Знайсці
29.12.2022 / 09:2721РусŁacБел

«Лічыць сябе беларусам, хоць мае вышэйшую адукацыю». Як актывісты з Заходняй Беларусі змагаліся за сваю ідэнтычнасць 100 год таму

«Сяляне дужа чутка прыслухаюцца да размоў аб Беларусі. Іншыя толькі нядаўна зразумелі, што хоць яны і каталікі, але тутэйшыя. Што тутэйшыя каталікі ёсьць беларусы», — пісаў глыбоцкі карэспандэнт у 1920-я. 

Глыбокае, панарама горада і Рынак Касцюшкі, 20-я гады ХХ стагоддзя

Нацыянальны рух у Заходняй Беларусі, якая ў 1919—1939 гадах знаходзілася ў складзе Польшчы, існаваў у няпростых умовах (хоць там не зведалі таго жаху таталітарызму, як іх суродзічы ў СССР). Хто былі тагачасныя актывісты? Як яны прасоўвалі свае ідэі і збіралі грошы на дзейнасць, якую не ўхваляла польская ўлада?

Мы распавядзём пра натхненне і паразы, што суправаджалі вядомых і забытых дзеячаў, якія працавалі ў заходнебеларускім горадзе Глыбокае. Большасць звестак для гэтага тэксту сабрана па старых газетах. 

Пад чыёй уладай Глыбокае аказалася 100 год таму

Пасля падзення імперый у выніку Першай сусветнай вайны Польшча аднавіла сваю незалежнасць, страчаную напрыканцы XVIII стагоддзя. Гэта адбылося ў лістападзе 1918 года, пасля чаго тэрыторыя сучаснай Беларусі стала арэнай барацьбы паміж Польшчай і бальшавіцкай Расіяй. Урэшце, у сакавіку 1921 года ў Рызе была падпісана мірная дамова, паводле якой заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. 

Што адбывалася ў Дзісенскім павеце, на тэрыторыі якога ў той час знаходзілася Глыбокае, між 1918 і 1921 гадамі? Першы раз польскае войска ўвайшло ў мястэчка ў жніўні 1919-га. У лістападзе была створаная цывільная адміністрацыя Дзісенскага павета, а Глыбокае стала павятовым цэнтрам і заставалася ім увесь міжваенны час — бо Дзісна знаходзілася на самай мяжы з бальшавікамі.

Глыбокае. Малюнак Язэпа Драздовіча

У 1920 годзе бальшавікі яшчэ двойчы займалі тэрыторыю Глыбокага. У кастрычніку таго ж года, пасля мірных перамоў з палякамі ў Рызе, яны без баёў пакінулі Дзісенскі павет. У Глыбокім нарэшце ўсталяваўся мір, першыя тыдні якога былі звязаныя з ваеннымі цяжкасцямі. «Мястэчка значна апусьцела. Іншыя паехалі, уцякаючы ад бальшавікоў, другія ўцяклі ад палякоў. Засталіся ўсё больш старыкі ды жыды», — піша ў той час глыбоцкі карэспандэнт «Нашай Нівы».

І Саветы, і Польшча былі чужыя беларусам, якія засталіся, — ці, прынамсі, іх свядомай частцы, якая аддзяляла свае інтарэсы ад інтарэсаў бальшавікоў і палякаў. Той жа карэспандэнт «Нашай Нівы» сцвярджае, што «сяляне дужа чутка прыслухаюцца да размоў аб Беларусі». «Іншыя толькі нядаўна зразумелі, што хоць яны і каталікі, але тутэйшыя (…) Што тутэйшыя каталікі ёсьць беларусы», — працягвае карэспандэнт.

Як у Глыбокім двойчы спрабавалі адкрыць беларускую гімназію 

Першая беларуская школа ў Глыбоцкай гміне (польская тэрытарыяльная адзінка, аналагічная беларускаму сельсавету) клопатам актывістаў з’явілася ў лістападзе 1919 года, адначасова з польскай цывільнай адміністрацыяй. У ёй было два настаўнікі і 86 вучняў.

У самім Глыбокім у першы раз паспрабавалі арганізаваць беларускую гімназію ў 1924 годзе. Але камісія прызнала абраны будынак непрыдатным, а запрошаны з Вільні дырэктар Мікалай Красінскі адмовіўся ад пасады. Неўзабаве ён перабраўся ў БССР, дзе ў 1938-м быў расстраляны.

Дом Лукі Дразда на вуліцы Сянкевіча, у якім у 1924 годзе прапаноўвалі размясціць беларускую гімназію

Нягледзячы на няўдачу, беларускія актывісты не кідалі спробаў наладзіць сістэму школьнай адукацыі. У 1926 годзе ў Глыбокім з’явілася акружная ўправа Таварыства беларускай школы (ТБШ), створанага ў Вільні. Сябры ТБШ зноў паспрабавалі адкрыць беларускую гімназію ў Глыбокім, на гэты раз пабудаваўшы ўласны будынак. Яны распачалі збор грошай. 

Першымі ахвяравалі беларускія дэпутаты польскага парламента, дзеячы з Вільні і нават Беларускі нацыянальны саюз у Чыкага. У Глыбокім праходзілі і вулічныя зборы. Гэта працягвалася да 1928 года, пакуль не пачаліся арышты актывістаў ТБШ (пра іх мы распавядзём ніжэй). Арганізацыя спыніла дзейнасць. Куды падзеліся грошы, сабраныя на гімназію, застаецца загадкай.

Пячатка акруговай управы Таварыства беларускай школы ў Глыбокім

Як беларусы перамаглі на першых выбарах у Сойм і як іх пакаралі

Першыя выбары ў польскі парламент, у якіх удзельнічала насельніцтва Заходняй Беларусі, прайшлі ў лістападзе 1922 года. З акругі, у якую ўваходзіў Дзісенскі павет, у Сойм мусілі выбраць шэсць дэпутатаў. Галоўнымі канкурэнтамі былі польская левая партыя «Вызваленне» і «Блок нацыянальных меншасцяў», у які ўвайшлі беларусы.

Першым за агітацыю ўзялося «Вызваленне». «Блок нацыянальных меншасцяў» быў бяднейшым, але атрымаў лакальны поспех, калі да яго з «Вызвалення» перайшоў былы інспектар гарадскога вучылішча ў Глыбокім Пётр Гайко. Ён стаў агітаваць, аб’язджаючы вёскі ў суседніх гмінах. 

Вынік выбараў быў пэўным поспехам — у Сойм прайшлі два беларускія кандыдаты. Адным быў былы настаўнік Пётр Мятла, другім каталіцкі святар Адам Станкевіч, вядомы сваімі казаннямі на беларускай мове. Прычым яны трапілі ў Сойм менавіта дзякуючы галасам з Дзісенскага павета, дзе людзі ведалі і Мятлу, і Станкевіча.

Беларускія паслы ў Сойме ў розныя часы: Пётр Мятла, Адам Станкевіч і Павал Каруза

Поспех беларусаў на выбарах быў непрыемнай навіной для польскай адміністрацыі. Рэакцыяй сталі арышты дзясяткаў беларускіх актывістаў. Большасць з іх была вызваленая ў наступныя месяцы — але глыбоцкая турма згадвалася як месца з цяжкімі ўмовамі для арыштаваных. 

Як польская ўлада і прэса ставіліся да ўсяго беларускага

Польская дзяржава ўспрымала беларускі рух у лепшым выпадку насцярожана, у горшым — варожа. Гэтае стаўленне вельмі часта падзяляла нават польскае грамадства, якое хацела бачыць усходнія ўскраіны дзяржавы польскімі.

Нацыяналістычная прэса часта выказвала пагарду да людзей з беларускімі поглядамі і называла іх ворагамі польскасці. Напрыклад, так называлі ў газеце Dziennik Wileński ксяндза Францішка Рамэйку, які адкрыта называў сябе беларусам і часам прамаўляў па-беларуску казанні. А пра згаданага вышэй Пятра Гайко карэспандэнт Dziennika Wileńskiego пісаў, што той «лічыць сябе беларусам, хоць мае вышэйшую адукацыю». 

Тым не менш, да пэўнай ступені грамадзяне мелі магчымасць дзейнічаць насуперак афіцыйнаму курсу. Сутыкненне з беларускім рухам ці то ў форме друкаванага слова, ці то ў форме культурніцкага мерапрыемства або палітычнай прамовы часта прыводзіла людзей да нацыянальнай свядомасці.

Асобнік «Выбраных твораў» Якуба Коласа з бібліятэкі акруговай управы ТБШ у Глыбокім, які цудам захаваўся да нашых часоў

Уздым беларускай партыі, якую, верагодна, фінансавалі Саветы

У чэрвені 1925 года частка беларускіх дэпутатаў польскага Сойма — у тым ліку ўжо вядомы нам Пятро Мятла — стварылі пасольскі (дэпутацкі) клуб «Беларуская сялянска-работніцкая грамада». У 1926 годзе ён пераўтварыўся ў партыю «Грамада», якая дзейнічала менш за год, але значна паўплывала на прасоўванне беларускасці.

Сябры «Грамады» праводзілі сходы, размаўлялі пра беларускую гісторыю, прадавалі на кірмашах беларускія газеты. Праграма «Грамады» прадугледжвала надзяленне сялян зямлёй за кошт падзелу маёнткаў, а таксама стварэнне беларускіх школ. 

Шмат у чым дзейнасць «Грамады» нагадвае падзеі 2020 года ў Беларусі, калі ў арганізацыю ўступалі вялікія масы апалітычнага раней насельніцтва. Для «Грамады» выбуховы рост прыйшоўся на 1926 год. У вёсках былі створаныя дзясяткі гурткоў партыі, у якія запісаліся тысячы беларусаў.

«Грамада» мела ў сваім распараджэнні вялікія фінансавыя сродкі. Існавалі абгрунтаваныя падазрэнні, што яны паходзілі з СССР, які спадзяваўся дэстабілізаваць сітуацыю ва ўсходніх ваяводствах Польшчы. Сувязі «Грамады» з СССР многіх беларусаў не вельмі бянтэжылі: тады ў БССР яшчэ вялася палітыка беларусізацыі.

У Дзісенскім павеце за арганізацыю «Грамады» ўзяўся Пятро Мятла. Пад яго ўплывам актывісты стваралі іншыя структуры, напрыклад, прафсаюз будаўнічых работнікаў і кааператыў «Сноп». Адначасова ў Глыбокім быў заснаваны філіял Беларускага кааператыўнага банка і ўжо згаданая намі акружная ўправа ТБШ.

Яе старшынёй стаў сам Мятла. Збіраючы грошы на будынак для беларускай гімназіі, актывісты ТБШ у ліпені 1926 года арганізавалі спектакль па п’есе Францішка Аляхновіча «Пан міністр». Афішы да спектакля маляваў Язэп Драздовіч, які ў гэты час жыў у Глыбокім, а адыграць галоўную ролю быў запрошаны сам аўтар, Францішак Аляхновіч. Праз некалькі месяцаў ён з’ехаў у БССР, спадзеючыся рэалізаваць сябе як культурны дзеяч. У хуткім часе яго арыштавалі і адправілі на Салаўкі, дзе да 1933 года ён быў вымушаны набірацца ўражанняў для сваёй будучай кнігі «У капцюрах ГПУ».

Настаўнікі польскай сямікласнай школы ў Глыбокім. Трэці злева ў трэцім шэрагу — мастак Язэп Драздовіч, які працаваў настаўнікам малюнка ў гэтай школе ў 1924—1926 гадах

Як польскія ўлады разграмілі «Грамаду»

Рост «Грамады» ствараў энтузіязм у актыўных удзельнікаў і адначасова павялічваў і сацыяльнае, і палітычнае напружанне. Многія лічылі, што запісвацца ў «Грамаду» небяспечна, ці нават пагражалі, што «грамадоўцаў будуць вешаць». 

Дзейнасць «Грамады» выклікала крытыку ў тым ліку ў часткі беларускіх актывістаў. Піша ананімны аўтар з Глыбокага ў газеце Biełaruskaja Krynica ў лістападзе 1926 года: «Ёсць крытычныя галасы», якія кажуць, што «Грамада» толькі па сваёй ідэалогіі партыя беларуская, а па складу болей расейская (…) Да яе прысталі ўсе даўнейшыя царскія чыноўнікі (…) Калі я спытаўся, чаму яны не гавораць па-беларуску, то адны адказвалі, што забыліся, будучы ў Расеі, а другія проста прызнаваліся, што ім па-расейску «легче изьясняться».

Сітуацыя з «Грамадой» выклікала насцярожанасць і ў польскай адміністрацыі. За партыяй усё больш пільна сачылі, забаранялі мітынгі, ужывалі адміністрацыйныя арышты за парушэнне парадку правядзення сходаў. У 1927 годзе пачаліся абвіначванні сяброў «Грамады»па крымінальных справах за іх выступленні на сходах.

Гэта аслабіла першапачатковы энтузіязм. У вёсках сталі менш рабіць сходы, а рэпрэсіі замарудзілі і дзейнасць камітэта «Грамады» ў самім Глыбокім. Тым часам у кабінетах паліцыі рыхтаваўся план ліквідацыі «Грамады». Уначы на 15 студзеня 1927 года па ўсёй Польшчы адбыліся арышты асобаў, якія мелі дачыненне да партыі. У цягніку з Глыбокага ў Вільню быў затрыманы Пётр Мятла. Працэс супраць «Грамады» здарыўся ў 1928 годзе і ішоў каля 50 дзён запар. Мятла атрымаў найбольшы тэрмін — 12 год. 

Глыбокае на малюнках Драздовіча

Пасля разгрому «Грамады» засталося ТБШ (але ненадоўга)

Актывісты ТБШ у Глыбокім, якія засталіся на волі, выбралі новага кіраўніка замест арыштаванага Пятра Мятлы і працягвалі дзейнасць. У верасні 1928-га ТБШ правяло беларускую вечарыну, у якой адыгралі драму «На вёсцы» і камедыю «Чорт і баба». «Глядзельнікі закідалі артыстаў кветкамі, а воплескам не было канца», — піша відавочца ў газеце «Слова працы». 

Сход акруговай управы ТБШ у маі 1928 года ў Глыбокім. У цэнтры — беларускі педагог і кіраўнік хору Рыгор Шырма

Гледачы спектакляў маглі не ведаць, што старшыня глыбоцкага ТБШ Ян Аніськовіч меў дачыненне да дзейнасці нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). У лістападзе яго арыштавалі ў памяшканні акруговага камітэта ТБШ. Пры вобшуку на статуце таварыства ўбачылі адбіткі пісьма алоўкам. Хутчэй за ўсё, той экзэмляр статута служыў падкладкай пад паперу, на якой Аніськовіч пісаў лозунгі КПЗБ. Ён быў асуджаны да шасці гадоў турмы (па апеляцыі тэрмін быў зменшаны да трох год).

Увесь 1928-ы ўвогуле прайшоў для беларускіх актывістаў Дзісенскага павета пад знакам судоў. Акрамя суда над Аніськовічам, адбыўся працэс над 28 жыхарамі Дзісенскага павета, якіх абвінавацілі ў супрацы з камуністамі. Суд прызначыў турэмныя тэрміны чатыром падсудным, а 24 апраўдаў. 22 з іх правялі ў турме 13 месяцаў. 

Таксама сярод затрыманых быў рэдактар «Нашай волі» Міхась Машара. Як пісаў Kurjer Wileński, арышт адбыўся «ў сувязі з ліквідацыяй на тэрыторыі Шаркаўскай гміны камуністычнай арганізацыі». Машару абвінавацілі — ды апраўдалі. Чакаючы суда, ён пачаў пісаць вершы і пазней стаў адным з самых вядомых паэтаў Заходняй Беларусі.

Рэдактар і паэт Міхась Машара

Спектакляў у Глыбокім ужо не праводзілася. Акруговая ўправа ТБШ перастала існаваць. Зніклі са старонак газет паведамленні і пра Беларускі банк і пра кааператыў «Сноп». Добрай навіной было тое, што многія з арыштаваных у 1927—1928 гадах у 1929 годзе апынуліся на волі. Але шок ад арыштаў прывёў да таго, што ў Глыбокім пасля 1928 года не адрадзілася ніводная беларуская арганізацыя. 

Што замаруджвала развіццё нацыянальнай свядомасці ў 1930-я

Сітуацыя ў 1930-я была няпростай. Беларуская праца ў той час праходзіла ад імя польскіх арганізацый. Урыўкавыя карэспандэнцыі ў прэсе ды ўспаміны паведамляюць пра беларускія пастаноўкі ў вёсках Дзісенскага павета. Здаецца, што гэтую дзейнасць вяло «нябітае» маладое пакаленне, якое не зведала на сабе «супрацьграмадоўскіх» рэпрэсій канца 1920-х.

Быў выпадак, калі беларуская маніфестацыя ў Дзісенскім павеце стала галоснай на ўсю Польшчу. У верасні 1934 года ў Глыбокім прайшлі «Дажынкі», на якія сабралася каля васьмі тысяч чалавек. За дэлегацыю з гміны Лужкі адказваў лекар, свядомы беларус Усевалад Шыран. Ён пастанавіў, што дэлегацыя павінна мець беларускі нацыянальны характар і быць апранутая ў традыцыйную сялянскую вопратку. Фота доктара Шырана ў лапцях у атачэнні дзяўчат трапіла на першую паласу газеты Ilustrowany Kuryer Codzienny, якая была самым масавым штодзённым выданнем у міжваеннай Польшчы.

Дажынкі 1934 года ў Глыбокім. Дэлегацыя гміны Лужкі ў беларускай нацыянальнай вопратцы. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe, Варшава

Беларускія і польска-беларускія дзяржаўныя школы, адкрыцця якіх удалося дабіцца напрыканцы 1920-х, не пратрывалі і 10 год. Аднак польская школа не магла спаланізаваць усіх вучняў. Дзяржаўная гімназія ў Дзісне, якая выхоўвала дзяцей у духу лаяльнасці да польскай дзяржавы і культуры, адначасова заахвочвала да этнаграфіі. Са сценаў гімназіі выйшаў пісьменнік і перакладчык Ян Гушча, які пасля Другой сусветнай вайны перакладаў на польскую творы беларускіх пісьменнікаў.

Да пачатку 1937—1938 гадоў былыя дзеячы беларускай «Грамады» «зрабіліся або расейцамі, або спаланізаваліся». Адна былая грамадоўка нават адмовілася дапамагчы з прадстаўленнем са словамі па-беларуску: «Ня ведаю я ўжо гэтага конскага языка і вам ня раджу гэтым займацца», — цытуе яе ў 1938 годзе газета «Беларускі Фронт».

Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка», выданне 1928 года выдавецкага таварыства «Пагоня» ў Вільні. Належала Паўлу Гапанёнку з вёскі Валодзькі Порпліскай гміны Дзісенскага павета

Беларусізацыю спыніла не Польшча, а Саветы

Другая палова 1930-х гадоў характарызавалася ўзмаценнем польскага нацыяналізму. Але сялянская моладзь працягвала цікавіцца беларускімі газетамі і кнігамі. «Да вайны наагул, а старыкі часта і цяпер, лічылі беларускую мову «простай» і ахвотна бачылі, калі іхнія дзеці навучаліся гаварыць па-панску (г. зн. па-расейску або па-польску). Моладзь адносіцца да сваёй мовы інакш. Яна ўжывае яе зусім сьведама як сваю і ня лічыць ані ня горшай ад іншых — польскай або расейскай», — піша у 1938 годзе гісторык Мікола Шкялёнак.

Цікавым сведчаннем таго, што моладзь прысвячала сябе беларускай справе, было ахвяраванне летам 1939 года маладзёнамі з мястэчка Лужкі 11 злотых на выданне зборніка вершаў іх земляка, паэта Міхася Машары. У правінцыі ў той час сярэдні дзённы заробак складаў два злотыя.

Такіх прыкладаў нацыянальнага ўсведамлення было б значна больш, але працэс быў спынены ў 1939 годзе, калі з’явіўся сталінскі рэжым. Пры Саветах беларуская мова не забаранялася, але рэпрэсіямі і страхам былі знішчаныя магчымасці для грамадскага актывізму. Гэтыя працэсы аказаліся для беларускай культуры непараўнальна больш згубнымі, чым паланізацыя ў 1930-я гады.

Тым не менш, некаторыя парасткі беларушчыны ўсё ж прараслі і захаваліся. 

Янка Дрозд — сын глыбачаніна Лукі Дразда, выпускнік Віленскай беларускай гімназіі. У 1926 годзе нелегальна перайшоў мяжу з БССР, каб атрымаць адукацыю ў Мінску. Расстраляны па сфабрыкаваным абвінавачванні ў 1933 годзе

Адваротны бок фотаздымка, які Янка Дрозд даслаў з СССР бацькам у Глыбокае. «На ўспамін дарагім бацьком, аб бегляцу. 16-IV-27. Янка»

Ян Рамэйка, Ганна Валынец 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Беларуска з Латвіі/адказаць/
08.01.2023
Иосиф, пра нармальным развіцці падзей ў Латвіі ЛТБК "Сьвітанак" існуе дагэтуль. Ніякая гэта не разавая з'ява, як Вы чамусці мяркуеце. Як і існуюць дагэтуль культурныя таварыствы іншых меншасцяў. Ёсць нават цэлая Асацыяцыя Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, заснаваная ў 1988-м ў тым ліку "Сьвітанкам", якая мае свой вялікі будынак на вул. Слокас 37. Па латышску LNKBA. Загугліце, калі цікава. Ёсць сайт таварыства svitanak кропка eu. Спадару Юзіку рэспект за каментары. Вось філіала ЛТБК "Сьвітанак" у Вентспілсе зараз не існуе, нажаль.
09.01.2023
Беларуска з Латвіі,  
"Сьвітанак" у Вентспілсе зараз не існуе,
Jon i ū Rizie isnuje toļki chiba na papiery. Zakrytaje spirytyčnaje tavarystva amataraū harbaty svaim kolam u skladzie umoūnych piaci z palovaju čalaviek. Sluchaū niejak intervju niejkaj dziajački na LR4, dyk kali b viadučy nie paviedamiū, sto heta bielaruska, ja i nia viedaū by, i nichto z sluchačou nia viedaū by... Pa Slokas stodnia jezdžu, nu, tak, budynak josc`, značyc` i Svitanak josc`...:))
A ci pracuje jasče skola, sto na Ilukstes, imia Janki Kupaly ? Tam nievialički, alie pryhožy bareļjef paeta na mury...
09.01.2023
A samy pryhožy budynak na Slokas maje numar 29. Jon ciapier u davoli zaniadbanym stanie, alie heta sedeūr dojlidztva,.. na maju dumku i pohliad. Chočacca viedac` historyju taho doma, alie poki ničoha nie znajsoū.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера