Еўрасаюз не будзе ўводзіць санкцыі супраць беларускага экспарту ўгнаенняў і прадуктаў харчавання
Еўрасаюз плануе ўвесці супраць Беларусі новы пакет санкцый, падобных да накладзеных раней на Расію. Аднак будуць дзейнічаць і тыя ж выключэнні з санкцый, датычныя пытанняў экспарту ўгнаенняў і харчоў, паведаміў брусельскі карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Юзвяк.
«Новая прапанова ЕС адносна санкцый супраць Беларусі шмат у чым адлюстроўвае некаторыя захады, ужо ўжытыя да Расіі: як забарона на наданне ІТ– і кансалтынгавых паслуг, прадметаў раскошы, а таксама забарона на імпарт сталі і золата», — расказаў Рыкард Юзвяк.
Але, як і ў выпадку з апошнім пакетам санкцый ЕС супраць Расіі, узгодненым у канцы 2022 года, адносна ўгнаенняў і харчоў з Беларусі прадугледжаныя выключэнні.
Адзначаецца, што гэта робіцца «для далейшага вырашэння праблем харчовай бяспекі ў трэціх краінах» і што адносна асобаў, якія адыгрываюць «значную ролю ў міжнародным гандлі сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыяй, уключаючы пшаніцу і ўгнаенні», Брусель можа размарозіць іхныя актывы.
Паводле журналіста, гэта можа азначаць, што актывы дырэктара «Беларуськалія» Івана Галаватага і расійскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, могуць размарозіць.





