Знайсці
16.01.2023 / 18:481РусŁacБел

«Журналіст напісаў, што прыехалі рускія артысты. Нам было крыўдна вельмі». Апошняе інтэрв'ю Вахтанга Кікабідзэ

15 студзеня памёр акцёр і рэжысёр Вахтанг Кікабідзэ. Яму было 84 гады. На наступны дзень журналістка Ксенія Сабчак апублікавала на ютубе вялікае інтэрв'ю, узятае незадоўга да яго смерці; тэлевядучая называе яго апошнім інтэрв'ю артыста. Самае цікавае з гэтай размовы адабрала «Медуза».

Пра Пуціна і вайну Расіі з Украінай

Тое, што адбываецца, — гэта мярзотна. Гэта ўварванне. Тое, што там гэтыя хлопчыкі ненавучаныя тварылі. Што будзе заўтра, мы не ведаем. Пуцін не можа вярнуцца дадому з пройгрышам. Я думаю, што ён, напэўна, рушыць на Каўказ нібыта супакойваць гэтыя дзве краіны [Арменію і Азербайджан]. Вось тады вось гэтага ўсяго, што нам падабаецца цяпер тут [на Каўказе], не будзе ўжо, таму што ён пойдзе на Грузію. Гэта адназначна.

Ну, пераможцам [у вайне з Украінай] ён [Пуцін] не выйдзе, гэта дакладна. Таму што ўжо шмат гарадоў вызвалілі, там лунаюць украінскія сцягі. Яны не аддадуць сваю зямлю на разарванне.

(Адказваючы на пытанне аб падтрымцы вайны ў Расіі, у асноўным, старэйшым пакаленнем) Баяцца яны. Баяцца страціць свае месцы. Баяцца, што ж будзе з імі потым. Ну, ты лепш за мяне ведаеш, што ў Расіі ёсць апазіцыя, якая пакуль вельмі баіцца. Але калі рускі выбухне — я маю на ўвазе душой, настроямі пратэсту, — вось тады будзе вельмі сур'ёзнае супрацьстаянне, таму што яны ўжо на сабе адчуваюць гэтыя санкцыі [заходніх краін].

Ён [Пуцін] загубіў сваю Радзіму, загубіў адназначна. Такіх санкцый ні ў кога не было — і дай бог, каб гэта было апошні раз. Таму што лідар гэтай мярзотнай вайны ўвесь час у бункеры сядзіць, не вылазіць, і вельмі многіх генералаў ён адправіў на пенсію. Першапачаткова яму [Пуціну] сказалі, што [расіяне] увойдуць ва Украіну і іх сустрэнуць сцягамі ў Харкаве. Харкаў — рускамоўны горад, вельмі шмат габрэяў, вельмі шмат рускіх. І раптам ён зразумеў, што яны гэтага не хочуць.

Пра Уладзіміра Зяленскага

Ён вельмі добры прэзідэнт, адукаваны, малады, смелы. Гэта вельмі важна ў гэтай сітуацыі, і я жадаю яму толькі перамогі.

Апошні раз я да яго прыязджаў з-за [Міхаіла] Саакашвілі. Мы сустрэліся, я сказаў, што «ён жа ваш грамадзянін, забярыце яго адсюль, яго метадычна забіваюць, таму што яны вельмі баяцца». Наш парламент баіцца за свае дамы, якія яны пабудавалі за кошт бюджэту Грузіі. Грузія — маленькая краіна, усе ўсё бачаць, усё ведаюць. І цяпер яны пачалі палохаць нас, што Амерыка хоча ўцягнуць нас у вайну. Моладзь з'язджае адсюль, таму што працы ўжо няма тут.

Цяпер ён [Саакашвілі] вельмі хварэе, [у яго] была камісія; яны напісалі, што яго трэба перавезці ў Еўропу, дзе могуць трохі падлячыць, на ногі паставіць. Зяленскі сказаў: «Я ўсё зраблю». На трэці дзень [пасля сустрэчы з ім] прыехала гэтая жанчына. Нічога не атрымалася. Пасля яе ўжо прыязджалі розныя дэпутаты, шмат народу было, ні ў якую.

Што будзе, ніхто не ведае. Людзі расплюшчаць вочы і зразумеюць, што гэта белае, а гэта чорнае. Нельга бамбіць тыя дамы, дзе нараджаюцца дзеці. Нельга бамбіць гарады і вёскі, якія ніякага дачынення не маюць да гэтай вайны.

Пра расійскую прапаганду

(На пытанне, ці ёсць ва Украіне нацысты — пра гэта ўвесь час кажуць расійскія дзяржаўныя медыя) Смешна цяпер гэтае пытанне мне задаваць. Была неяк перадача, і [Уладзімір] Салаўёў сказаў: «Буба, кажа, прыязджаў у Маскву, яго кармілі, паілі, давалі канцэрты». На канцэрт чалавек не зойдзе, калі яму не падабаецца.

Гэта ўсё павернецца ў іншы бок, я ўпэўнены. Вось у мяне крыж вісіць, я раніцай і ўвечары, калі кладуся, заўсёды першае, што я кажу: «Госпадзе, дапамажы Украіне выйграць гэтую вайну».

Пра Савецкі Саюз

[Савецкі Саюз не быў добрай краінай], таму што нам казалі, што мы павінны гаварыць. У мяне быў адзін выпадак, я ўжо быў мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага эстраднага аркестра Грузіі, гэта быў вялікі момант. З балетам, з усімі справамі, 80 чалавек было. І тады мне адзін мой сябар даслаў — супала проста — гумовую маску Брэжнева. Канчаецца канцэрт, ужо развітальныя рэчы ідуць, я сышоў са сцэны, надзеў гэтую маску і выйшаў [на сцэну]. Праз дзве хвіліны КДБ быў за кулісамі. І вельмі цікавую рэч сказалі мне на допыце: «Калі б мне не падабаліся вашы песні, вы б цяпер сядзелі ў іншым месцы».

(На пытанне, ці адчуваў ён сябе калі-небудзь савецкім чалавекам) Не. Мяне выгналі з піянерыі за тое, што я ў двары гуляў у футбол. У мяне была адна пара абутку, і я баяўся, мама будзе злавацца, што я ў брудных туфлях прыйшоў. І я зняў чырвоны гальштук і пачаў чысціць туфлі. На мяне хтосьці данёс, на другі дзень выстраілі ўсю каманду дзяцей і сказалі, што «ён не варты быць піянерам», і выгналі.

У 1967 годзе мы прыехалі ў Канаду. І журналіст напісаў, што прыехалі рускія артысты. Каласальны быў поспех, але нам было крыўдна вельмі. Таму што яны маглі сказаць, што я грузін, а той узбек, а гэты азербайджанец, а гэты малдаванін.

Вядома, было важна, [каб прадставілі як грузінскага артыста]. Калі інтэрв'ю ўзялі, я гэта сказаў. Я сказаў, што мы, усе артысты, працавалі за капейкі. Я кажу: «Хоць бы сказалі, якая краіна. Вось ім спадабаўся канцэрт, наогул стоячы апладзіравалі людзі». Чалавек павінен сябе паважаць у душы. (Ці была пасля гэтага размова з КДБ?) Так. (Ці было страшна?) Не.

Пра рашэнне не наведваць Расію

Я афіцыйна па тэлебачанні ў Маскве сказаў — гэта было ў восьмым годзе — што маёй нагі не будзе ні ў адным расійскім горадзе, пакуль гэты чалавек [Пуцін] на чале краіны.

Пра смерць

(На пытанне, як адчуваць, што смерць — гэта блізка) Вось тры дні таму было вельмі-вельмі дрэнна, так ніколі не было. Я лёг і сказаў: «Госпадзе, забяры мяне». Тое, што я ляжу [на працэдурах], называецца гемадыяліз — гэта калі нырка не працуе. І гэта адбываецца на тыдзень тры разы па чатыры-пяць гадзін. Чысцяць кроў, ставяць велізарную бандуру-камп'ютар, кроў заходзіць-выходзіць туды-сюды. Спачатку гэта ў руку рабілі, а потым з'явіліся тромбы. Цяпер уставілі шланг і праз горла мне [зрабілі сасудзісты доступ].

(Пра зварот да Бога) Ведаеш, як было? Я думаў, што мне стане лягчэй, калі я памру.

Мая станоўчая якасць — што я не баюся смерці. Часам заходзіў у царкву, там ціха, пастаўлю свечку там. Я пражыў прыгожае, шчаслівае жыццё, таму што гэта песня.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
46
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
49
Абуральна
11
16.01.2023
не хочацца крывавую барыню глядзець (
учора, калі прыйшла гэта сумная навіна, паглядзела іншае інтэрв'ю з ім - К.Катрыкадзэ - «Путин свою страну погубил»: Вахтанг Кикабидзе о войне, Грузии, Данелии и россиянах (гл. на ю-туб) 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031