Знайсці
02.02.2023 / 20:511РусŁacБел

«Сябры называюць мяне буслікам». Аказваецца, ёсць такая прафесія — перавозчык эмбрыёнаў

Афіцыйная назва працы ў Дзмітрыя — кур’ер па заборы біялагічнага матэрыялу. Сябры жартам называюць яго буслікам. На самай справе ён перавозіць эмбрыёны для тых сем’яў, якія вырашыліся пайсці на працэдуру экстракарпаральнага апладнення, каб займець доўгачаканых дзяцей. Гомельскі сайт «Штодзень» паразмаўляў з перавозчыкам эмбрыёнаў пра яго прафесію.

— Ці цікавая ў цябе праца?

— Праца вельмі цікавая, бо ты вандруеш па розных краінах, сустракаешся з новымі людзьмі. Гэта пастаянны рух, пералёты. Сёння я знаходжуся ў адной краіне, заўтра — у іншай.

— Ці ёсць страх, што нешта здарыцца з такім каштоўным грузам? Якія ўвогуле існуюць правілы перавозак эмбрыёнаў?

— Заўжды прысутнічае нейкая рызыка. Але груз перавозіцца ў спецыялізаваных ёмістасцях, якія важаць прыкладна кілаграмаў з 10. Самі эмбрыёны, зразумела, не цяжкія, важаць адмысловыя ёмістасці. Ёсць адмысловыя правілы перавозкі. Напрыклад, кантэйнер мусіць быць заўжды ў вертыкальным становішчы, яго нельга куляць, размахваць ім. У ёмістасці знаходзіцца азот. Аднак перад палётам яго ў клініцы зліваюць, бо ў самалёт з азотам нельга. У ёмістасці застаюцца пары азоту. Гэтых пароў хапае прыкладна на трое сутак, бо накрыўка ў ёмістасці, дзе перавозяцца эмбрыёны, — шчыльная. Потым груз прывозіш і яго запраўляюць зноў у клініцы. Ёмістасць у багаж не здаецца, бярэцца з сабой як ручная паклажа.

— Ці думаў калі-небудзь, што ў цябе будзе такая праца?

— Ніколі не думаў. Я нават не ведаў, што ёсць такая праца на свеце. Афіцыйна мая праца называецца кур’ер па заборы біялагічнага матэрыялу.

— Ці цяжка праходзіць мяжу, калі вязеш эмбрыёны?

— Няцяжка. З сабой у мяне суправаджальныя дакументы, аналізы з клінік, даверанасць ад людзей, што я магу перавозіць іх біялагічны матэрыял.

— А якая рэакцыя сяброў і знаёмых, калі чуюць, кім ты працуеш?

— Буслікам, які прыносіць дзяцей, мяне называюць. Яшчэ здараецца, што ахова ў метро жартуе. Пытаюць: «Гэта вы свае аналізы везяце ў такім чамадане? Гы-гы-гы».

— Ці адчуваеш нейкую місію, калі перавозіш такі важны груз?

— Канешне, бо я нясу радасць людзям (смяецца). Папаўняю, можна сказаць, грамадства новымі людзьмі.

— Ці падабаецца табе быць кур’ерам эмбрыёнаў?

— Праца мне падабаецца, але я разумею, што з цягам часу давядзецца шукаць штосьці больш зямное і перспектыўнае.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
02.02.2023
ну вось - аказалася праўда - некаторым дзяцей бусел прыносіць
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера