Знайсці
07.01.2023 / 21:452РусŁacБел

«Адзін раз знайшоў 15 рымскіх манет. Другі — залаты дукат». Скарбашукальнік з Усходняй Беларусі раскрыў сакрэты сваіх удач

У 2016 годзе заканадаўства стала больш строгае ў дачыненні да капачоў, але чорны рынак скарбаў квітнее, расказаў калекцыянер.

Беларускі паўгрош. Фота: паблік калекцыянераў у vk.com

Два дукаты — 10 тысяч даляраў

Жыхар Жлобіна Аляксей — скарбашукальнік з больш чым 15-гадовым стажам. Са школы ён захапляецца беларускай гісторыяй і падчас студэнцтва нават удзельнічаў у раскопках, якія на ўсходзе Беларусі праводзілі супрацоўнікі Акадэміі навук. Тады хлопца ўразіла, як на яго вачах у зямлі знаходзілі рарытэты, якія яму даводзілася бачыць толькі ў музеях. І хоць ён не стаў археолагам, але першы досвед удзелу ў раскопках зрабіў капальніцтва яго хобі.

Аляксей кажа, што найстарэйшы адшуканы на ўсходзе Беларусі ім скарб складаўся з 15 рымскіх манет пачатку нашай эры. Яго не цікавіў гэты перыяд, таму знойдзенае аддаў сябру.

«Гэтая знаходка была з гледзішча навукі больш цікавай, але яе кошт не быў значны, і як сувенір яго можна было падарыць сябру», — адзначае ён.

Аляксей знаходзіў нямала манет часоў Вялікага Княства Літоўскага. Назбіраў калекцыю паўгрошаў, выбітых у 1652 годзе. Сцвярджае, што трымаў у руцэ манету два дукаты, ацэненую ў больш за 10 тысяч даляраў. За дукат, паводле яго, цяпер просяць да 500 даляраў.

Два дукаты XVIII стагоддзя. Фота: belklad.by

Па словах Аляксея, пачаўшы 15 гадоў таму сваё хобі, ён не быў сярод піянераў беларускага капацтва, а асноўныя скарбы з дапамогай адмысловага абсталявання былі знойдзеныя да яго.

Аляксей кажа, што прарыў у капацтве адбыўся на пачатку 2000-х гадоў. Тады з'явіўся дарагі, але даступны прафесійны рыштунак, і той, хто здолеў яго прыдбаць, накапаў багата чаго. Наступнае пакаленне ўжо адшуквала тое, што засталося ад папярэднікаў.

«Напачатку металашукальнік каштаваў некалькі тысяч даляраў, а пасля цэны апусціліся да 300 даляраў», — тлумачыць Аляксей.

Каб адшукаць манеты Вялікага Княства Літоўскага, трэба папацець

Аляксееў калега Вячаслаў шукае скарбы 10 гадоў. Яму падабаецца абыходзіць з металашукальнікам ажыўленыя некалі мясціны. Калі знаходзіць скарб, то становіцца зачараваны ім. Большасць яго знаходак — манеты.

Ён тлумачыць, што кожная мае свой кошт, які вызначаецца цяпер у асноўным на аўкцыёнах, а не ў каталогах. Той, хто дасць большую стаўку, купляе яе.

«Знайсці манеты можна ў асноўным на месцах былых панскіх маёнткаў, дзе стаялі фальваркі і была карчма. Таксама па старых дарогах, на палях, у лясах. Калі пашанцавала і знайшоў старадаўняе месца, то дыяпазон знаходак можа быць ад XI па XIX стагоддзе», — даводзіць Вячаслаў.

Беларускі паўгрош. Фота: belklad.by

Для таго, каб знайсці старыя манеты і спадарожныя ім рэчы, трэба наведацца ў месца, дзе раней было актыўнае жыццё, адзначае ён.

«Калі трапіш першым на свежаўзаранае поле, дзе ніхто не капаў, а раней на ім жылі заможныя людзі, то магчымасць знаходкі павялічваецца», — выдае сакрэты капальніцтва суразмоўца.

«Наогул, перш чым ехаць капаць, трэба добра вывучыць мясцовасць па картах, пагутарыць з людзьмі, — дадае ён. — Інакш у лепшым выпадку знойдзеш пару замызганых манет Расійскай Імперыі або некаштоўных барацін назбіраеш. Каб адшукаць манеты Вялікага Княства Літоўскага, трэба папацець. Іх нямала, але значная іх частка адшуканая капальнікамі раней».

Пра кошт беларускіх манет Сярэднявечча Вячаслаў гаварыць устрымліваецца.

Скарб вызначае заможнасць чалавека, які схаваў яго

Аляксей кажа, што яму часцей трапляліся барацінкі (медныя шэлегі Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага чаканіліся ў XVII стагоддзі), якіх багата ў беларускай зямлі. Найбольш каштоўныя скарбы знаходзяць у мясцінах, якія цярпелі ад войнаў.

«Напрыклад, беларускае Падняпроўе, якое ўва ўсе часы было цяжкім рэгіёнам. Яно цярпела ад нашэсця з усходу, поўдня, радзей з захаду. Цэлыя паселішчы выпальваліся, і не ўсе аднаўляліся», — адзначае ён.

Барацінкі. Фота: архіў Аляксея

Паводле Аляксея, у часы беларускага Сярэднявечча земляная набіўная падлога ў хатах служыла сховішчам для сродкаў сямейнага бюджэту. Яны былі двух відаў: расходныя, у якіх грошы клалі, каб выкарыстоўваць на бягучыя патрэбы, ды ашчаджанні, якія трацілі на больш сур’ёзныя рэчы.

«Па колькасці адшуканых манет можна вызначыць узровень дастатку чалавека, які іх схаваў. Мне трапляўся скарб, у якім было пад 1500 манет. Паводле гісторыкаў, кожная з іх давала магчымасць уладальніку жыць тыдзень на пастаялым двары ці карчме і мала ў чым сябе абмяжоўваць. Гэта быў заможны гаспадар. Манеты былі XVI стагоддзя», — даводзіць Аляксей.

Не ўсе артэфакты вывозяцца з Беларусі

Беларусь лічыцца краем скарбаў. Ад пачатку XIX стагоддзя зарэгістравана каля 1500 знаходак. У кожным этнаграфічным музеі раскажуць пра свае незвычайныя адшуканыя экспанаты.

Пінскі скарб найстарэйшы і першы навукова зарэгістраваны ў Беларусі. Яго адшукалі ў 1804 годзе, але большасць манет знікла, а частка, што засталася, захоўваецца ў расійскіх музеях.

У беларускіх скарбах былі не толькі манеты, але і іншае каштоўнае начынне. У фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея захоўваецца адзін з пяці самых вялікіх скарбаў. Яго адшукалі 50 гадоў таму ў Маладзечанскім раёне паўнюткім манетамі.

Аляксей лічыць стэрэатыпам меркаванне, што ўсе знойдзеныя капачамі ў беларускай зямлі скарбы вывозяцца і прадаюцца за мяжою.

Ён сцвярджае, што мае багата знаёмых калекцыянераў, якія, наадварот, прывозяць у Беларусь рарытэты. Ён асабіста аддаваў адшуканыя манеты ў музей.

Грош. Фота: архіў Аляксея

«У беларускіх калекцыянераў больш цэняцца манеты часоў Вялікага Княства Літоўскага. Даўнія беларускія грошы яны купляюць за мяжою ці абменьваюць у Расіі на расійскія, якія больш цэняцца там. Таму нельга адназначна сцвярджаць, што беларускія скарбы толькі экспартуюцца», — падкрэслівае суразмоўца.

Аляксей не чуў, каб капачы знойдзены скарб здалі дзяржаве. Паводле яго, адшуканае яны хутчэй збываюць калекцыянерам ці, калі сам капач — калекцыянер, то абменьваюцца з іншымі, каб займець патрэбнае ім.

Аляксей настойвае: яму не вядомыя капальнікі, якія шукаюць скарбы на могілках. Паводле яго, такое стаўленне навязваецца ўладаю недасведчаным людзям.

«Такой справаю звычайнай займаюцца вясковыя спітыя бічы, якія наслухаліся, што ў старых магілах можна адшукаць скарбы і абагаціцца на іх», — адзначае ён.

Штрафы за незаконнае скарбашукальніцтва 

У 2016 годзе заканадаўства ў гэтай галіне пастрожылі.

Пошук археалагічных аб'ектаў і артэфактаў можа ажыццяўляцца толькі падчас правядзення археалагічных даследаванняў з дазволам Нацыянальнай акадэміі навук згодна адміністрацыйных працэдураў, вызначаным урадам. 

За незаконнае скарбашульніцтва пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1850 рублёў) з канфіскацыяй металашукальніка. Яго выкарыстанне дапускаецца толькі падчас правядзення афіцыйных археалагічных даследаванняў.

Археалагічныя артэфакты, выяўленыя падчас правядзення археалагічных даследаванняў або выпадкова, падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць.

Рыштунак скарбашукальніка. Фота з сацыяльных сетак

Уведзена забарона на набыццё, продаж, дарэнне, абмен археалагічных артэфактаў. Выключэнне прадугледжана для дзяржаўных навуковых арганізацый і дзяржаўных музеяў, а таксама для фізічных і юрыдычных асоб, якія да 1 студзеня 2017 года ўключылі археалагічныя артэфакты, якія ёсць у іх уласнасці, у рэестр археалагічных артэфактаў.

Паводле заканадаўства, археалагічнымі аб’ектамі і артэфактамі прызнаюцца тыя, якім 120 і больш гадоў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Каштоўную паштоўку мінулага стагоддзя знайшоў на сметніку». Калекцыянер Віталь Мурашкевіч — пра сваё хобі

Як беларускі мастак маляваў оркаў і эльфаў, а пасля пераключыўся на беларускіх нячысцікаў

«З’явілася жаданне ўцячы ад усіх». Жанчына з трыма дзецьмі з’ехала ў глухую палескую вёску, купіла закінутую хату і зрабіла яе знакамітай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
6
Mafkees /адказаць/
08.01.2023
Скарбашукальнік з Усходняй Беларусі раскрыў......... Уважаемая редакция что сподвигло афтара статьи подчеркнуть что гл.герой именно с восточной Беларуси? Это не правильный подход. Кремлевская живность тоже любит пользоваться определениями западный/восточный украинец,так им удобно было раскалывать украинское общество
1
Правдоруб 15/адказаць/
08.01.2023
Mafkees , например то, что и в восточной Беларуси были в ходу деньги ВКЛ, и никакого руЦкаВа мира тут не было!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера