Знайсці
30.12.2022 / 23:43РусŁacБел

Якая гісторыя хаваецца за галоўнымі навагоднімі хітамі

Песні Last Christmas ад Джорджа Майкла і Happy New Year ад ABBA — сапраўдныя святочныя хіты. А ці ведаеце вы гісторыю іх стварэння? Пра нечаканыя павароты піша медыя «Слых».

Кадр з кліпа Happy New Year ад ABBA

Гісторыя няшчаснага кахання

Песню Last Christmas прыдумалі ў жніўні 1984 года, а выпусцілі ў снежні. Джордж Майкл самастойна выканаў і запісаў усе партыі і інструменты.

Эндру Рыджлі, калега Майкла па дуэце Wham!, успамінае момант стварэння кампазіцыі:

«Мы паелі і адпачывалі перад тэлевізарам, калі Джордж амаль незаўважна знік прыкладна на гадзіну. Калі вярнуўся, то хваляваўся так, быццам знайшоў золата, якое, у пэўным сэнсе, у яго сапраўды было.

Мы пайшлі ў яго стары пакой, дзе ён трымаў сінтэзатар, і ён сыграў мне вабную, задуменную мелодыю прыпеву Last Christmas і праспяваў першыя словы. Гэта быў дзіўны момант.

Джордж стварыў музычную алхімію, паклаў сутнасць Калядаў на музыку. Лірыка, у якой распавядалася гісторыя няшчаснага кахання, стала майстэрскім ударам і, як Джордж гэта часта рабіў, зачапіла за жывое».

Last Christmas заняла другое месца ў брытанскіх чартах. Гэта была самая прадаваная песня ў гісторыі брытанскай поп-музыкі, якая ніколі не займала першае месца ў чартах.

Лёс склаўся так, што яе выканаўца Джордж Майкл памёр ад сардэчнай недастатковасці на Каляды — 25 снежня 2016 года.

«Шампанскага больш няма»

Святочная песня Happy New Year ад ABBA не такая вясёлая, як падаецца.

«Шампанскага больш няма,
І феерверкі скончыліся.
А мы тут — ты і я,
Прыгнечаныя і сумныя.
Гэта канец вечарынкі,
І раніца здаецца такой шэрай,
Такой не падобнай на ўчорашні дзень»,

— спяваецца ў хіце.

У прыпеве ж гучыць радок, што без надзеі «застаецца толькі легчы і памерці».

Гітарыст ABBA Б'ёрн Ульвеус і клавішнік Бэні Андэрсан хацелі напісаць невясёлую песню пра святы. Першапачатковы варыянт Happy New Year называўся Daddy Don't Get Drunk On Christmas Day («Тата, не напівайся на Каляды»). 

Аднак з часам песня трансфармавалася. Такі настрой быў абумоўлены пагаршэннем адносін Б'ёрна Ульвеуса і яго жонкі Агнеты Фельтскуг (бландзінкі з ABBA). Песню выпусцілі ў якасці сінгла ў 1980 годзе. У тым жа годзе пара афіцыйна скасавала шлюб.

Happy New Year — гэта гісторыя няшчаснага кахання, якое разбураецца пад Новы год. І хоць героі песні чакаюць і моляцца, каб у новым годзе знайсці сілы сябе пераадолець і адшукаць выхад, дзесьці ў глыбіні душы яны разумеюць, што проста адцягваюць непазбежнае.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
26
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
21
Сумна
8
Абуральна
5
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031