Знайсці
05.02.2023 / 11:21РусŁacБел

«Дзеля Лэслі» — фільм, намінаваны на «Оскар», які амаль ніхто не бачыў

Напярэдадні ўручэння амерыканскай кінапрэміі ў цэнтры ўвагі апынулася артхаусная індзідрама пра маці-алкагалічку, якая шукае паратунку, піша WSJ.

Фота: Momentum Pictures / Everett Collection

Калі ў студзені сталі вядомыя намінанты на «Оскар», шмат хто ў Галівудзе здзівіўся, убачыўшы выканаўцу галоўнай ролі ў фільме «Дзеля Лэслі» Андрэа Райзбара ў спісе прэтэндэнтак на найлепшую жаночую ролю, — побач з больш чаканымі імёнамі Аны дэ Армас, Кейт Бланшэт, Мішэль Уільямс і Мішэль Еа.

У параўнанні з іншымі намінаванымі стужкамі, «Дзеля Лэслі» не ўдзельнічала ў штогадовым «піяр-махавіку» «Оскара», што ўключае адмысловыя паказы, сустрэчы з выбарцамі і прасоўванне фільма для шырокай аўдыторыі. У пачатковым пракаце фільм сабраў толькі 27 тысяч даляраў.

Аднак нечакана рэкламнай кампаніяй кінаработы стала тое, што яна трапіла ў «сарафаннае радыё» знакамітасцяў.

Па меры таго, як у мінулым месяцы набліжаўся апошні тэрмін падачы заявак для вылучэння на «Оскар», роля спадарыні Райзбара стала цэнтрам увагі літаральна ў апошнюю хвіліну, калі ёй пачалі даваць неверагодна высокія адзнакі калегі са спісу найлепшых, у тым ліку пераможцы «Оскара» Кейт Уінслет, Шарліз Тэрон і Гвінэт Пэлтроў. На паказах «Дзеля Лэслі» і ў водгуках у сацыяльных сетках яны хвалілі яе акцёрскую ігру як адну з самых выбітных за доўгі час.

«Андрэа павінна выйграць усе існуючыя ўзнагароды і ўсе тыя, што яшчэ не прыдуманыя», — напісала Гвінэт Пэлтроў у інстаграме для членаў Акадэміі і яе 8,2 мільёна падпісчыкаў. Міа Фэроў, Сара Полсан і іншыя гарачыя прыхільнікі стужкі апублікавалі варыянты гэтага паведамлення, уключаючы фразу «маленькі фільм з гіганцкім сэрцам».

«Я мала пішу пра фільмы ці акцёрскую ігру», — пачынае Эдвард Нортан сваё паведамленне ў твітары, прысвечанае ігры Райзбара, якую ён потым апісвае як «цалкам адданую, эмацыйна глыбокую, фізічна пакутлівую» і «пазбаўленую любой перфарматыўнай лухты».

Гэтыя высокія ацэнкі выклікалі трывогу ў кінаакадэміі, якая пачала высвятляць, ці парушалі людзі, блізкія да стваральнікаў фільма, абмежаванні на атрыманне галасоў непасрэдна ад членаў журы. Днямі арганізацыя заявіла, што гэтая тактыка «абмяркоўваецца з адказнымі бакамі наўпрост», але ўсё, што адбываецца, не адменіць намінацыю спадарыні Райзбара.

Ненаўмысны пабочны эфект гэтай шуміхі — у тым, што людзі сапраўды зацікавіліся, што ўяўляе сабой фільм — прэтэндэнт на «паганую авечку».

Фота: Momentum Pictures

Фільм «Дзеля Лэслі» зняў Майкл Морыс, сцэнарый напісаў Раян Бінака. Стужку можна аднесці да жанру свабоднай драмы, якая не прыхарошвае рэальнасць і рухавік якой — цэнтральны персанаж. Такія работы доўгі час былі тыповымі на фестывалях накшталт South by Southwest (SXSW), дзе фільм дэбютаваў у 2022-м. Такія стужкі, арыентаваныя на дарослых, цяжэй прадаць студыям і, як правіла, іх адразу выпускаюць у лічбавым фармаце. На адным з паказаў арганізатарка апісала «Дзеля Лэслі» як «адзін з тых фільмаў, якія выміраюць».

Лэслі — жанчына-адшчапенка ў маленькім мястэчку на захадзе Тэхаса, дзе мясцовыя жыхары ведаюць яе па тым, што яна праматала джэк-пот у латарэю, а таксама па яе няпростых адносінах з сынам. У нейкім сэнсе фільм уяўляе сабой грубы партрэт п'яніцы, у якой ёсць толькі пацёрты ружовы чамадан, што захоўвае рэшткі яе ранейшага жыцця.

Буйныя зоркі раней ужо даследавалі змрочную тэму алкагалізму ў такіх фільмах, як «Пакідаючы Лас-Вегас» (Нікалас Кейдж) і «Зорка нарадзілася» (Брэдлі Купер сярод іншых). Міс Райзбара — англійская актрыса, найбольш вядомая гледачам па артхаусных драмах («Бёрдмэн» Алехандра Гансалеса Ін'ярыту, «Начныя звяры» Тома Форда), авантурных жанравых карцінах («Уладальнік» Брэндана Кронэнберга) і прэстыжных тэлесерыялах («Радавод», «Вака»).

Сярод акцёраў другога плану «Дзеля Лэслі» — Оўэн Ціг, які іграе сына Лэслі Джэймса. Маючы стабільнае жыццё ў іншым горадзе, ён з асцярогай дазваляе сваёй маці застацца ў сваёй кватэры — уз'яднанне, якое непазбежна ідзе наўскасяк.

Знаёмы многім акцёр Стывен Рут іграе байкера па імені Дач — ён бярэ Лэслі да сябе насуперак жаданню іншай былой сяброўкі, Нэнсі, якую са сталёвай насмешкай іграе Элісан Джэні.

Марк Маран, што дапамог прыцягнуць увагу да «Дзелі Лэслі», узяўшы інтэрв'ю ў спадарыні Райзбара ў сваім падкасце WTF, выконвае яшчэ адну з галоўных роляў — Суіні, добрасардэчнага мясцовага жыхара, уладальніка таннага матэля. Суіні ідзе супраць здаровага сэнсу, калі прапаноўвае Лэслі працу — прыбіраць пакоі. Падчас размоў за вячэрамі, разагрэтымі ў мікрахвалёўцы, паміж імі нараджаецца асцярожны давер, аднак для Лэслі гэта цяжкі час прымірэння са сваёй залежнасцю.

Хонкі-тонк песні Долі Партан, Джорджа Джонса і Уэйлана Джэнінгса суправаджаюць акцёрскую ігру Райзбара, у тым ліку ў мясцовым бары, дзе разгортваюцца самыя непрадказальныя сцэны. Перад закрыццём бара паведамленне песні Вілі Нэльсана адлюстроўваецца на твары Лэслі з кожным радком, у тым ліку: «Вы ўпэўненыя, што гэта — тое месца, дзе вы хочаце быць?»

Лірыка сведчыць пра зрух да выратавання для Лэслі, але гэтае выратаванне не будзе лёгкім.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930