У турэцкім Іскендэруне пасля землятрусу падняўся ўзровень мора. Ці апусцілася зямля?
У горадзе затопленая прыбярэжная зона — узровень вады не зніжаецца нават праз два дні пасля землятрусу, паведамляе турэцкі тэлеканал NTV.
Фота: ntv.com
Пасля двух моцных землятрусаў магнітудамі 7,7 і 7,6, якія закранулі 10 турэцкіх правінцый, у Іскендэруне на поўдні Турцыі (правінцыя Хатай) падняўся ўзровень мора. Затопленыя вуліцы, плошчы і дарогі. Жыхары і рабочыя эвакуіраваныя. Таксама ўлады эвакуіравалі некаторыя мясцовыя гандлёвыя пляцоўкі і банкі.
Мора разлілося ў бок бульвара Метэ Аслан. Вада паднялася вышэй за бульвар і запоўніла вуліцы і праспекты. Людзі, якія выходзілі на вуліцы пасля землятрусу, былі моцна гэтым здзіўленыя.
Дамы на берагавой лініі эвакуіраваны як з-за рызыкі землятрусу, так і з-за рызыкі затаплення.
Адміністрацыя раёна Іскендэрун папярэдзіла жыхароў рэгіёна аб тым, каб яны не ўваходзілі ў пашкоджаныя дамы, а таксама аб праблемах, якія могуць узнікнуць з-за разліву мора ў прыбярэжнай зоне. Людзі імкнуцца заставацца ў парках і закрытых вулічных рынках пасля стыхійнага бедства.
Фота: ntv.com
Землятрусы, якія адбыліся 6 лютага, па словах прэзідэнта Эрдагана, сталі самымі разбуральнымі з 1939 года. Па апошніх даных, колькасць ахвяр прыроднай катастрофы перавысіла 9 тысяч чалавек і працягвае расці.
Да 12 лютага ў краіне аб'яўлена агульнанацыянальная жалоба, а ў закранутых землятрусамі рэгіёнах на тры месяцы ўведзена надзвычайнае становішча.





