Еўрасаюз збіраецца ўвесці лічбавыя шэнгенскія візы з падачай анлайн
Еўрасаюз плануе з 2026 года перайсці на лічбавыя шэнгенскія візы — адпаведную прапанову Еўракамісіі прыняў Еўрапарламент, паведамляе Shengenvisa News. Сярод іншага падарожнікі змогуць падаваць дакументы на візу анлайн, а налепкі ў пашпарце заменяць лічбавымі данымі.
Еўрапарламент 31 студзеня падтрымаў законапраект славенскага дэпутата Мацьяжа Немеца аб поўным аблічбоўванні шэнгенскіх віз. Яго ініцыятыва прадугледжвае стварэнне адзінай анлайн-платформы для падачы заяў і замену візавай папяровай налепкі ў пашпарце на лічбавыя даныя.
Лічбавізацыя візавых працэдур мае зрабіць падачу дакументаў больш простай і зручнай для заяўнікаў, а з другога боку, знізіць рызыкі падробкі і махлярства, звязаныя з фізічнымі візамі.
Мяркуецца, што ў большасці выпадкаў заяўніку давядзецца толькі адзін раз асабіста з'явіцца ў консульства або візавы цэнтр для збору біяметрычных даных і праверкі дакументаў. Падача анкет будзе рабіцца на адзінай анлайн-платформе, якая дазволіць заяўнікам даведацца, якая краіна атрымае іх запыт.
Ухваліўшы законапраект у цэлым, дэпутаты Еўрапарлямента прапанавалі яго дапрацаваць — перш за ўсё, зрабіць будучую візавую платформу максімальна мультымоўнай, а таксама распрацаваць зразумелы алгарытм для тых, хто не мае высокай лічбавай адукаванасці.
Акрамя таго, заяўкі, пададзеныя з аднаго IP-адраса, не павінны блакавацца, бо ў некаторых рэгіёнах могуць быць праблемы са стабільным доступам у інтэрнэт.
Цяпер чакаецца, што Еўрапарламент абʼявіць пра міжведамасныя перамовы ў гэтым пытанні, а потым пачнецца паступовы пераход да новаўвядзенняў.
Чытайце таксама:
Візу Poland. Business Harbour можна будзе аднавіць у Польшчы
Цэнтр беларускай салідарнасці: Беларусам часта адмаўляюць у выдачы гуманітарных віз унутры Польшчы
Самы «моцны» і самы «слабы» пашпарты ў свеце — азіяцкія





