Знайсці
07.02.2023 / 19:59РусŁacБел

Як сябе паводзіць у землятрус і дзе лепш хавацца

6 лютага па свеце пракацілася хваля землятрусаў, самыя магутныя з якіх — сілай 7,8 бала — закранулі збольшага Турцыю і Сірыю. Беларусь знаходзіцца далёка ад сейсмічна небяспечных зон, але хто ведае, ці не сустрэнецеся вы з землятрусам у падарожжы ці пры пераездзе? Вось як трэба сябе паводзіць пры ім.

Карэйскія ратаўнікі выпраўляюцца на дапамогу да турэцкіх калег. Фота: AP Photo / Ahn Young-joon

Перад землятрусам

Прагноз землятрусаў пакуль што застаецца не надта дакладнай справай. Тым не менш, у сейсманебяспечных зонах існуюць спецыяльныя праграмы, якія могуць пасылаць папярэджанні пра надыходзячы землятрус.

Калі вы жывяце там, дзе можа здарыцца землятрус, вывучыце планы бяспекі на яго выпадак у школе ці на працоўным месцы, а таксама ўпэўніцеся, што ведаеце правілы першай дапамогі і сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, таксама як і нумары экстраных службаў. Даведайцеся, як у вашым доме выключаць электрычнасць, газ і ваду, а таксама дамоўцеся з чальцамі вашай сям’і, дзе вы сустрэнецеся пасля меркаванага землятруса. Можна нават выбраць сябра або сваяка, які жыве ў больш бяспечнай зоне і з якім вы ўсе звяжацеся, калі апынецеся ў бяспецы.

Цяжкую мэблю накшталт шафаў ці ложкаў і масіўныя прадметы, такія як тэлевізары ці воднагравальнікі, варта прымацаваць да сцен ці падлогі. Праверце, ці ёсць у вас дома запас ежы і вады, вогнетушыльнік, аптэчка для першай дапамогі, радыё на акумулятары, ліхтарык і дадатковыя акумулятары.

Нарэшце, не пакідайце на паліцах цяжкія прадметы, бо падчас землятрусу яны ўпадуць. Павесьце цяжкія прадметы накшталт карцін або люстэрак далёка ад ложкаў, канапаў і іншых месцаў, дзе яны могуць патэнцыйна ўпасці на чалавека. І, калі маеце дома лёгказапальныя ці іншыя небяспечныя для здароўя вадкасці, перамясціце іх у шафу ці на ніжнюю паліцу.

Падчас землятруса

Першае і самае галоўнае правіла — захоўваць спакой.

Калі вы на вуліцы, не заходзьце ў будынкі. Трымайцеся далёка ад ліній электраперадач і іншых аб’ектаў, што могуць упасці. Не падыходзьце блізка да будынкаў, бо яны ці нейкія прадметы з іх могуць абваліцца на вас. Ляжыце на зямлі, пакуль не спыніцца землятрус. Калі вы ў гарах, памятайце пра магчымасць абвалаў.

Калі вы ў машыне, як мага хутчэй спыніцеся і не выходзьце з яе да заканчэння землятруса. Лепш не спыняйцеся пад эстакадамі, мастамі, ля будынкаў ці іншых аб'ектаў, што могуць упасці, а таксама прыгніцеся, каб знаходзіцца ніжэй за ўзровень вокнаў у машыне.

Выключыце рухавік і ўключыце радыё, выконвайце інструкцыі, якія могуць па ім перадаваць. Калі на машыну ўпалі лініі электраперадач, не выходзьце з яе і не дакранайцеся да металу, чакайце дапамогі. Калі ж па нейкай прычыне вы мусіце пакінуць машыну, хутка перамясціцеся на адкрытую мясцовасць.

Калі вы знаходзіцеся ў будынку, схавайцеся насупраць сцяны каля цэнтра будынка, можна запаўзці пад цяжкую мэблю — напрыклад, пад стол. Трымайцеся далёка ад цагляных камінаў, шкляных сцен, вокнаў і дзвярэй вонкі, асабліва калі гэтыя дзверы шкляныя, таксама не выкарыстоўвайце ліфты, бо яны могуць спыніцца і вы захраснеце.

