Знайсці
17.01.2023 / 18:241РусŁacБел

Мікола Захаранка: Жыву ў Швабах, як у цэнтры Сусвету, на вяршыні высокай гары

Гэтая вёска на ўзгорыстай Лагойшчыне вылучаецца хіба сваёй нетутэйшай назвай. Але ў вёсцы з нямецкім найменнем няма ніводнага іншаземца, населена яна, як і ўсё наваколле, беларусамі. А яшчэ Швабы адметныя тым, што амаль паўстагоддзя тут жыве таленавіты пісьменнік Мікола Захаранка, чыімі кнігамі захапляюцца сталічныя мэтры. А калі так, то журналіст і паэт Міхась Скобла вырашыў напрасіцца да яго на пагасціны ды распытаць яго пра сёе-тое для газеты «Народная воля».

Мікола Захаранка

 — Мікола Андрэевіч, я помню, як пасля выхаду вашай першай кнігі «І тады ўдарыў бом» (2013) здзівіўся наш вядомы празаік Віктар Казько: «Захаранка… Дзе ён быў дагэтуль? Так бурна ўварваўся ў тэатр, у прозу». Нядаўна пабачыла свет ваша новая кніга «Такі вецер, такі вецер», аднак звестак пра вас у інфармацыйнай прасторы не пабольшала, чалавек вы рашуча непублічны. Таму раскажыце пра сябе: адкуль вы, хто па прафесіі, «дзе шляхі вашы йдуць і куды»?

— Нарадзіўся і вырас на Палессі, у мястэчку Васілевічы, што паміж Рэчыцай і Калінкавічамі. Скончыў школу, працаваў грузчыкам, слесарам. Закончыў філфак БДУ, у 1974 годзе пераехаў на Лагойшчыну, у Швабы, быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Таксама выкладаў музыку, сусветную мастацкую культуру. Потым паехаў у Сібір, працаваў у Сургуце мастаком-афарміцелем, пасля зноў настаўнічаў… Усяго і не пералічыш. У краіне такіх летуноў не любілі. А вось драматург Алесь Петрашкевіч (ён даваў мне рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў), калі пазнаёміўся з маім «паслужным» спісам, прыйшоў у захапленне: «Гэта цудоўна! Тое, што трэба сапраўднаму пісьменніку!»

— А вы не шкадуеце, што жывяце ў вёсцы? Вось на дварэ зіма, Швабы снегам занесла, у печцы штовечар трэба паліць…

— А пра што шкадаваць? Я жыву ў Швабах, як у цэнтры Сусвету, на вяршыні высокай гары. Калі б вы ведалі, што гэта такое, зразумелі б і маё сустрэчнае пытанне да гараджан: а вы не шкадуеце, што жывяце ў горадзе? Прызнацца, я нават адчуваю нейкую віну перад сваімі дзецьмі: я тут раскашую на ўлонні прыроды, а яны гібеюць у тым Мінску…

Дарога з Лагойска да Швабаў

— Па вашых творах можна мастацкія фільмы здымаць. Калі б я быў кінарэжысёрам, то абавязкова экранізаваў бы апавяданне «Усё будзе добра». Здавалася б, сюжэт там звычайны — міліцыя шукае ў вёсцы самагоншчыкаў, — але як выпісаныя людзі, якія трапныя дыялогі! Падобныя тэмы вам вясковае жыццё падказвае?

— Як сказаць… Пры ўсёй сваёй прафесійнай публічнасці я ў вёсцы не надта сацыялізаваны. Так, збоку-прыпёку. Ніколі не быў у гушчы падзей. Раней мая светлай памяці нябожчыца жонка пасвячала ў мясцовыя цікавосткі: хто ў каго нарадзіўся, хто з кім ажаніўся, хто з кім пабіўся, хто памёр… А цяпер я, бывае, са скрушным здзіўленнем даведваюся пра смерць старога знаёмца з надмагільнай таблічкі на могілках, блукаючы сярод крыжоў, дзе і дарагая мне магілка… Што да згаданага вамі апавядання, то, здараецца, жыццё бачыцца як кіно, калі ты ў глядацкай зале, а не паміж герояў на экране.

Дома. Свая хатка — як родная матка…

— А ці ведаюць швабаўцы, хто разам з імі жыве ў адной вёсцы? Можа, нейкую асаблівую пашану маеце ад мясцовых уладаў?

— Аднойчы ў інтэрнэце ў рубрыцы «Вядомыя людзі» прачытаў — «Мікола Захаранка». Мой затоены ген славалюбства ўсцешыўся, але ж пачуццё справядлівасці ўзбунтавалася ў грудзях. Ды хто ён такі, гэты Захаранка, гэты палескі прыхадзень, у гістарычным пейзажы Лагойшчыны — старажытнага, казачнага, партызанскага краю?!

— Самаіронія вам да твару.

— Яна хіба нікому не шкодзіць. А ці шануюць? Ды ніякай асаблівай пашаны мне не трэба. Тым больш мясцовая ўлада складаецца пераважна з былых маіх вучняў. Усе ж свае (смяецца).

— Дык вось чаму вы так аптымістычна глядзіце на жыццё! Помніцца, ваш знакаміты зямляк Ніл Гілевіч неаднойчы з жалем прызнаваўся, што напісаў ажно 15 п’ес, і ніводная не была пастаўлена. Хоць жыў ён, дарэчы, за 100 метраў ад Купалаўскага тэатра. Вы напісалі ўсяго дзве п’есы, і адна з іх — камедыя «Паехалі!» — у 1996 годзе ішла ў тым самым Купалаўскім. Як вам удалося прабіцца на самую прэстыжную сцэну краіны?

— Я не прабіваўся, усё сталася выпадкова, нават міма маёй волі. У рэжысёра Андрэя Андросіка ўзнікла праблема з пастаноўкай нейкага спектакля. Тэрмінова патрэбна была п’еса. І філосаф Кім Хадзееў, з якім мы тады сябравалі, параіў Андрэю звярнуцца «да геніяльнага Колькі Захаранкі» (у Кіма ўсе сябры былі «геніяльныя»). Прыехалі да мяне ў Швабы, угаварылі — цэйтнот жа! Ну, чыстая авантура. Але мне неяк удалося напісаць тую камедыю… Што тычыцца Ніла Сымонавіча. Помніцца, у далёкім 1986 годзе ў Віцебску, у кабінеце галоўнага рэжысёра Коласаўскага тэатра Валерыя Мазынскага я пабачыў на стале п’есу Гілевіча. О, думаю, у самога Ніла Сымонавіча хаджу ў калегах! Я яму здаваў экзамен па беларускім фальклоры ў БДУ…

— Думаю, ён ганарыўся б такім вучнем.

— У Гілевіча такіх вучняў — хоць гаць гаці ды па галовах хадзі. А неяк пры сустрэчы спытаўся ў Мазынскага, чаму ён тады Гілевіча не паставіў? І вось што даслоўна адказаў Валерый: «Тую драматургію, якую даваў Ніл, мне хацелася занесці ў які-небудзь вясковы Дом культуры і пакласці там у куточку, пра што я яму вымушаны быў сказаць. Ён тады аказаўся надзіва паблажлівым і прызнаўся: «А я і пісаў для самадзейнасці!» Гілевіч проста вельмі хацеў, каб у яго поўным зборы твораў была прадстаўлена і драматургія, як у Караткевіча».

— А што вам запомнілася з часоў таго кароткага супрацоўніцтва з купалаўцамі?

— Успамінаецца, напрыклад, Генадзь Аўсяннікаў, які выконваў галоўную ролю ў маёй п’есе. Дзейства адбывалася на дашчаным памосце, узнятым над сцэнай прыкладна на паўметра. А яшчэ той прысцэнак па маёй дурной прыхамаці нахілілі градусаў на 15 у бок залы. І вось на гэтым «касагоры» немалады ўжо народны артыст Аўсяннікаў болей за гадзіну прамаўляў маналогі, скакаў полечку і спяваў прыпеўкі! Я тады ўпершыню зразумеў, што значыць сапраўдны артыст. І ніхто з артыстаў не наракаў на нязручнасць. Бо мастацкая задумка ў тэатры — гэта святое! Помніцца, уразіла таксама, як артысты, сабраўшыся па-за сцэнай, ва ўсю «палівалі» нейкага рэжысёра ці драматурга. Можа, з-за гэтага самі тое месца каля кулісаў называлі «брахалаўкай» (смяецца).

— А чаму камедыя «Паехалі!» пратрымалася ў рэпертуары ўсяго некалькі сезонаў?

— Нехта ўбачыў там пэўныя алюзіі. Хоць я ў п’есе не меў на ўвазе нічога «крамольнага», рэжысёр напрыдумляў розных «намёкаў». Паставіў на сцэне вусатую скульптуру, да якой гераіня артысткі Наталлі Качатковай непаважліва адносілася. А потым на падмосткі (мастак Барыс Герлаван зрабіў фантастычна-прыгожыя дэкарацыі) з прыцемкаў выходзілі кабеты і ва ўнісон стагналі: «Ба-а-цька, ро-о-дны, калі?!» Тады яшчэ на тэатральнай сцэне дапускаліся пэўныя вольнасці, можна было дурэць патроху. І ўсё ж спектакль сталі ўсё радзей ставіць у рэпертуарную сетку, а потым ціхенька знялі.

— Як вы ўспрынялі падзеі ў Купалаўскім ў 2020 годзе?

— Як бяду, як трагедыю. Магчыма, непазбежную, магчыма, неабачліва разыграную, але трагедыю, і зусім не аптымістычную. Намоленыя сцены пакінулі творчыя людзі, аб’яднаныя традыцыяй, сваёй прыналежнасцю менавіта да гэтага тэатра. Што гэта, калі не бяда? Гледачы іх любілі за талент — кожнага паасобку, але і ўсіх разам — менавіта як купалаўцаў. Дзякуй богу, што яны пакуль не разбегліся, не згубілі творчага адзінства, робяць пастаноўкі, ды ўсё ж… Дакладна ведаю, што большасць купалаўцаў, якія сышлі, балюча настальгуюць менавіта па будынку.

— А як ставіцеся да цяперашняга тэатра?

— Я не быў на яго спектаклях. Што пэўнага можна сказаць пра яшчэ няпэўную з’яву? Відавочна, гэты тэатр на стадыі станаўлення, творчага і кадравага ўладкавання. Чытаю шмат крытыкі ў яго адрас, у тым ліку ад людзей, якім давяраю. Але і пабойваюся падпасці пад уплыў дробязнай злараднасці. Хочацца верыць, што будзе як у той прыказцы: на жывой касці мясу — нарасці. Абы яна была жывая, тая костка.

— У выдатнага нашага празаіка Івана Пташнікава (між іншым, ён таксама чалавек лагойскі) ёсць апавяданне «Пагоня» — пра лася, якога даганяюць ваўкі. Там усё з такім веданнем выкладзена, быццам Іван Мікалаевіч у мінулым жыцці ласём быў. У вас ёсць надзвычай шчымлівыя вершы пра коней, напісаныя (увага!) ад іх імя. Як вам удаецца так пераўвасабляцца?

— Здаецца, ніякіх асаблівых высілкаў над сабой не рабіў… У гэтым сэнсе цікава паназіраць за дзецьмі: яны з сабакамі, з катамі размаўляюць на роўных — натуральна, свабодна, з любоўю. Мяркую, многія людзі ад нараджэння схільныя да «чалавечага» паразумення з братамі нашымі меншымі.

З Кімам Хадзеевым у лагойскім лесе. 1994 год

— У кнігу «Такі вецер, такі вецер» увайшло і некалькі апавяданняў на васілевіцкай трасянцы (Гомельскі рэгіён). Уяўляю, што пачалося б у беларускай літаратуры, калі б нашы пісьменнікі пісалі кожны на сваім дыялекце — Васіль Быкаў на віцебскім, Аляксей Карпюк — на гродзенскім, Ніна Мацяш — на палескім… На мой погляд, трасянка — гэта такі сабе траянскі конь русіфікацыі. Навошта цягнуць яе ў літаратуру?

— Няхай сабе і конь. Упэўнены, названыя вамі пісьменнікі ўз’ехалі б на беларускі Парнас і на такім кані. Але ваша праўда — што потым? Што сталася б з беларускай нацыянальнай літаратурай? Так, згодны, моўны «сепаратызм» непажаданы ў нацыянальнай літаратуры. І ўсё ж трасянка, пагадзіцеся, — рэальны факт нашага жыцця. І што было б, калі б літаратурныя героі, скажам, Івана Мележа, загаварылі на літаратурна ўнармаванай мове? Напрыклад, проза майго земляка з Васілевіч Івана Навуменкі значна пацярпела ад такой моўнай уніфікацыі. Васілёўцы чыталі Навуменку, захоплена пазнавалі свае ваколіцы, а сябе — не пазнавалі.

— Мяркуючы па фэйсбуку ваш самы блізкі сябра — паэт Пятро Кошаль (родам са Случчыны, жыве ў Маскве). Масквічы і так фанабэрыстыя, а Кошаль яшчэ і зяць былога першага сакратара ЦК КПБ Слюнькова. На вашай дружбе гэта неяк адбівалася?

— Яшчэ як! Пецечка прыязджаў у Мінск, і мы маглі не хавацца ад міліцыі з бутэлькай «чарніла» ў якім-небудзь скверыку, а чынна-спакойна заходзілі ў кавярню на праспекце — сябра частаваў! Помню візіт Андропава ў Мінск. Я, Кошаль і Кім Хадзееў стаялі на рагу плошчы Якуба Коласа і праспекта. І раптам з-за філармоніі выехаў картэж чорных урадавых машын і скіраваўся ў наш бок. Бачу, нешта Пеця занепакоіўся і схаваўся за маю спіну. Я азірнуўся: чаго ты? «Стой на месцы!» — просіць. І тут да мяне дайшло: ад Слюнькова схаваўся! Чаго ты баішся, кажу, хто цябе сярод прахожых убачыць? «Не сумнявайся, Коля, яны ўсё бачаць». Так што я быў непасрэдным удзельнікам гістарычнага эпізода. Не, Кошаль не фанабэрысты, ён смешны і абаяльны паэт.

— Ведаю, што ў вас двое дзяцей — сын і дачка. Калі не памыляюся, яны вам і з выданнем кнігі дапамаглі. А да бацькі ў родную вёску наведацца не забываюць?

— Не забываюць. Наташа (яна працуе галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова») улетку і градкі садзіць — на палове соткі (смяецца). Сын Павел — галоўны гукарэжысёр у тэатры.А кнігу паспрыяў выдаць мой сябар, цяпер маскоўскі бізнэсмен Леў Гендэлеў. Сам мяне знайшоў і паспрыяў. Ну і дзеці ўбаку не стаялі, асабліва Наташа. Я сам і пальцам не варухнуў бы.

— Дзякуй вам за гутарку, самаіранічны аптыміст з вёскі Швабы!

— Ну, аптымізм у мяне ад нараджэння, гэтага на адымеш. А самаіронія? Цяперашні час сам яе патрабуе. Просіць і ўмольвае: людцы добрыя, не будзьце панылымі, ратуйцеся посмешкай над сабой цяпер. То, можа, пазней не прыйдзецца над сабой горка плакаць…

Чытайце таксама:

Вера Міцкевіч: Для Якуба Коласа жанчына была — як ікона

«Хараство, створанае і пакінутае нам гэтай пісьменніцай, — найлепшы лек»

Лявон Баршчэўскі: Калі нейкі літаратурны шэдэўр не перакладзены на беларускую мову — гэта дакор нам усім

Пісьменнік Сяргей Вераціла: У Эквадоры я не прыжыўся, моцна цягнула на радзіму

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
8
17.01.2023
"На мой погляд, трасянка — гэта такі сабе траянскі конь русіфікацыі."

гэта такі сабе) распаўсюджаны прымітыўны погляд на трасянку. сама ў юнацтве так думала. але трасянка - гэта з'ява. наколькі простая, настолькі і глыбокая. і яна не выключна са знакам "мінус", хутчэй яна са знакам "мінус-плюс". гэта такое звяно паміж двума палюсамі - мовай і расейскім языком, які імкнецца знішчыць мову. яна з аднаго боку "рудзімент" мовы пры гвалтоўным пераводзе на расейскі язык. але роўна так жа яна можа працаваць і ў адваротны бок - пры вяртанні ад языка да мовы.

трасянка - з'ява натуральная. яна чарговы раз сведчыць, што мова наша матчына, спадчынная, глыбінная, а не штучна ўтвораная, як расейская. вось хто можа ўявіць расейскую "трасянку"? як яна выглядае? як мацюгі?

таму як на мой погляд;) трасянка - гэта таксама наш скарб
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930