Знайсці
28.12.2022 / 21:4224РусŁacБел

Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Аляксандр Зайцаў стаў рыцарам папскага ордэна. У гэтай гісторыі ёсць нюансы

Бізнэсмен Аляксандр Зайцаў, выключна блізкі да Віктара Лукашэнкі, стаў рыцарам Ордэна Святога Грыгорыя Вялікага. Рэгаліі асвяціў арцыбіскуп Станеўскі, нягледзячы на тое, што Зайцаў знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Многія мяркуюць, што Зайцаў каталіком стаў, каб вырашыць свае задачы. 

Фота: Tut.by

Папа Францішак надаў бізнэсоўцу Аляксандру Зайцаву тытул рыцара Ордэна Святога Грыгорыя Вялікага.

Зайцаў стаў першым у гісторыі Беларусі членам гэтага папскага Ордэна. Арцыбіскуп Станеўскі асвяціў рэгаліі і прыняў прысягу ад новага кавалера. У мерапрыемстве ўдзельнічалі ксёндз Ігар Лашук са Стоўбцаў і ксёндз Юрый Жагарын з Навагрудка. Пра падзею не паведамлялася на афіцыйных каталіцкіх парталах, піша партал «Хрысціянская візія».

Пропаведзь падчас падзеі сказаў кс. Ігар Лашук.

«Я ведаю спадара Аляксандра шмат гадоў, яго ўзрастанне ў веры адбывалася крок за крокам, — цытуе яго партал. — Я радуюся, што каталіцкі Касцёл адзначыў яго ордэнам Святога Грыгорыя Вялікага. Ён не толькі асабіста ўзрастаў у веры, але распаўсюджваў і пашыраў веру Касцёла тут на беларускай зямлі», — сказаў святар.

Арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што сам Зайцаў не шукаў гэтай узнагароды, а «ўзнагарода шукала рыцара Аляксандра, рыцарская годнасць шукала яго».

«Напэўна, вернікі каталіцкага Касцёла ўдзячныя вам і аддаюць Богу хвалу за тое, што ў ХХІ стагоддзі на нашай сінявокай Бацькаўшчыне ёсць такія вялікія людзі», — сказаў арцыбіскуп.

Зайцаў ахвяраваў вялікія грошы на будаўніцтва новых касцёлаў у Беларусі.

Гісторыя прыходу Зайцава ў касцёл — незвычайная. Па нараджэнні ён праваслаўны з Ружан (Брэсцкая вобласць). І людзі, якія з ім працавалі, кажуць, што яшчэ 20 гадоў таму, калі ён працаваў у Міністэрстве эканомікі і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, ён негатыўна і нават ваяўніча выказваўся пра каталікоў. Як жа ён «прыйшоў да веры»?

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Зайцаў імкнуўся атрымаць пашпарт Мальтыйскага ордэна. Але быў нюанс: Мальтыйскі ордэн — гэта каталікі, па сваім законе яны не маюць права прыняць у свае шэрагі праваслаўнага. 

Па нашай інфармацыі, адзін з найвышэйшых функцыянераў Ордэна стаў хросным бацькам Зайцава — дарослы чалавек можа выбіраць сабе хросных сам. 

Мальта прываблівае багатых людзей з беларускімі каранямі. Так, на Мальце пражывае гандляр зброяй Уладзімір Пефціеў, які таксама трапляў пад санкцыі заходніх краін, але выйшаў з-пад часткі іх. 

Пашпарт Мальтыйскага ордэна прызнаецца многімі краінамі. Для яго атрымання трэба быць актыўным каталіком і мецэнатам.

Па даных ордэна, яго членамі з'яўляюцца 13 500 чалавек. Галоўныя чыноўнікі ордэна і дыпламаты маюць пашпарт ордэна. Усяго выдадзена каля 400 пашпартоў. Пашпарт Мальтыйскага ордэна прызнаецца многімі краінамі, яго ўладальнік мае права бязвізавага ўезду ў 32 краіны. Усе члены Ордэна павінны весці ўзорны лад жыцця ў адпаведнасці з вучэннем і прыказаннямі Царквы і прысвяціць сябе працы Ордэна па аказанні гуманітарнай дапамогі.

Датычна Зайцава, «Хрысціянская візія» піша, што асноўнай сферай дапамогі бізнэсмена з’яўляецца будаўніцтва. Нездарма ва ўрачыстасці браў удзел ксёндз Ігар Лашук, якога называюць «ксяндзом-будаўніком», біскупскі вікарый па справах будаўніцтва і рамонту сакральных будынкаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сваю чаргу, ксёндз Юрый Жагарын адбудаваў рэкалекцыйны дом у Навагрудку і адрамантаваў велічны касцёл там.

Падчас пропаведзі ксёндз Лашук прыгадвае адну акцыю якую падтрымаў Зайцаў — перэгрынацыю, гэта значыць, падарожжа фігуры святога Міхала Архангела. Яна пачалася ў 2018 годзе.

З гэтай жа фігурай святар ездзіў па каталіцкіх парафіях уздоўж мяжы з Украінай пасля пачатку расійскага ўварвання. «Чыталі экзарцызмы, каб дэман вайны пакінуў Крэмль (…) Маліліся, каб палітыкі былі палітыкамі, а не галаварэзамі», — напісаў тады айцец Лашук. Неўзабаве пасля гэтага на ксяндза Лашука была заведзена адміністрацыйная справа нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкага кантэнту» і святар быў пакараны 30-цю базавымі штрафу.

Што такое Ордэн Святога Грыгорыя Вялікага?

Гэта найвышэйшая адзнака для свецкіх асобаў, якой узнагароджвае Папа. Яна была ўстаноўленая ў 1831 годзе і даецца за «ваенныя ці цывільныя заслугі ў падтрымцы пачынанняў Апостальскай Сталіцы». Ініцыятарамі надання звання рыцара Ордэна Святога Грыгорыя Вялікага зазвычай з’яўляюцца мясцовыя біскупы ці апостальскі нунцый. Разглядаюцца гэтыя справы зазвычай у Дзяржаўным Сакратарыяце Святога Пасаду.

Бізнэс-поспехі Аляксандра Зайцава грунтуюцца на блізкасці да сям'і Лукашэнкі — Зайцаў доўгі час быў памочнікам Віктара Лукашэнкі і выконваў розныя місіі ў Арабскіх Эміратах і краінах Усходу.

За гэта ён і трапіў у санкцыйныя спісы краін Захаду. 

Пра магчымасці ці пазіцыю Зайцава шмат кажа той факт, што ён не здолеў ці не захацеў заступіцца за тых сваіх супрацоўнікаў, якія папалі пад рэпрэсіі. Цэнтральны прыклад тут — Вольга Хіжынкова, якая працавала ў зайцаўскім «Дынама Брэст» на момант свайго затрымання. Нагадаем, што яе, былую «Міс Беларусь», 42 дні катавалі невыноснымі ўмовамі ўтрымання на Акрэсціна. 

Зайцаў зарабляе ў тых сферах бізнэсу, дзейнасць у якіх у Беларусі магчымая толькі з адабрэння Аляксандра Лукашэнкі. Разам з Аляксеем Алексіным («Энерга оіл», «Табакеркі») і Мікалаем Вераб'ём Зайцаў уваходзіць у самы ўплывовы на сёння трыумвірат «бізнэсменаў удачы». 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
30.12.2022
Постройка костела это прихожане. Больше костелов больше прихожан. Больше прихожан больше верующих католиков. Католики это вам не московский патриархат:) , это западное влияние, стратегически-политически. Так что награда вполне заслужена, даже если он агент кгб;)  Веселит что внаглую дали.
0
Роторная молотилка/адказаць/
30.12.2022
В википедию бегом.
Мальту с Мальтийским Орденом перепутать, детский сад, вторая четверть.
0
Valadzimir/адказаць/
30.12.2022
Ян, Вы фактычна выклалі... "канспіралагічную" версію аб тым, што агульнага паміж дзейнасьцю Папы Іаана ПаўлаІІ і абмяркоўваемым рашэньнем Папы Францыска. А дакладней, аб адзінай для іх мэце - рост стратэгічна-палітычнага ўплыву і, ўрэшце рэшт, перамога Захаду над Расеяй і праваслаўем.
А наконт "внаглую" не згодны. На маю думку, ад самага пачатку ўсё іменна так (з такім фіналам) і было задумана - прагматычна, дэталёва, без эмоцый і думак аб тым, а як гэта будзе ўспрынята беларусамі.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера