Знайсці
06.01.2023 / 18:27РусŁacБел

Памёр Віктар Хурсік

Журналіст, пісьменнік і выдавец Віктар Хурсік памёр у Мінску на 70-м годзе жыцця, паведамляе ягоная сям'я. Перад смерцю ён доўга хварэў.

Віктар Хурсік нарадзіўся 9 мая 1953 года на чыгуначнай станцыі Уборак Асіповіцкага раёна. Скончыў Мінскі політэхнічны тэхнікум, завочна Беларускі політэхнічны інстытут, да пачатку 1990-х працаваў па спецыяльнасці на розных беларускіх прадпрыемствах.

З 1980 года рэгулярна друкаваўся ў беларускай прэсе, а ў 1991—2009 гадах быў супрацоўнікам газеты «Звязда». Акрамя таго, яшчэ з пачатку 1990-х пачаў спрабаваць сябе ў ролі выдаўца, а ў 2003-м заснаваў прыватнае выдавецтва, у якім выйшлі сотні кніг, многія з якіх — на беларускай мове. Былі часы, калі ягонае выдавецтва было адным з найбольш актыўных і прадуктыўных у сферы незалежнага беларускага кнігавыдання.

Пісаў кнігі Віктар Хурсік і сам. У асноўным яго цікавіла гістарычная тэматыка. У 2001 годзе ён выдаў кнігу «Белы лебедзь у промнях славы. Магдалена Радзівіл», у 2002-м — «Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863—1864 гг.», у 2006-м — «Кроў і попел Дражна. Гісторыя партызанскага злачынства», у 2018-м — «Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл».

Віктар Хурсік быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Развітанне з Віктарам Хурсікам адбудзецца 8 студзеня ў царкве па адрасе: пр. Праўды, 31, у 12.30.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера