Знайсці
29.01.2023 / 19:191РусŁacБел

Чаму кот выбірае аднаго гаспадара? Дазнайцеся, як спадабацца вашаму гадаванцу

Закаханасць з першага погляду, пошук роднаснай душы ці абдуманы выбар? Чаму кот выбірае аднаго гаспадара і прывязваецца да выбранніка асаблівым чынам? Дакладней, так робяць толькі некаторыя каты… Таямніцу паводзін хатніх гадаванцаў раскрывае wamiz.pl.

Фота: koldunova / Vecteezy

Няма нейкай вызначанай схемы ўзаемаадносін ката з яго гаспадаром. Як і людзі, жывёлы маюць розныя характары і розныя гісторыі. На іх паводзіны ўплываюць шматлікія фактары, і найперш — дзяцінства.

Дык ці ёсць дакладнае тлумачэнне, чаму кот (або котка) выбірае аднаго гаспадара? Якія каціныя крытэрыі выбару?

Давер

Маленькія кінутыя кацяняты — іх лёс залежыць ад таго, хто іх знойдзе. Калі ім пашчасціць трапіць да добрага чалавека, яны будуць выратаваныя і, магчыма, знойдуць жытло і гаспадароў.

Разгубленае кацяня ў свеце, поўным шуму, дзіўных пахаў і небяспекі, пачуваецца нясмела. Страх пазбаўляе ўпэўненасці ў сабе — аднак калі рукі, якія лашчаць і кормяць, такія пяшчотныя, і здаецца, што нічога дрэннага не адбудзецца, можа, варта ім даверыцца?

Сувязь з гаспадаром ствараецца дзякуючы ўдзелу чалавека. Гэтая канкрэтная асоба, яе выгляд і пах ужо не чужыя.

Апякун клапоціцца пра ката, дае яму ўвагу, а жывёліна адплачвае яму ласкай. Кот размаўляе з гаспадаром, ходзіць за ім следам, сядзіць у яго на каленях. Але калі прыходзіць іншы чалавек, ён можа сыcці ў іншы пакой.

Каты, якія не прывыклі стасавацца з людзьмі, з меншай верагоднасцю стануць таварыскімі гадаванцамі. Заваяваць іх давер больш складана, і часта гэта ўдаецца толькі «абраным». Такі кот можа моцна любіць, але ён не абавязкова будзе бегаць да ўсіх.

Давер да аднаго чалавека каштуе такой жывёліне даражэй, чым кацяняці, якога насілі на руках, перш чым яно нават расплюшчыла вочы. Гэта адна з прычын таго, што кот выбірае аднаго гаспадара. Але не адзіная!

Паводзіны, якія падабаюцца катам

Тым, што прыцягвае ката ў канкрэтным чалавеку, могуць быць яго паводзіны. Больш асцярожныя, палахлівыя каты могуць адчуваць сябе лепш у кампаніі чалавека, які:

  • не будзе на іх ціснуць,
  • пяшчотны і ненавязлівы,
  • прыме правіла, што з катом можна бавіць час, толькі калі той гэта дазваляе.

Вядома, гэта не значыць, што катом зусім не трэба цікавіцца! Хутчэй варта добра разумець каціныя сігналы: адчуваць, калі кот хоча пагуляць ці палашчыцца, а калі — патрабуе адпачынку.

У тых, хто ўмее выкарыстоўваць элементы кацінай гаворкі накшталт прыязнага падміргвання як выяўлення пазітыўных пачуццяў, — больш шанцаў стаць «каціным абраннікам».

Памятайце, што кот шануе прысвечаныя яму час і ўвагу, але разам з тым вы мусіце даваць яму асабістую прастору. У гэтым плане ён нагадвае… людзей.

Фота: sunan wongsa-nga / Vecteezy 

Кот як дзіця?

Чаму кот выбірае аднаго гаспадара? Важнымі могуць быць не толькі паводзіны чалавека ў дачыненні да жывёлы, але і яго голас, характар, стыль хады або… пол. Так!

Некаторыя каты відавочна аддаюць перавагу, напрыклад, жанчынам, ёсць і аматары «каціных татаў». З гэтым нельга даць рады. Аднак розныя даследаванні ўсё адно спрабуюць вызначыць, чым кіруюцца каты, калі выбіраюць гаспадара-ўлюбёнца.

У 2007 годзе Клаўдыя Эдвардс апублікавала вынікі свайго даследавання катоў і іх прыхільнасці да людзей. 28 жывёл ад 1 да 7 гадоў прайшлі так званы тэст дзіўных сітуацый (Strange Situation Classification) доктара Мэры Эйнсворт.

Методыка тэсту — у стварэнні васьмі кароткіх сітуацый (працягласцю каля 3 хвілін кожная), падчас якіх сочаць за паводзінамі маці, дзіцяці і чужога чалавека падчас знаходжання разам або паасобку.

Вынікі, апублікаваныя даследчыцай, паказалі, што адносіны катоў з абраным імі чалавекам падобныя да адносін адна— або двухгадовых дзяцей з бацькамі.

Калі каты былі са «сваімі» людзьмі, яны з задавальненнем гулялі, «размаўлялі», адчувалі сябе свабодна. Аднак калі апыналіся з незнаёмцамі, яны былі значна менш гуллівыя і шмат часу сядзелі каля дзвярэй. Гэта падобна да паводзін маленькіх дзяцей, калі яны раптам трапляюць у кампанію незнаёмых дарослых. Яны становяцца больш закрытыя, пакуль зноў не прыходзяць бацькі.

Вынікі сведчаць пра тое, што выбар ката заснаваны на пачуцці бяспекі, якое дае жывёле прысутнасць чалавека. Але ці вызначальная гэта прычына на самай справе?

Гены ці стан душы?

Даследаванні, праведзеныя ў 2015 годзе, далі зусім іншыя вынікі, чым эксперымент Клаўдзіі Эдвардс!

Даследчыкі зноў правялі тэст SSC і пацвердзілі, што, сапраўды, «адносіны ката са сваім гаспадаром адрозніваюцца ад адносін з незнаёмцам». Аднак, паводле вынікаў, «адносіны ката з абраным гаспадаром не азначаюць выбар на падставе таго, што гаспадар дае бяспеку і абарону жывёліне».

Аднак тады чым гадаванцы кіруюцца?

Адна з тэорый гаворыць пра генетычныя асаблівасці пэўнай жывёліны, якія асаблівым чынам выяўляюцца ў пародзістых катоў.

Напрыклад, сібірскі кот, па словах аднаго заводчыка, «часта прывязваецца да аднаго члена сям'і, ходзіць за гэтым чалавекам як у памяшканні, так і на вуліцы, калі гэта магчыма. Кот прымае ўсю сям'ю, але, калі прыходзіць час лашчыцца ці калі кот хварэе, ён выбірае аднаго чалавека».

Вось некаторыя з парод, якія, як кажуць, ствараюць асаблівую сувязь з адным членам сям'і: сіямская, сібірская, нарвежская лясная,руская блакітная,бенгальская,бамбейская,гімалайскі перс.

Многія ўладальнікі сіямскіх катоў пацвярджаюць, што жывёлы гэтай пароды сапраўды часта выбіраюць гаспадара. Часам гэта нават «каханне з першага погляду». Сіямцы надзвычай адданыя і ўтвараюць трывалыя сувязі.

З іншага боку, біхевіярыстка Памэла Мэрыт не верыць у «расавую тэорыю», бо ёсць шмат беспародных катоў, якія таксама прывязваюцца да выбранага чалавека.

Яна піша, што «гэта не рыса пароды, а хутчэй «стан душы», які робіць жывёлу «Катом Аднаго Гаспадара». Такія каты найбольш шчаслівыя, калі развілі высокую ступень узаемадзеяння і даверу з адным чалавекам, і ўжо не будуць імкнуцца да таго ж узроўню адносін з іншымі людзьмі».

Жыццё такіх катоў і котак не заўсёды лёгкае. Яны могуць быць раўнівыя, патрабавальныя да колькасці прысвечанага ім часу і… незадаволеныя, калі іх гаспадар сыходзіць з дому. Калі з чалавекам нешта здарыцца, у такога ката можа развіцца дэпрэсія.

Вось чаму Мэрыт заклікае іншых членаў сям'і таксама спрабаваць заваёўваць давер катоў — гэта будзе добра для саміх жывёл. Тады падчас адсутнасці апекуна ў іх будзе той, з кім ім таксама добра.

Як гэта зрабіць? Рэагуйце на сігналы ката, вывучайце яго «мову» і тое, як ён выяўляе свае патрэбы. Распазнайце настрой для весялосці і настрой для адпачынку. І калі вы толькі знаёміцеся, прысядзьце і працягніце руку, каб ён мог вас панюхаць — а не адразу бярыце на рукі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
29.01.2023
Aj, zanadta tlumna. Usio prosta, nie zaminajcie katu byc` saboju, nie pieraūtvarajcie jaho ū liaļku-cacku. Jon pavinny adčuc` siabie adnym z, i roūnym z. Da mienie jon nia nadta pranikniony, alie i ni vodnaha razu nie padrapaū i nie pakisaū, jak tych, da kaho jon maje asabliva cioplyja pačucci...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера