Знайсці
03.02.2023 / 20:143РусŁacБел

Вырошчваў авакада, кайфаваў, калі гаварыў па-беларуску. Гісторыя адваката Віталя Брагінца, якому далі 8 гадоў калоніі

Учора адваката Віталя Брагінца асудзілі да 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах КК. «Думаю, што так жорстка з ім абышліся з-за яго прынцыповасці». Калегі Віталя Брагінца расказалі «Нашай Ніве», чым ён быў адметны і за што яму могуць помсціць улады.

Фота: сацсеткі

«Меў надзею, што ўсё абыдзецца»

Па адукацыі 49-гадовы Віталь Брагінец фізік, але заўсёды жыў правам. 

«Чаму ён стаў менавіта адвакатам, не казаў, але вельмі часта згадваў, што мае фізічную адукацыю, — расказвае яго калега. — Віталь разумны і настойлівы. Яму не важна, што пра яго думаюць іншыя, будзе рабіць так, як ён лічыць правільным. Заўсёды страецца зразумець іншых людзей і шкадуе іх. 

Здаецца, Віталь ніколі не думаў пра тое, каб з’язджаць. Больш за тое, ён, будучы чалавекам, які разбіраецца ў законах, разумеў, што нічога не парушыў. Хаця ведаў, што ў краіне не да законаў». 

Віталь — фанат права і закона. Юрыдычнай справай ён займаўся больш за 25 гадоў. Гэта было яго працай і хобі. З 1996 па 2010 год ён узначальваў уласную кампанію «Брагінец і партнёры». Апошнім часам працаваў у юрыдычнай кансультацыі Дзяржынскага раёна.

«Ёсць юрыдычныя працэдуры, якія працуюць па пэўнай практыцы. Нават не заўсёды задумваешся, робіш, як яно ёсць. А Віталь быў з тых, хто чытаў, як гэта напісана ў законе, і дамагаўся, каб гэта так і было, а не па адпрацаваных схемах. Таму не ўсе ў юрыдычнай супольнасці яго разумелі. 

У нас як? Зрабіць хутка і эфектыўна. А ён увесь час казаў, што мы не павінны самі сабе ствараць нейкія абмежаванні.

Напрыклад, юрысты часам, калі ў законе не сказана, што гэта нельга, самі сабе прыдумляюць, што так і ёсць. Віталь настойваў на тым, што калі не сказана «нельга» — значыць магчыма.

Многіх ён раздражняў сваёй настойлівасцю. Але гэта характарызуе яго як фаната сваёй справы». 

З хобі адваката — ён вырошчваў авакада, саджаў косткі іншых раслін. У яго дома засталася цэлая аранжарэя. Цяпер яе даглядае сябар.

Віталь таксама любіў ёгу.

За час зняволення, кажуць, Брагінец вельмі схуднеў.

«І так быў хударлявы, я нават не ведаю, як яшчэ больш пахудзець ён змог», — кажа калега. 

Па лістах, якія прыходзілі ад Віталя, было зразумела, што ён вельмі здзіўлены справе, якую яму прад'явілі. 

«Меў надзею, што ўсё абыдзецца, — кажа калега. — Расказваў, што яшчэ ў самым пачатку ён упаў з ложка з другога паверха і пашкодзіў нагу. 

Думаю, што так жорстка з ім абышліся з-за яго прынцыповасці. Выносіў мозг шмат каму з сілавікоў. Хутчэй, вырашылі правучыць такім чынам. А таксама гэта зрабілі пэўнай паказальнай справай для ўсіх адвакатаў. Пасыл, каб сядзелі ціха, і рабілі так, як кажуць».

«Умее радавацца чужым поспехам»

Другі калега апісвае Віталя як «вельмі ўпартага і самааданага». Па кожнай справе ён рабіў усе мажлівыя крокі, каб дапамагчы кліентам, за якіх моцна перажываў. 

«Шукае і знаходзіць розныя нестандартныя рашэнні, якія сапраўды дапамагаюць. Суддзі і следчыя адчувалі ўжо з самага пачатку, што лёгка ім не будзе, кожная іх памылка і злоўжыванне будзе заўважана», — кажа ён. 

Для Віталя было важна змагацца да апошняга. Ён абскарджваў кожнае неправамернае рашэнне суда.

«З ім было вельмі проста камунікаваць. Нават з тымі, хто значна маладзейшы за яго, ён ніколі не размаўляе з пазіцыі «ў мяне шмат досведу, а ў цябе — не», «я ведаю, што такое быць адвакатам, а ты не», што можна пачуць ад шматлікіх дасведчаных адвакатаў. Таксама ён умее радавацца чужым поспехам, а не толькі сваім.

Памятаю, як у 2020 годзе ён прыйшоў на адзін мой працэс па адміністрацыйнай справе, каб падтрымаць і для сябе таксама пачуць нешта новае. Атрымалася дамагчыся адпраўкі справы на дапрацоўку, пасля чаго майго кліента вызвалілі. Яго прысутнасць сапраўды была карыснай і дадала ўпэўненасці», — расказвае калега. 

«Кайфаваў, калі гаварыў па-беларуску»

Цікавы эпізод згадвае журналіст, з якім Брагінец хадзіў на допыт.

«Брагінец змагаўся за кожную коску і слова ў пратаколе допыту.

Зрабіў заўвагу, што паказанні даваліся па-беларуску, а следчы, магчыма, не мае кампетэнцыі, каб свабодна перакладаць мае словы. Кайфаваў, што са мной можна гаварыць па-беларуску, бо баяўся, што ўжо забывае мову»,

— напісаў у фэйсбуку Зміцер Панкавец.

Віталя Брагінца абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: аб распальванні варожасці, закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім і грубым парушэнні парадку. Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч, паведамляла «Вясна». 

Адваката Віталя Брагінца затрымалі 23 мая 2022 года і двойчы запар арыштавалі на 15 сутак. 

Артыкул аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні ў яго справе ўзнік верагодна пасля таго, як 9 верасня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-чат «Беларускiя адвакаты».

Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Брагінца.

Напісаць Віталю ліст са словамі падтрымкі можна на адрас:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Брагінец Віталь Фёдаравіч.

Чытайце таксама: 

«Каля 120 адвакатаў вырашылі не працягваць сваю дзейнасць»

«Неслі плакат і палотнішча бел-чырвона-белага колеру, блакавалі шлях транспарту» — яшчэ адзін прысуд па «народным» артыкуле

Сябровак у Мінску асудзілі за знявагу дзяржаўнага сцяга

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
26
Абуральна
26
0
Грышка/адказаць/
04.02.2023
Няхай хутчэй гэтыя несправядлівыя «судзьдзі» атрымаюць такія ж прысуды, якія яны вынесьлі невінаватым прынцыповым беларусам. Як паказваюць дні сталінскага тэрору, дыктатуры ўрэшце з'ядаюць сваіх калабарацыяністаў.
1
Суддзя у адстауцы /адказаць/
04.02.2023
Уничтожение адвокатов это продолжение ленинско большевистской политики. Политики диктатуры пролетариата, то есть политики бесправия, глупости и жестокости. Все неправовые и неоснователтные судебные решения будут отменены. Служащие суда, принявшие такие решения, будут наказаны значительными тюремными сроками, конфискацией имущества, приобретенного за счет незаконно назначенных зарплат и квартальных "выплат" в конвертах.
2
Беня/адказаць/
04.02.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930