Знайсці
04.01.2023 / 23:081РусŁacБел

«Нам займальна шукаць». У Заслаўі адкрываецца асобны музей «маляваных дываноў»

Аляксандр Рак — галоўны захавальнік фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Дзякуючы яму і ягоным калегам з музея-запаведніка, у Заслаўі сабрана вялікая калекцыя «маляваных дываноў», што перарасла ў асобны музей, які днямі адчыніць свае дзверы. Памяшканнем для яго стаў флігель-эрмітаж былога палаца Пшаздзецкіх. У свой час там была карцінная галерэя — прасочваецца пэўная гістарычная пераемнасць. Пра экспазіцыю новага музея з Аляксандрам Ракам паразмаўляла «Планета Беларусь».

— Чаму менавіта ў Заслаўі з’явіўся такі музей? Наколькі нам вядома, у ім знаходзіцца ўсяго адна праца з гэтай мясцовасці.

— Так атрымалася, што першым прадметам, які патрапіў у музей-запаведнік, быў менавіта «маляваны дыван» працы Язэпа Драздовіча.

Музей ствараўся напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, і побач нешта істотнае для папаўнення калекцыі было цяжка знайсці. Таму першыя экспедыцыі ладзіліся на Віцебшчыну і Брэстчыну. Падчас такой паездкі па Віцебскай вобласці мы і знайшлі творы Драздовіча.

«Краявід з балюстрадай». Язэп Драздовіч, 1950-1954 гады

У 1998-м калекцыю папоўніла праца Язэпа Драздовіча «Паляўнічы з сабакам». Тэму было вырашана развіваць гэта далей. У 90-я гады я і Юры Малаш ездзілі ў асноўным па Глыбоцкім раёне, крыху пазней даведаліся яшчэ адно імя мастака з Глыбоччыны, Генадзя Кузаўкова. У Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах знайшліся невялікія «дыванкі» і макаткі, аўтары якіх заставаліся невядомымі. Калекцыя фарміравалася, расла, у 2004-м у ёй з’явілася яшчэ адна праца Язэпа Драздовіча, макатка «Лісіца».

«Паляўнічы з сабакам». Язэп Драздовіч, 1950-1954 гады

Пазней сярод знаходак пераважна былі дываны арцельнай вытворчасці (канец 1950-х і далей). Аўтарскіх твораў сёння ў свабодным доступе амаль ужо не засталося…

— А якія рэгіёны аказаліся самымі «ўраджайнымі» на знаходкі?

— Захад Віцебскай вобласці. Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі, Мёрскі раёны. З Пастаўскага таксама прывезлі з дзясятак дыванкоў. А яшчэ вылучаецца Случчына з калекцыяй прац Алены Кіш. З больш як 300 твораў, створаных ёю ў 1930-1940 гады, сёння вядома 13, 11 з іх — у фондах нашага музея-запаведніка.

«Рай». Алена Кіш, 1930-1940 гады

Падчас экспедыцыі па Случчыне нам распавядалі пра мастачку, якая малявала дываны, і мы думалі, што гаворка ідзе пра Алену, але ёй аказалася Ядвіга Вайцешык. Так мы даведаліся яшчэ адно новае імя. Пазнаёміліся з сынам Ядвігі, які падараваў нам некалькі прац маці, за што мы яму вельмі ўдзячныя!

Яшчэ адзін цікавы аўтар, якога мы «адкрылі», — гэта Хведар Сухавіла, вучань Драздовіча. У нас у калекцыі тры ягоныя працы.

«Пейзаж з лебедзямі». Фёдар Сухавіла, 1953 год

Не так даўно быў знойдзены кілімок і на Міншчыне. Выпадкова, праглядаючы на «Куфары» аб’явы аб продажы нерухомасці, убачылі фота інтэр’ера вясковай хаты ў Вілейскім раёне з «маляванкай» на адной са сцен. Патэлефанавалі — хатка ўжо прададзена. Але кілімок у нас атрымалася набыць, ён аказаўся рэдкім, падобных больш не сустракалася: на ім выява анёла, а ўпрыгожаны ён аскепкамі бітых цацак для ўпрыгожвання ялінкі.

— Атрымліваецца практычна праца дэтэктываў… Што вы адчуваеце падчас пошукаў?

— Нам займальна шукаць. Апошняя экспедыцыя на Глыбоччыну была ў 2018 годзе, знаходкамі сталі адзін арцельны кілімок, адзін — фабрычнай вытворчасці. Тры дні ездзілі безвынікова, ад вёскі да вёскі, дзе мясцовыя жыхары расказвалі пра двух братоў, якія малявалі кілімкі.

І ў рэшце рэшт, на мяжы Шаркаўшчынскага раёна, зазірнулі ў хату наўскрайку. Дзед завёў нас у камору, дзе, побач з каўбасамі, вісела маляванка тых самых братоў. Мы даведаліся, што гэта Васіль і Уладзімір Крывёнкі.

— А хто-небудзь з мясцовых жыхароў вам дапамагае, падключаецца да «расследаванняў»?

— Людзі сёння самі прапануюць, дасылаюць маляваныя працы, нядаўна адна жанчына прывезла кілімок ад бабулі з Аршаншчыны.

Калі рабілі выставу ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, па тэлебачанні прайшоў невялікі сюжэт, у якім мы расказвалі пра «маляванкі» і пра тое, што іх сёння вельмі цяжка адшукаць — у адказ з Лідскага раёна нам даслалі два кілімкі.

Яшчэ адну выставу з назвай «Заслаўе — скарбонка беларускай маляванкі» мы зладзілі ў 2016 годзе ў Магілёве падчас працы форуму музеяў Беларусі. Тады дырэктар Драгічынскага музея Сяргей Уладзіміравіч Гранік запрасіў нас да сябе.

З гэтага моманту ў Драгічынскі раён было наладжана некалькі экспедыцый. Тут мы пазнаёміліся з працамі Ніканора Зосіка. З дапамогай Сяргея Уладзіміравіча знайшлі пяць кілімкоў. Акрамя таго, у сярэдняй школе вёскі Закозель таксама знайшліся тры ягоныя працы.

«У лесе». Ніканор Зосік, 1955-1965 гады

Лёс Ніканора трагічны і паказальны ў кантэксце гісторыі нашай краіны: заступіўся за аднавяскоўку, у якой «рэквізавалі» карову падчас калектывізацыі, і атрымаў турэмны тэрмін.

Адна з прац у нашай калекцыі намаляваная на прасціне, звычайна такі матэрыял майстрамі не выкарыстоўваўся. Стала цікава, і вось што мы даведаліся. Да 1953 года яе аўтар, Іпаліт Ворса, быў у ГУЛАГу, дзе для кіраўніцтва лагера маляваў карціны і дываны. Часта матэрыялам тут служыла пасцельная бялізна. Па інерцыі, калі ён вярнуўся ў Пастаўскі раён, працягнуў маляваць на прасцінах.

«Дзяўчына і музыка». Іпаліт Ворса

— Атрымліваецца, у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» сёння — самая вялікая калекцыя «маляванак»?

— Усяго ў нас больш за 260 прац, у тым ліку самая прадстаўнічая калекцыя Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Скажу адразу, што сапраўдных «насценнікаў» народных мастакоў каля 180 адзінак. А ў Глыбоцкім музеі, напрыклад, усяго дываноў з 15…

— Дык усё ж такі чаму менавіта вы заняліся гэтай тэмай? У вас што, не было ў гэтай сферы канкурэнтаў?

— Для пошуку неабходны транспарт, ім валодаюць нешматлікія музеі. Але гэта другаснае, а ў першую чаргу, вядома, патрэбна жаданне. У пачатку 90-х можна было знайсці шмат чаго, але час, на жаль, мінуў, і бабулі, у якіх гэтыя кілімкі ўпрыгожвалі сцены, сышлі. Дзесьці з непатрэбнасці гэтыя прадметы выкінулі, дзесьці іх «падабралі» прадпрымальныя шукальнікі. Дарэчы, з Маскоўскага музея традыцыйнага мастацтва народаў свету мне прывезлі набор паштовак з нашымі маляванкамі, ён так і называецца «Беларускія кілімкі». У іх 25 экспанатаў на гэтую тэму.

— Наколькі сёння гэтыя працы ўяўляюць гістарычную, культурную, духоўную і іншую каштоўнасць? Што яны сімвалізуюць?

— Гэта яскравыя ўзоры інсітнага (наіўнага) мастацтва, аднаго з напрамкаў прымітывізму. Яны, напрыклад, увайшлі ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва, выдадзеную ў Югаславіі ў 1980-х. Сярод 800 імёнаў мастакоў з 50 краін, побач з сусветна вядомымі мастакамі-прымітывістамі — французам Анры Русо, грузінам Ніка Пірасмані і іншымі — знаходзіцца імя нашай Алены Кіш.

Як вядома, свае насценныя дываны мастачка стварала па замовах падчас паездак па Мінскай вобласці. З пачатку 1930-х гадоў яна малявала дываны на замову, і часта ўзнагародай за іх былі прытулак і прадукты. Мастачка любіла фантастычна-алегарычныя тэмы: «Рай», «Ліст да каханага», «Дзева на водах», «У райскім садзе» і іншыя. У іх увасобіліся імкненне людзей да лепшага — райскага, гарадскога — жыцця і надзея на яго.

«Дзева на водах». Алена Кіш, 1930-1940 гады

Творы Алены Кіш уражваюць кампазіцыйнай смеласцю і багатай фантазіяй. Непасрэдныя і шчырыя працы надавалі інтэр’еру жытла яскравую дэкаратыўнасць і казачнасць, дарылі недасяжную мару. Для замоўцаў яна стварала розныя варыянты. Намаляваныя нават паводле вядомага сюжэта, усе яе кілімкі адрозніваліся адзін ад аднаго.

Росквіт мастацтва маляваных дываноў у даваенны і пасляваенны час тлумачыцца тым, што інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’ера вясковага жытла патрабавалі яго дэкаратыўнага афармлення. Пасля вайны набіваныя і размаляваныя дываны былі амаль у кожнай сялянскай хаце.

Макатка «Букет у кошыку з коцікам», Генадзь Кузаўкоў, 1950-1952 гады

Дыванкі пісалі і народныя майстры, і арцелі. У 1960-я гады з’явіліся працы фабрычнай вытворчасці, якія мы памятаем з фільма «Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка». У асноўным матэрыяламі служыла тое, што было ў наяўнасці ў мастакоў ці ў замоўцаў. Гэта лён, які фарбавалі ў чорны колер, або цырата, кардон, папера. Аўтар збіраў па вёсцы матэрыялы, яму замаўлялі сюжэты: мішкі на паляне, букет у вазе, лісіца ці алень, казачныя птушкі. А потым ён маляваў і раздаваў працы замоўцам. Або, як той жа Драздовіч, мог сяліцца ў вёсцы і пісаць за «харчы».

Дарэчы, у пошуках нам вельмі дапамаглі апублікаваныя ў 90-я ў часопісе «Маладосць» «Дзённікі Драздовіча» з падрабязнай справаздачай пра геаграфію яго малюнкаў.

«Янка і Алена». Аўтар невядомы, 1968-1975 гады

А з Заслаўя ў нас, як ужо было згадана, усяго адна праца, з дома заможнага краўца. У яго ўнучкі мы куплялі прадметы інтэр’ера: шафы, раскройны стол, сапраўдны каваны аршын і іншыя рарытэты — і сёе-тое яна перадала нам у дар.

— Назавіце, калі ласка, імёны найбольш вядомых аўтараў маляванак.

— Гэта класікі, Язэп Драздовіч і Алёна Кіш, пазнейшыя Ніканор Зосік, Ядвіга Вайцешык, Хведар Сухавіла, Генадзь Кузаўкоў, Міхаіл Мароська, Сяргей Шурпік, Вілюсь Скіпар, а яшчэ Палюлян і Туча (магчыма, гэта нават не прозвішчы, а мянушкі гэтых аўтараў). 

«Накцюрн». Язэп Драздовіч, 1937 год

Працы сучасных мастакоў, Аляксея Марачкіна і Віктара Маркаўца, спадкаемцаў «маляванак», у нас таксама ёсць.

«Скрыпачка». Палюлян, 1949 год

З 2000 года ў Заслаўі ладзіліся пленэры грамадскага аб’яднання «Мастак», куды ўваходзілі і прафесійныя мастакі, і маладыя, нашы заслаўскія дзеці. У экспазіцыі паказаныя і гэтыя сучасныя працы.

— Ці можна больш падрабязна распавесці нашым чытачам пра новы музей?

— На плошчы 300 квадратных метраў размесцяцца 4 раздзелы.

Першы — «Дываны ў інтэр’еры сялянскай хаты» — бо з’явіліся яны не на роўным месцы, а сталі працягам традыцыі вышытых і тканых вырабаў, а таксама традыцыйнай інкрустацыі і роспісу куфраў, якія мелі шырокі распаўсюд у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Такі размаляваны «куфар» для «пасагу», знойдзены ў суседняй з намі вёсцы Закаблукі Мінскага раёна, можна будзе пабачыць у экспазіцыі першага раздзела.

Другі раздзел экспазіцыі музея — на тэму творчасці Алены Кіш, дзе таксама будуць размешчаныя працы Уладзіміра Ламейкі ў гонар мастачкі: скульптура, габелены, посуд, распісаны з выкарыстаннем элементаў працаў Алены.

Дыван «Тэатральны». Язэп Драздовіч, 1952 год

Трэцяя зала называецца «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча» і прысвечана майстру і ягоным вучням. Час ад часу, калі пад рукой не было матэрыялаў, на якіх можна было маляваць, мастак размалёўваў драўляную мэблю. Адна з такіх шафаў, з яскравымі папугаямі, будзе ў экспазіцыі.

Макатка «Музыка і танцорка». Аўтар невядомы, 1942 год

Чацвёрты раздзел — «Народныя дыванкі», дзе ёсць і аўтарскія, і ананімныя працы. Прадугледжваецца, што экспазіцыя будзе зменнай, бо наша калекцыя вялікая, і час ад часу з фондаў музея будуць выстаўляцца новыя працы.

Чытайце таксама:

Непрызнаная мастачка Алена Кіш, райскія дываны якой праз дзясяткі год пасля яе смерці ратавалі з-пад кароў у хлявах

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
05.01.2023
дзякуй.
будзе чарговая нагода наноў наведаць Заслаўе.
бо бывалі не раз, і, здавалася, бачылі ўсё, ан не )
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера