Знайсці
15.02.2023 / 16:10РусŁacБел

Гульня Hogwarts Legacy пра свет Гары Потэра б'е рэкорды

Першая кніга пра Гары Потэра выйшла 26 гадоў таму, і за гэты час свет Хогвартса прытуліў ужо некалькі пакаленняў падлеткаў і дарослых. Гульнявая індустрыя спяшалася за кнігамі і кіно — з пачатку нулявых з’явілася каля 60 гульняў, звязаных з сусветам Потэра, але ніводная з іх не мела такой якасці, як Hogwarts Legacy, прэзентаваная на мінулым тыдні. Па словах ацэншчыкаў і гульцоў, распрацоўшчык Avalanche Software перавысіў усе чаканні.

Фота: hogwartslegacy.com

Як усё, да чаго, нават апасродкавана, мае дачыненне пісьменніца Джаан Роўлінг, праект не абышоўся без скандалаў.

Калі год таму распрацоўшчыкі выпусцілі першы трэйлер, гульню раскрытыкавалі за антысемітызм. Гаварылася, што вобразы гоблінаў у свеце Роўлінг наўмысна заснаваны на антысеміцкіх стэрэатыпах (гобліны паказаны як ненадзейныя, кручканосыя банкіры, якія пагарджаюць чалавецтвам).

Гульню таксама заклікалі байкатаваць з-за скандалаў, звязаных з выказваннямі пісьменніцы, якія можна вытлумачыць як трансфобныя. Абмеркаванне і любое згадванне гульні было цалкам забаронена мадэратарамі на папулярным геймерскім форуме ResetEra. Цэлыя суткі існаваў «ганебны» сайт са спісам стрымераў, якія гулялі ў Hogwarts Legacy, а таму павінны быць зацкаваныя.

Пры гэтым стваральнікі Hogwarts Legacy сцвярджалі, што іх праект не мае ніякай сувязі з Роўлінг, і нават дадалі ў гульні магчымасць гуляць за трансгендарнага героя. Аднак транс-абаронцы раскрытыкавалі гэты жэст як сімвалічную спробу прадухіліць негатыўную рэакцыю.

Нягледзячы на шматлікія заклікі да байкоту, гульня хутка стала бестселерам і ўзначаліла продаж на пляцоўцы Steam. 7 лютага колькасць чалавек на сэрвісе прамой трансляцыі Twitch дасягнула рэкорднага ўзроўню 1,27 мільёна адначасовых гледачоў.

Фота: hogwartslegacy.com

Сюжэт і асаблівасці

Hogwarts Legacy вяртае гульцоў у свет на сто гадоў раней, чым пачалася асноўная серыя «Гары Потэра», — у 1899 год. Таму нікога са знаёмых персанажаў тут сустрэць яшчэ нельга — хіба толькі прывідаў Амаль Безгаловага Ніка, гарэзлівага Піўза, а таксама прапрабабуляў і прапрадзядуляў Уізлі і далёкага продка Валдэморта.

Гулец выступае ў ролі адоранага чараўніка (ці чараўніцы), які паступае адразу на пяты курс. Герой мае ўнікальную здольнасць: у яго ёсць доступ да старажытнай магіі, на якую палююць гоблін Ранрок і цёмны чараўнік Віктар Руквуд.

Дзве асноўныя сюжэтныя лініі ў Hogwarts Legacy — гэта сутыкненне гульцоў з гоблінамі-рэвалюцыянерамі, якія хочуць знішчыць людзей-чараўнікоў, і даследаванне старажытнай і магутнай магіі — той самай, якой валодае галоўны герой. Разам з настаўнікам, прафесарам Элеазарам Фігам, трэба разгадаць усе таямніцы чараўніцтва і перашкодзіць планам Ранрока.

Падчас стварэння персанажа гулец можа выбраць яго знешнасць, пол, голас і тып целаскладу. Павышэнне ўзроўню дазваляе гульцу атрымліваць доступ да розных заклінанняў, талентаў і здольнасцяў і паляпшаць іх. Выпрабаванні з’яўляюцца ў выглядзе бітваў, квэстаў, даследаванняў.

Персанаж вучыцца прамаўляць розныя магічныя заклінанні, варыць зелле і асвойваць баявыя здольнасці. Па меры прасоўвання гульцы распрацоўваюць свой асаблівы баявы стыль. Таксама яны могуць набываць баявыя прадметы шляхам гандлю ці стварэння, прыручаць, даглядаць і ездзіць на розных чароўных звярах, узаемадзейнічаць з іншымі вучнямі Хогвартса і з чароўнымі істотамі.

Фота: hogwartslegacy.com

Магічны свет, у якім хочацца жыць

Распрацоўшчыкі Avalanche Software прыклалі велізарныя намаганні, каб візуалізаваць Хогвартс з неверагоднай дэталізацыяй. «Усю гульню я працягвала адкрываць усё новыя і новыя закуткі і штораз, калі думала, што ўбачыла усё, знаходзіла новыя дзверы ў яшчэ адну прастору», — дзеліцца досведам Брытані Вінсэнт, якая піша пра гульні больш за 15 гадоў. Яна таксама была ўражаная і колькасцю тых рэчаў, якія можна рабіць у віртуальным свеце. «Там безліч прадметаў, якія трэба адшукаць, безліч галаваломак, якія трэба рашыць, і шмат іншых заданняў».

Нават за 30—40 гадзін вам не ўдасца знайсці і раскрыць усе сакрэты Хогвартса. Аднак калі засяродзіцца выключна на сюжэтнай лініі, то за 20—25 гадзін гульню, кажуць дасведчаныя, можна прайсці.

Джэсіка Кондзіт у сваім водгуку для партала Engadget пад назвай «Маштабная гульня, напоўненая магіяй» адзначае, што свет Hogwarts Legacy распасціраецца далёка за сценамі чароўнай школы, «з таямніцамі, небяспекамі і мілымі істотамі, якія выглядаюць з-за кожнага кутка». «Паядынкі — гэта мудрагелістыя заклінанні і вокамгненныя адказы, і гэтая камбінацыя дае адчуванне суцэльнага патоку, ад якога ты атрымліваеш асалоду. Я адчуваю сябе моцнай, гуляючы ў Hogwarts Legacy. Я адчуваю сябе ведзьмай — і гэта ўсё, чаго я калі-небудзь хацела».

Фота: hogwartslegacy.com

Ацэнкі

Паводле сайта-агрэгатара Metacritic, Hogwarts Legacy ў цэлым атрымала станоўчыя водгукі. Найбольш высока была ацэнена версія для Xbox Series X/S.

Сярод мінусаў гульцы адзначаюць тэхнічную частку. Завісанні, нізкая частата кадраў, прагрузкі, багі — толькі частка праблем ПК-версіі. У аглядзе на iXBT.games адзначаецца, што, хоць сусвет Хогвартса незвычайна прыгожы, ён напоўнены «сярэдненькімі актыўнасцямі».

Але, як заўважае Трэвіс Нортап у сваім аглядзе для сайта пра відэагульні, хоць Hogwarts Legacy і мае «пэўныя тэхнічныя праблемы, не асабліва цікавы асноўны сюжэт і бедную разнастайнасць ворагаў», гэтыя хібы «ўсё адно не могуць разбурыць прывабныя чары свету магіі». Многія аглядальнікі сыходзяцца на тым, што асноўная сюжэтная лінія — другасная ў гэтай гульні, а галоўнае — тое, што Хогвартс, нарэшце, не выглядае як бледная копія свету, апісанага Роўлінг, а напраўду зачароўвае — так, што гульцы нават не заўважаюць, як ляціць час.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера