Фірма «Тусон» аднавіла пасля збою амаль усё касавае абсталяванне
ТАА «Тусон» аднавіла працу ўсяго абсталявання, пацярпелага ў выніку касавага збою. Засталося крыху больш за 200 апаратаў, якія не мелі патрэбы ў аператыўнай наладцы, піша Office Life з апорай на словы прадстаўніка кампаніі.
Фота: Office Life
«На пятніцу мінулага тыдня мы аднавілі прыкладна 98,5% усяго парка абсталявання. Астатнія 200 з лішнім адзінак — гэта касы, якія альбо не выкарыстоўваюцца, альбо гэта падменнае абсталяванне, альбо тое, якое плануецца ўсталяваць у аб'ектах, што хутка адкрыюцца, і яно яшчэ будзе рыхтавацца да гэтага», — паведамілі ў «Тусоне».
У кампаніі пацвердзілі, што прайшло ўжо прыкладна два тыдні, як гандаль працуе ў штатным рэжыме, а аднаўленне вялося паралельна.
Маштабны збой у працы кас адбыўся 2 студзеня і закрануў гандлёвыя сеткі «Ома», «Востраў чысціні і смаку», «Еўраопт», запраўкі «Беларуснафта» і інш. Да раніцы 3 студзеня многія з іх ужо запрацавалі. У першую чаргу аднаўлялася абсталяванне на кругласутачных запраўках і аб'ектах сеткавага гандлю.