Знайсці
06.01.2023 / 20:451РусŁacБел

У ЗША ўхвалілі прымяненне першай у свеце вакцыны для меданосных пчол

У ЗША ўхвалілі прымяненне першай у свеце вакцыны для меданосных пчол. Расказваем, для чаго яна.

Фота: vecteezy.com

Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША (The US Department of Agriculture, ці проста USDA) нядаўна ўхваліла ліцэнзію на выкарыстанне вакцыны для меданосных пчол супраць амерыканскага гнільцу — бактэрыяльнага захворвання, якое аслабляе калоніі пчол і забівае іх лічынкі.

Паводле паведамленняў міністэрства, у ЗША з 2006 года штогод назіраецца імклівае скарачэнне папуляцыі меданосных пчол праз паразітаў, хваробы і пестыцыды, а таксама з прычыны «сіндрому разбурэння калоніі», які праяўляецца праз пакіданне працоўнымі пчоламі свайго роднага вулля і маткі.

Пчолы ж у якасці апыляльнікаў адыгрываюць важную ролю ў многіх аспектах экасістэмы планеты. Па звестках Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, такія апыляльнікі, як пчолы, птушкі і лятучыя мышы, адказваюць прыкладна за траціну сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчых культур.

Амерыканскі гнілец, у сваю чаргу, уяўляе сабой праблему для пчаляроў, бо гэтая хвароба вельмі заразная і не можа быць цалкам вылечаная. Адзіны метад лячэння патрабуе спальвання цэлай калоніі заражаных пчол і іх вулляў разам з апрацоўкай антыбіётыкамі ўсіх найбліжэйшых калоній.

«Новая вакцына можа стаць грандыёзным крокам наперад для пчаляроў. Калі ў нас атрымаецца прадухіліць інфекцыю, мы зможам пазбегнуць дарагога лячэння і накіраваць нашы рэсурсы на іншыя важныя элементы падтрымання здароўя пчол», — заявіў Трэвар Таўзэр, адзін з чальцоў праўлення Асацыяцыі пчаляроў штата Каліфорнія.

Такога ж меркавання прытрымліваецца біятэхналагічная кампанія Dalan Animal Health, якая і распрацавала гэтую вакцыну.

«Вакцына можа стаць прарывам у абароне меданосных пчол», — упэўненая Анет Кляйзер, генеральны дырэктар Dalan Animal Health.

Па інфармацыі кампаніі, у вакцыне ёсць неактыўныя бактэрыі, якія выклікаюць хваробу амерыканскага гнільцу. Калі дадаць вакцыну (разам з бактэрыямі) у корм, якім працоўныя пчолы кормяць сваю матку, то частка вакцыны назапасіцца ў яе яечніках і новае патомства народзіцца ўжо з прыроджаным імунітэтам. У выніку так можна значна паменшыць смяротнасць сярод меданосных пчол.

Прадстаўнікі Dalan Animal Health заяўляюць, што кампанія плануе распаўсюджваць вакцыну абмежавана сярод камерцыйных пчаляроў, і дадаюць, што сам прадукт, імаверна, можна будзе купіць у ЗША ўжо ў гэтым годзе.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Валенты/адказаць/
07.01.2023
Рэд. Дзякуй, выправілі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера