Знайсці
08.02.2023 / 08:01РусŁacБел

Землятрус у Турцыі і Сірыі: загінула больш за 7800, надзей знайсці пад заваламі выжылых усё менш

На трэці дзень пасля разбуральнага падвойнага землятрусу ў Турцыі і Сірыі шанцаў выратаваць людзей з-пад завалаў застаецца ўсё менш. Колькасць загінулых перавысіла 7800. У Турцыі пацверджана гібель 5894 чалавек, у Сірыі — 1932, піша Бі-бі-сі.

Фота: White Helmets

Гэтая лічба не канчатковая і працягне расці збольшага таму, што пад заваламі яшчэ застаюцца людзі. Ва ўмовах зімовых халадоў магчымасцяў дастаць іх адтуль жывымі ўсё менш.

Першы землятрус магнітудай 7,8 адбыўся недалёка ад Газіянтэпа на паўднёвым усходзе Турцыі ў ноч на панядзелак. Праз некалькі гадзін за гэтым быў новы падземны штуршок магнітудай 7,5.

У Сірыі бедства пагаршаецца шматгадовай грамадзянскай вайной: многія будынкі ўжо былі пашкоджаныя і ад землятрусу абрынуліся; доступ ратавальнікаў і гуманітарнай дапамогі ў многія раёны абцяжараны.

На поўдні Турцыі таксама жыве мноства бежанцаў з Сірыі, часта ў спехам збудаваных або старых будынках. «Адна катастрофа наклалася на іншую, — сказала ў інтэрв'ю Бі-бі-сі брытанскі выканаўчы дырэктар «Дактароў без межаў» Наталі Робертс, — у гэтай частцы Турцыі, у такіх месцах, як Газіянтэп, мільёны сірыйскіх бежанцаў, і яны часта жывуць у не вельмі трывалым жыллі. Гэта рэцэпт бяды».

Прафесар Люсі Істхоўп, эксперт у галіне ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, у інтэрв'ю Бі-бі-сі параіла людзям, якія жадаюць дапамагчы пацярпелым, дасылаць не рэчы, а грошы.

«Самая важная і карысная рэч у гэты момант — гэта грошы. Ёсць няўрадавыя, дабрачынныя, урадавыя арганізацыі, якія ўсімі сіламі імкнуцца дапамагчы. Што ім трэба не толькі цяпер, але і на гады наперад — гэта грошы», — кажа яна. Збіраць жа, напрыклад, цёплыя рэчы, знаходзячыся ў далёкай ад Турцыі ці Сірыі краіне, хутчэй за ўсё, бескарысна.

Улічваючы палітычную сітуацыю ў Сірыі, былы каардынатар ААН па гуманітарнай дапамозе Ян Эгеланд у інтэрв'ю Бі-бі-сі параіў ні ў якім выпадку не пераводзіць грошы бакам палітычнага канфлікту ў Сірыі — ні рэжыму Асада, ні апазіцыі.

«Уся дапамога павінна ісці праз няўрадавыя арганізацыі — агенцтва ААН, сістэму Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца», — сказаў ён.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930