Знайсці
02.01.2023 / 11:4518РусŁacБел

Назваў сына Альгердам і насіў БЧБ-сцяжок на пінжаку, але цяпер пераабуўся. Гісторыя Ігара Марзалюка, любімага гісторыка Лукашэнкі

Адзін з самых зацятых прапагандыстаў дзейнай улады Ігар Марзалюк выйшаў з апазіцыйнай сацыял-дэмакратычнай партыі. Крытыкаваў акупацыю Крыма ў 2014 годзе, а цяпер маўчыць пра вайну ва Украіне. Яго гісторыю расказвае «Радыё Свабода».

Гісторыя ўзыходжання

18 чэрвеня 2008 года Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Магілёў, каб узяць удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця магілёўскай ратушы. Лукашэнку ў гэтай паездцы суправаджаў 40-гадовы выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Марзалюк.

Захаваліся здымкі, на якіх Лукашэнка і тагачасны кіраўнік Магілёўскай вобласці Барыс Батура літаральна разявіўшы рот слухаюць лекцыю магілёўскага гісторыка. Людзі, якія добра ведалі Марзалюка яшчэ з пачатку 1990-х, кажуць, што гэта быў вырашальны момант у ягонай біяграфіі. Пасля гэтай сустрэчы кар’ера выкладчыка імкліва пайшла ўгору.

«Дзіця 17 верасня»

Ігар Марзалюк нарадзіўся ў 1968 годзе ў раённым цэнтры Краснаполле Магілёўскай вобласьці. Ягоныя бацькі і сёння жывуць у мястэчку Леніна на Краснапольшчыне. З Магілёўшчыны родам маці гісторыка, а вось бацька са Стаўбцоўскага раёна. Таму апошнім часам ён часта называе сябе «дзіцем 17 верасня», маўляў, без тых падзей 1939 года яго б увогуле не было на свеце. Бацькі працавалі настаўнікамі, прычым бацька выкладаў менавіта гісторыю.

Леніна, дзе прайшло дзяцінства Марзалюка, — гэта самы-самы ўсход Беларусі, усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Браншчыны. Да 1967 вёска называлася Гніліца, але назву палічылі немілагучнай, таму назвалі ў гонар лідара пралетарыяту.

«Служыў у спецназе»

Са школы ў Марзалюка было вялікае захапленне гісторыяй, таму і выбар з паступленнем быў адназначны — гістфак Магілёўскага педагагічнага інстытута. З другога курса хлопца забралі ў армію.

Падчас аднаго з эфіраў на дзяржаўным тэлебачанні Марзалюк казаў свайму апаненту, культуролагу Вадзіму Мажэйку:

«Я два гады адслужыў у спецназе, я гэтым ганаруся».

Насамрэч Марзалюк праходзіў службу ў 1987—1989 гадах у 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, якая базуецца ва Уруччы. Перад гэтым ён прайшоў «вучэбку» ў Пячах, што пад Барысавам, атрымаў там спецыялізацыю «механік-кіроўца». Вайсковым спецназам 120-ю брыгаду назваць нельга, гэта звычайнае мотастралковае падраздзяленне. У яго склад могуць уваходзіць толькі невялікія атрады выведкі альбо дыверсійныя групы.

Падзеі з распадам Савецкага Саюза Марзалюк сустрэў студэнтам старшых курсаў ВНУ. Затым вучыўся ў аспірантуры і абараняў кандыдацкую ў Інстытуце гісторыі НАН.

Быў сябрам БСДГ

«Калі я ўпершыню пазнаёміўся з Марзалюком у пачатку 1990-х, то ён мяне вельмі ўразіў. Гэта быў сапраўдным фанатыкам гісторыі! Ён толькі і мог гаварыць пра розныя гістарычныя падзеі і постаці», — кажа іншы вядомы ў Беларусі гісторык, які папрасіў не называць яго імя.

У той самы час Ігар Марзалюк становіцца сябрам «Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады». Не трэба блытаць з сучаснай БСДГ, якую ўзначальвае Сяргей Чэрачань, а раней кіраваў Станіслаў Шушкевіч. Гэта зусім іншая арганізацыя, прадаўжальніцай якой з'яўляецца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (кіраўнік Ігар Барысаў).

Кіраўніком БСДГ на той момант быў славуты археолаг Міхась Ткачоў, ураджэнец Мсціслава на Магілёўшчыне. Шмат у чым Марзалюк працягнуў ягоную працу ў раскопках на Магілёўшчыне.

Мала таго, Марзалюк быў не проста радавым сябрам БСДГ, але і нейкі час быў намеснікам кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БСДГ. Захаваўся фрагмент выступу Ігара Марзалюка на адным з мітынгаў таго часу, на грудзях юнака быў бел-чырвона-белы значок, а гаварыў ён пра адвечныя войны Беларусі і Расіі.

Ёсць распаўсюджаны міф, які падтрымлівае і сам Марзалюк, калі кажа, што быў прыхільнікам «бээнэфаўскай ідэалогіі», што гісторык таксама прайшоў праз грамадскі рух БНФ «Адраджэнне». Мы ўдакладнілі ў сяброў БНФ, ці праўда гэта.

«Марзалюк ніколі не быў у шэрагах ніводнага з утварэнняў БНФ», — адказалі «Радыё Свабода».

«Сыходжу ад палітычных імпатэнтаў»

Выступ у ратушы перад Лукашэнкам не быў выпадковым. Менавіта гісторыя гарадскога жыцця найбольш цікавіла Марзалюка.

«Мне заўсёды назаляла мроя беларускага горада. Мне хацелася прачытаць горад як тэкст, праз які гісторык спрабуе зразумець ментальнасць людзей, якія назаўжды адышлі ў Лету», — пісаў Марзалюк у «Нашай Ніве» ў 1994 годзе.

У іншым нумары за той самы год Марзалюк пісаў, што магілёўская моладзь у 1863 годзе «спявала патрыятычныя гімны ды ішла ў паўстанцкія атрады», а пра БНР піша як пра «адзіную законную ўладу ў Беларусі» ў 1918 годзе.

Зрэшты, ужо ў канцы 1990-х Марзалюк выходзіць з БСДГ.

«Ён нам патлумачыў, што сыходзіць ад палітычных імпатэнтаў. Як бачым, сышоў да сапраўднага мача», — смяецца адзін са сталых сацыял-дэмакратаў.

Іншы сябра БСДП кажа:

«Ён неяк сказаў мне, што расчараваўся ў ідэях сацыял-дэмакратыі. І цяпер бліжэй да цэнтрызму. Наколькі я зразумеў, цэнтрызм у ягоным выкананні — гэта «Белая Русь». Мара Марзалюка, якую ён агучваў, — каб у Беларусі было дзве партыі, як у ЗША».

У пачатку 2000-х гадоў Марзалюк ніяк не ўдзельнічаў ужо ў палітычным жыцці Магілёва, але браў удзел у жыцці грамадскім. Быў частым госцем розных імпрэзаў.

У 2001 годзе становіцца заснавальнікам і дырэктарам Магілёўскага краязнаўчага таварыства імя Еўдакіма Раманава. Цікава, ці было б гэтае НДА ліквідаванае ў 2021 годзе, калі б дажыло да гэтых дзён.

«Марзалюк ніколі не хаваў, што браў грошы ў Фонду Сораса, тады яму гэта не замінала», — кажа адзін магілёўскі апазіцыянер.

«У яго больш няма ідэй»

У 2003 годзе Марзалюк абараніў доктарскую дысертацыю. Ад 1996 года быў выкладчыкам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ад 2003-га — загадчык кафедры археалогіі. Аўтар многіх гістарычных артыкулаў і кніг.

Як археолаг, Марзалюк шмат працаваў у Шклове, Быхаве, Мсціславе. На пытанне, ці добры Марзалюк гісторык, іншы вядомы ў краіне эксперт адказвае так:

«Як кажуць літаратары, выпісаўся. У яго больш няма ідэй, няма натхнення, таму, мне здаецца, ён і пайшоў у палітыку».

Як гісторык, Ігар Марзалюк з'яўляецца прыхільнікам «славянскай» тэорыі паходжання беларусаў. Ён часта крытыкаваў альтэрнатыўную «балцкую» версію, якую адстойваў у тым ліку Аляксей Дзермант. Цяпер Марзалюк і Дзермант часта дуэтам выступаюць на розных прапагандысцкіх шоу.

«Расія разбурыла ўсходнеславянскае адзінства»

У 2012 годзе Марзалюка вылучаюць кандыдатам у дэпутаты Савета Рэспублікі ад Магілёўшчыны. Дэпутатамі верхняй палаты парламента звычайна становяцца роўна тыя людзі, каго і вылучаюць. Так і адбылося ў выпадку з Марзалюком. Гісторык стаў выступаць па-беларуску ў парламенце, на тэлебачанні. Больш за тое, ён нават абвінавачваў апазіцыю ў тым, што яна рэдка выкарыстоўвае беларускую мову.

У 2016 годзе Марзалюк ужо стаў вылучацца кандыдатам у Палату прадстаўнікоў па Магілёве. Але яшчэ перад выбарамі трапіў у скандал, калі заявіў, што «анексіяй Крыма і дзеяннямі на Данбасе Расія разбурыла ўсходнеславянскае адзінства». На словы Марзалюка рэагавала пасольства Расіі, іх абсмоктвалі расійскія шавіністычныя сайты. Але стаць дэпутатам гісторыку гэта не перашкодзіла.

Перад выбарамі ў падтрымку Марзалюка быў запісаны беларускамоўны рэп.

«Людзі пытаюцца, хто такі Марзалюк. Хто такі Марзалюк, хто такі Марзалюк? Я адкажу на гэтае пытаньне пад біту грук», — чытаў па-беларуску рэпер Зміцер Белабровік.

Падчас дармаедскіх пратэстаў 2017 года дэпутат Марзалюк выходзіў да людзей, дзе праз мегафон казаў, што іх дзеянне можа прывесці да страты тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Увогуле вуснамі Марзалюка часам дазвалялася адпускаць шпількі ў бок Масквы. Напрыклад, даць адлуп за знос помніка Пушкіну ў Магілёве, ці крытыкай расійскага тэлебачання.

Супраць бел-чырвона-белага сцяга і «Жыве Беларусь»

У 2019 годзе Ігар Марзалюк стаў сапраўдным мемам, калі зацята апладзіраваў Аляксандру Лукашэнку падчас яго выступу ў парламенце. А ў нейкі момант нават пусціў слязу. У той жа год ён быў перавыбраны ў парламент.

Падчас падзей 2020 года Марзалюк рашуча падтрымаў дзеянні ўладаў. У інтэрнэце было відэа, дзе дэпутат Марзалюк у першыя дні пасля 9 жніўня ішоў па мінскіх вуліцах зігзагамі. Сам Марзалюк сказаў, што не быў п’яным, а перанёс інсульт на нагах ад пагроз у Telegram.

«Беларусь — сытая краіна, людзі не разумеюць, як лёгка могуць праваліцца ў бездань вайны, холаду і голаду», — казаў ён у падтрымку Лукашэнкі. Больш за тое, Марзалюк стаў выступаць супраць бел-чырвона-белага сцяга і воклічу «Жыве Беларусь». Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала змены ў Канстытуцыю.

Сын Альгерд

«Марзалюк мае пэўны ўплыў на Лукашэнку, — кажа ўжо цытаваны вышэй гісторык. — Думаю, пад яго ўплывам прызначалі рэктараў Магілёўскага і Гродзенскага ўніверсітэтаў. Шмат у чым у сваіх гістарычных ацэнках Лукашэнка грунтуецца менавіта на поглядах Марзалюка».

Апошнія гады палітыку Расіі дэпутат ніяк не крытыкуе. Гэтаксама ён ніяк не падтрымаў Украіну ў вайне з Расіяй.

Ігар Марзалюк жанаты. Жонка Алена — старшая навуковая супрацоўніца Магілёўскага гістарычнага музея.

«У Марзалюка шмат у чым класічная гісторыя «шэршэ ля фам», менавіта жонка яго ўвесь час падбухторвала выбівацца ў людзі, пераязджаць у Мінск, падтрымліваць уладу», — кажа магілёўскі апазіцыянер.

У Марзалюкоў адзін сын Альгерд, 2002 года нараджэння. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы Linkedin напісана, што ён з'яўляецца менеджарам па працы з кліентамі ў Беларусбанку.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Пеця/адказаць/
02.01.2023
Проста смешна, а з якiмi беларускiмi традыцыямi звязаныя зялена-чырвоныя iсламскiя спалучэннi прасунутыя нам з масквы?:)
0
Бобр/адказаць/
03.01.2023
Магілевец, сказали А говорите и Б. Занимался археологическими исследованиями. Любая стройработа в старом городе это заключение археологов. + Когда ты препод и вокруг столько соблазна взависимости от предпочтений.
0
Віталь/адказаць/
19.05.2023
Магілевец, Элементарна - выдача дазволаў на работы (або нявыдача) у ахоўных зонах гісторыка-культурных помнікаў - цудоўны бізнэс. на тым ІА і папаўся. І яшчэ яму прыпомнілі, што ўсю сваю пачатковую навуковую дзейнасць (усе 90-я гады) ён рабіў на грошы варожых Фондаў - Сораса, IDEE, NED і г.д.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера