаму для 4d кажа "два дэльта", а не 4 дэльта?
0
стары габрэйскі анекдот/адказаць/
25.02.2023
"а колькі трэба?" )
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930