Лепш за ўсё як мага хутчэй легчы, сесці або стаць на калені, таксама абараняйце галаву і цела ад падаючых прадметаў. Заставайцеся там, дзе вы знаходзіцеся, пакуль землятрус не скончыцца, а калі ўсё сціхне, спачатку прадумайце план дзеянняў і толькі потым выходзьце.

Пасля землятрусу

Праверце, ці няма ў вас і людзей вакол вас раненняў. Калі патрэбна, акажыце ім першую дапамогу. Не перамяшчайце цяжка параненых людзей, калі на тым месцы, дзе яны знаходзяцца, ім нічога не пагражае. Не выкарыстоўвайце тэлефон без патрэбы — незразумела, калі вы наступны раз здолееце яго зарадзіць.

Калі вы трапілі пад завал, пастарайцеся прыкрыць рот, нос і вочы ад пылу. Дашліце паведамленне з інфармацыяй пра тое, дзе вы, і пастарайцеся праз шум данесці да ратаўнікоў, дзе вы знаходзіцеся.

Выбірайцеся з разбураных будынкаў, калі гэта магчыма, і трымайцеся далёка ад моцна пашкоджаных зон. Не падыходзьце да пляжаў, бо за землятрусамі часам ідуць цунамі.

Уключыце радыё і праверце, ці не пашкоджаныя ў вас дома лініі вода— і газазабеспячэння, а таксама электраправодка. У выпадку пашкоджанняў адключыце адпаведна падачу газу, вады ці электрычнасці. Калі адчуваеце дома пах газу, адчыніце ўсе вокны і дзверы, неадкладна пакіньце дом і паведаміце пра пах газу уладам.

Асцерагайцеся дымавых комінаў, бо яны могуць упасці на вас, а таксама аскепкаў шкла і абломкаў смецця на зямлі. Уважліва глядзіце пад ногі і насіце боты ці любы абутак з цвёрдай падэшвай, каб абараніць свае ногі ад парэзаў. Вам таксама могуць спатрэбіцца пальчаткі.

Не забывайцеся, што пасля магутных землятрусаў заўсёды бываюць афтэршокі — паўторныя штуршкі меншай сілы. Будзьце гатовыя да іх. Не выкарыстоўвайце транспартныя сродкі без вялікай неабходнасці і не застаўляйце вуліцу ля свайго дома, бо яна можа спатрэбіцца для спецтранспарту.

Праверце будынак, дзе вы знаходзіцеся, на наяўнасць трэшчын і пашкоджанняў (у тым ліку на даху, комінах і ў фундаменце). Калі неабходна, выберыце для сябе іншы прытулак. Калі вы былі падчас землятрусу не дома, вяртайцеся дахаты, толькі калі гэта дазволяць улады. Калі адразу пасля землятрусу даступная вадаправодная вада, зрабіце яе запасы.

Чаго НЕ рабіць

Пакуль зямля ўсё яшчэ трасецца, не перабягайце з пакоя ў пакой. Не хавайцеся ў дзвярных праёмах, бо яны не абароняць вас ад падзення прадметаў.

Пасля землятрусу не выкарыстоўвайце запалкі ці запальніцы каля пліты ці іншых газавых прылад, пакуль не будзеце ўпэўненыя, што ў доме няма ўцечак газу. Нарэшце, не тэлефануйце па нумарах экстраных службаў, калі вам не трэба тэрміновая дапамога, каб не адцягваць спецыялістаў ад працы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Ураганы і глабальнае пацяпленне ўсё часцей прыводзяць да распаўсюджвання смяротных бактэрый. Што з гэтым рабіць?

«Пяць дзён пасля катастрофы» — серыял пра тое, як дзяржава не выратавала падчас катаклізму

Экалагічная катастрофа на Палессі — апустыньванне глебы і пылавыя буры

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
27
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930