Знайсці
16.12.2022 / 21:10РусŁacБел

«Генерал Мароз» на службе УСУ. Крэмль палохае Украіну халоднай зімой, але баяцца хутчэй варта расійскім салдатам

Ва Украіне выпаў першы снег, і ў найбліжэйшы час тэмпература будзе стабільна мінусавой — зіма, якой так доўга Крэмль палохаў украінцаў, настала. Расійская прапаганда падае «генерала Мароза» як вернага саюзніка расійскай арміі, які дапамагаў ёй яшчэ ў войнах супраць Напалеона і Гітлера. Але вайсковыя эксперты лічаць інакш: Расія значна горш гатовая да вайны ў зімовых умовах, чым Украіна (і гэта ўжо адбіваецца на фронце), піша The Insider.

Ілюстрацыя створаная нейрасеткай Midjourney

Зімовы этап вайны ва Украіне: Пуцін ставіць на «халадамор»

Пасля адыходу расійскіх Узброеных сіл з плацдарма на правабярэжжы Дняпра ў Херсонскай вобласці завяршыўся восеньскі перыяд ваеннай кампаніі ва Украіне. Пакуль складана сказаць, ці здолеюць расіяне замацавацца на левым беразе, будуць украінцы спрабаваць весці тут наступленне ці перанясуць асноўныя намаганні на Запарожскі, Данецкі або Луганскі напрамкі.

Але большасць экспертаў згодныя з тым, што ў найбліжэйшыя месяцы поспех супрацьлеглых бакоў будзе залежаць у першую чаргу ад таго, як яны прыстасаваліся да ваенных дзеянняў ва ўмовах зімовых халадоў.

У Крамлі не хаваюць, што ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны нацэленыя ў тым ліку на тое, каб у зімовы перыяд пакінуць краіну без ацяплення.

Ва Украіне, як і на Захадзе, добра разумеюць гэта. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі рознымі словамі кажуць адно і тое ж: Пуцін паспрабуе ператварыць зіму ў зброю (weaponization of winter па-англійску, або «халадамор», як гэтую стратэгію вобразна называюць украінскія каментатары), бо не ў сілах дамагчыся поспеху выключна вайсковымі сродкамі.

Масіраваныя ўдары кіраванымі ракетамі і дронамі-камікадзэ па ўкраінскай энергасістэме прыносяць свой плён: пачынаючы з 10 кастрычніка восем хваляў ракетных нападаў (а сёння была і дзявятая) прывялі да пашкоджання ўсіх цеплавых і гідраэлектрастанцый ды 40% аб'ектаў высакавольтнай сеткі Украіны. У выніку без электрычнасці і, адпаведна, ацяплення перыядычна застаюцца мільёны жыхароў.

Калі ўлічваць, што жылы фонд моцна пацярпеў за час баёў, Сусветная арганізацыя аховы здароўя небеспадстаўна асцерагаецца ўзнікнення гэтай зімой ва Украіне крызісу ў сферы аховы здароўя з-за эпідэмій прастудных захворванняў і вялікай колькасці абмаражэнняў і пераахаладжэнняў.

Што тычыцца ўласна баявых дзеянняў, то многія эксперты і чыноўнікі чакаюць у зімовы перыяд літаральнай «замарозкі» канфлікту, то-бок аператыўнай паўзы.

Эўрыл Хэйнс, дырэктар Нацыянальнай разведкі ЗША, казала, што і УСУ, і УС РФ выкарыстаюць зіму для таго, каб папоўніць запасы, перазабяспечыць войскі і пачаць наступ вясной.

Паводле ацэнкі ўплывовай амерыканскай арганізацыі Atlantic Council, расійскае камандаванне сыдзе ў стратэгічную абарону з апорай на сістэму ахоўных умацаванняў, якая ўзводзіцца цяпер, каб выйграць час на «абкатку» ў баявых умовах масы мабілізаваных і папоўніць людзьмі і тэхнікай пашкуматаныя падчас чарады восеньскіх паразаў часці і злучэнні.

Больш за тое, у СМІ з'яўляліся ўцечкі ад заходніх палітыкаў і вайскоўцаў датычна магчымасці дасягнуць палітычнага ўрэгулявання якраз у той час, калі на фронце з-за зімы наступіць зацішша. У прыватнасці, старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі называў зіму «акном магчымасцяў» для перамоў паміж Масквой і Кіевам.

Адміністрацыі прэзідэнта ЗША Байдэна прыйшлося пасля гэтага запэўніваць украінскіх партнёраў, што заява генерала Мілі не азначае адмовы ад далейшай падтрымкі контрнаступлення УСУ.

Зусім іншага меркавання прытрымліваюцца ўкраінскія афіцыйныя асобы. Першы намеснік камітэта Вярхоўнай рады па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і разведкі, былы камандуючы дэсантна-штурмавымі войскамі УСУ Міхаіл Забродскі ў артыкуле, апублікаваным у пачатку лістапада, піша, што перадых у зімовы перыяд патрэбны расійскаму боку: «Гэты [зімовы] час трэба расійскаму камандаванню, каб планава і з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваць усе перавагі разгорнутай два месяцы таму частковай мабілізацыі».

Цалкам верагодна, што УСУ паспрабуюць утрымаць ініцыятыву і не дазволіць расійскім войскам спакойна перазімаваць на цяперашніх пазіцыях.

Гэта не азначае, што ўкраінцы абавязкова арганізуюць маштабнае наступленне на нейкім з аперацыйных напрамкаў, але нават пры нерухомым фронце ўкраінскае камандаванне можа ўдарамі дальнабойных высокадакладных артылерыйскіх сістэм (накшталт HIMARS) паражаць тылавыя базы, парушаць лініі забеспячэння і зніжаць баяздольнасць часцей, размешчаных на першай лініі.

Тэмпературная карта Украіны

Расія, у сваю чаргу, пакуль не дэманструе здольнасці наступаць дзе б там ні было, акрамя як пад Бахмутам, прычым у асноўным за кошт чалавечых рэсурсаў ПВК «Вагнер» і без выразных мэтаў — бо нават поспех у гэтым раёне не дасць ніякіх асаблівых пераваг, калі УСУ захаваюць прасоўванне на лініі Сватава — Крамянная з пагрозай Старабельску і ахопу Луганскай групоўкі УС РФ з поўначы.

Такім чынам, у найбліжэйшыя месяцы, акрамя як на ракетныя ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны, расійскім войскам спадзявацца не будзе на што. Хутчэй за ўсё, Крэмль спадзяецца за зіму стабілізаваць лінію фронту, насыціць абарону мабілізаванымі, а вясной пайсці ў рашучае наступленне.

Але рэалізаваць гэтыя планы можа аказацца не так проста, як здаецца на першы погляд. Нават калі Украіна не будзе спрабаваць ісці ў маштабнае наступленне, сама па сабе зіма можа забраць нямала жыццяў расійскіх салдат.

Што азначае зіма для тых, хто ваюе ва Украіне

Украінскія зімы нельга назваць сапраўды суровымі — тэмпература звычайна вар'іруецца ад плюс 3 да мінус 7 градусаў. У амерыканскай традыцыі такое надвор'е называюць wet cold (літаральна «вільготны холад»), і з вайсковага пункту гледжання гэта ледзь не найгоршы з усіх магчымых варыянтаў (калі не лічыць экстрэмальныя тэмпературы ад мінус 25 градусаў Цэльсія і ніжэй).

Ападкі маюць выгляд то дажджу, то снегу, а то і таго, і іншага адначасова, паўсюль гразь і слота, вільготнасць насычае абмундзіраванне, назапашваецца ў тэхніцы і зброі, стварае «ледзяную кашу» на дарогах. Нізкія тэмпературы азначаюць павышаныя патрабаванні да экіпіроўкі і рыштунку асабовага складу, абагравання пунктаў пастаяннай дыслакацыі, абсталявання зямлянак і месцаў для сну і адпачынку, забеспячэння гарачым харчаваннем, планавання пры скарочанай працягласці светлавога дня (каля 9 гадзін у параўнанні з 15—16 гадзінамі летам).

Не меншае значэнне набывае кампетэнтнасць камандавання: памылковыя загады аб перамяшчэнні або распаўсюджаная, мяркуючы па расказах відавочцаў, практыка пакідаць часці з мабілізаваных на перадавой без сувязі і забеспячэння можа прывесці зімой да высокіх страт, нават калі ўкраінцы не зробяць ніводнага стрэлу.

Лагістыка пры такім надвор'і таксама ўскладненая. Колавая тэхніка не зможа ездзіць па-за дарогамі з цвёрдым пакрыццём, патрэбныя гусенічныя машыны, і ў вялікай колькасці, прычым на кожную машыну прыйдзецца здабываць зімовы камуфляж і антыфрыз.

Затое ў студзені зіма ў пэўнай ступені здымае абмежаванні з перасоўванняў па водных перашкодах, якія пакрыюцца лёдам, і зніжае эфектыўнасць мінных палёў, калі яны аказваюцца пад тоўстым пластом снегу.

Украінскія вайскоўцы пад Кіевам. Фота: Brendan Hoffman for The New York Times

Лічыцца, што вядзенне баявых дзеянняў зімой патрабуе на 50% большага аб'ёму забеспячэння, а з ім і цяпер вялікія праблемы.

Знізіцца і манеўранасць, хуткасць перамяшчэння ў пешым парадку па снежным покрыве падае на 50—75%. У дадатак на снежных дарогах або на засыпаных снегам палях прасцей ідэнтыфікаваць месцазнаходжанне тэхнікі разведвальнымі дронамі, таму павялічваецца значэнне блізкасці прамысловых цэнтраў, тылавых баз, складоў забеспячэння і чыгуначных шляхоў зносін.

Узімку прыкладна напалову скарачаецца працягласць так званай «залатой гадзіны» (golden hour) — перыяду, калі можна выратаваць салдата, які атрымаў сур'ёзнае раненне на полі бою. Гэта павышае санітарныя страты і патрабаванні да абсталявання палявых шпіталяў. Акрамя таго, без расліннасці («зялёнкі») байцам з абодвух бакоў прыйдзецца больш уціскацца ў зямлю, мокрую і брудную (пры калянулявых тэмпературах) або мёрзлую (пры ўстойліва адмоўных), значыць, будзе больш прастуд і падобных хвароб.

Без натуральнага прыкрыцця расліннасцю лягчэй выкрываць месцы засяроджвання войскаў і тэхнікі беспілотнікамі. Праўда, самі дроны з-за скарачэння светлавога дня і пастаянных халодных вятроў прыйдзецца выкарыстоўваць абмежавана. Перш за ўсё гэта тычыцца цывільных апаратаў, закупленых у гіганцкіх аб'ёмах дзеля патрэб і расійскай, і ўкраінскай армій.

Па інфармацыі ўкраінскага боку, нават серыйныя беспілотнікі, дроны-камікадзэ «Герань-2» іранскага паходжання, на некаторы час зніклі з украінскага неба з-за таго, што яны кепска пераносяць халады.

Не толькі дроны, але і ўсе электронныя прылады, напрыклад, неабходныя для працы сістэм кіравання агнём або камунікацыйнага абсталявання, будуць хутчэй выдаткоўваць рэсурсы батарэй. Нават найпростыя аперацыі па абслугоўванні тэхнікі і зброі стануць больш працаёмкімі, у выніку павялічыцца колькасць адмоў, паломак, няштатнай працы.

Пахмурнае надвор'е і доўгія ночы таксама прад'яўляюць павышаныя патрабаванні да абсталявання прасунутай оптыкай і цеплавізарамі (і, адпаведна, патрабуюць мер барацьбы з выяўленнем гэтай самай оптыкай і цеплавізарамі).

Акопвацца звычайнымі рыдлёўкамі зімой немагчыма, мёрзлую зямлю не ўзяць шанцавым інструментам — тут спатрэбяцца будаўнічая і спецыяльная інжынерная тэхніка, а таксама навыкі ўладкавання бліндажоў (зрэшты, без дастаўкі жалезабетонных канструкцый, драўляных перакрыццяў, рулонных уцяпляльнікаў і шмат чаго іншага гэтыя навыкі прымяніць усё адно не атрымаецца). На першы план выйдзе абсталяванне інжынерных частак трактарамі, бульдозерамі, маніпулятарамі, інжынернымі машынамі.

Нарэшце, зімовыя стандарты забеспячэння асабовага складу. Сюды ўваходзяць і зімовае абмундзіраванне (уцепленыя чаравікі, пальчаткі, тэрмабялізна), і ўзмоцнены рацыён харчавання (4500-6000 калорый на дзень), уключаючы вітаміны (каб не дапусціць эпідэмій прастудных захворванняў), і медыцынскія сродкі для дапамогі пры абмаражэннях (перш за ўсё ног, гаворка ідзе пра вядомую з часоў Першай сусветнай вайны «траншэйную» або «акопную стапу»), пераахаладжэннях, а таксама (як гэта ні дзіўна) сонечных апёках скуры і вачэй (снежная слепата).

Вайна ў зімовых умовах — гэта выклік і для маральна-псіхалагічнага стану вайскоўцаў, на што звяртаюць асаблівую ўвагу прадстаўнікі НАТА.

Як заявіў прэсе адзін з неназваных функцыянераў альянсу, «калі вы змагаецеся ва ўмовах, калі ваш танк пастаянна захрасае і губляе гусенічныя стужкі, а вы ўвесь час адчуваеце волкасць і холад, то гэта ўплывае на баявы дух войска». Адно з верагодных наступстваў дэмаралізацыйнага ўздзеяння холаду ў спалучэнні з высокай рызыкай для жыцця і дрэнным забеспячэннем — злоўжыванне алкаголем і падзенне дысцыпліны.

У канчатковым выніку, зіма правярае ўсе элементы вайковага механізму — ад стану тэхнікі да ступені падрыхтоўкі камандзіраў.

Каму дапаможа зіма

Па ацэнцы брытанскай выведкі, холад створаць цяжкасці для абодвух бакоў канфлікту, але ступень іх уздзеяння на расійскія войскі, верагодна, акажацца значна большым. З імі згодныя аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW) — яны мяркуюць, што зіма не спыніць украінскага контрнаступлення. Восеньская і вясновая бездараж спрыяльная для абарончых задач: грунты размывае дажджамі, манеўраванне войскамі абцяжарваецца. Але як толькі зямля досыць прамерзне, з'яўляецца магчымасць праводзіць буйныя аперацыі пры дапамозе гусенічнай тэхнікі.

Украінскія вайскоўцы пачалі рыхтаваць сані летам, яны яшчэ ў ліпені паставілі пытанне аб забеспячэнні зімовым абмундзіраваннем перад заходнімі саюзнікамі.

Па звестках нямецкага выдання Spiegel, міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў накіраваў генеральнаму сакратару НАТА Енсу Столтэнбергу запыт на рыштунак, абсталяванне і сродкі размяшчэння, прыстасаваныя да ўмоў зімы, у разліку на 200 тысяч салдат.

У сярэдзіне кастрычніка на саміце НАТА прагучалі заявы, што альянс ужо пераарыентаваў пастаўкі на зімовыя камплекты адзення і зрушыў акцэнты ў вайсковай дапамозе на неабходную для зімовай кампаніі наменклатуру.

Да пачатку снежня Украіна атрымала 195 тысяч камплектаў зімовага абмундзіравання толькі ад адной Вялікабрытаніі. Германія перадала 116 тысяч зімовых куртак, 240 тысяч галаўных убораў, 80 тысяч штаноў, а таксама 200 палатак і 195 генератараў. Канада ў кастрычніку абавязалася паставіць 500 тысяч адзінак зімовых куртак, штаноў, абутку і пальчатак. Вядома пра пастаўкі рэчавай маёмасці, тэрмакоўдраў, абагравальнікаў, зімовых сухпайкоў яшчэ больш чым дзясятка краін-удзельніц НАТА.

Агенцтва AFP апісвае абсталяванне бліндажа адной з часцей 5-й брыгады УСУ, дыслакаванай на Данбасе, у якой за кошт цеплаізаляцыйных матэрыялаў атрымліваецца падтрымліваць тэмпературу ў 22 градусы Цэльсія пры 5 градусах звонку. Па словах вайскоўцаў, яны атрымалі ад валанцёраў спальныя мяшкі, якія вытрымліваюць тэмпературу ў мінус 30 градусаў. Аналагічныя відэа (зразумела, у прапагандысцкіх мэтах) размяшчае Мінабароны Украіны. Інжынерныя падраздзяленні УСУ абсталююць бліндажы з гатовых модульных канструкцый на другой лініі абароны.

А што ж з падрыхтоўкай расійскай групоўкі да зімы? Наколькі можна меркаваць па адкрытых крыніцах, сістэмнай працы ў гэтых адносінах да гэтага часу, калі каляндарная зіма ўжо наступіла, не вядзецца. Яшчэ не патрапіўшы на тэрыторыю Украіны, мабілізаваныя выкладалі відэа, як яны грэюцца ля вогнішчаў. Такі ж спосаб сагрэцца ў зоне баявых дзеянняў прывядзе да неадкладнага выяўлення месца размяшчэння і артылерыйскага ўдару па іх. На іншых роліках вайскоўцы дзякуюць сваякам і валанцёрам за куплю цёплых рэчаў і кірак (!), дзякуючы якім разлічваюць «нармальна існаваць зімой у палявых умовах».

Забеспячэнне зімовым абмундзіраваннем мабілізаваных аддадзена на водкуп ім самім і неабыякавым грамадзянам

Забеспячэнне зімовым абмундзіраваннем, прынамсі, мабілізаваных аддадзена на водкуп ім самім і неабыякавым грамадзянам. Шкарпэткі (абавязкова з літарай Z) для салдат вяжуць дзеці і пенсіянеры, дастаўкай цёплай вопраткі займаецца адыёзны акцёр Іван Ахлабысцін, які распавядае на камеру, што «ў нас паўфронту ў саплях», у той час як дэпутат Дзярждумы, генерал-лейтэнант запасу Андрэй Гурулёў публічна здзіўляецца, куды са складоў захоўвання знікла 1,5 млн камплектаў формы.

Падобна на тое, што вайсковае кіраўніцтва не вынесла ніякіх урокаў з вясновага вопыту. У той перыяд расійскія салдаты атрымлівалі абмаражэнні канечнасцяў ў такіх маштабах, што гэта сур'ёзна адбівалася на баяздольнасці цэлых падраздзяленняў. Па звестках Conflict Intelligence Team, на адным з аперацыйных напрамкаў толькі адна батальёна-тактычная група мела палаткі, а зімовае абмундзіраванне (прычым набытае за свой кошт) было толькі ў 20% асабовага складу.

Цяпер гісторыя паўтараецца. Напрыклад, байцам 1-й мотастралковай роты 80-й асобнай мотастралковай брыгады ВМФ, якія ваююць ва Украіне, прыйшлося самім купляць зімовую форму — па дакументах яе «выдалі» яшчэ летам і тут жа спісалі на баявыя страты. Некаторыя мабілізаваныя, якія трапілі ва ўкраінскі палон, выказваюць непадробную радасць, паколькі ім не прыйдзецца зімаваць у бліндажах, куды не завезлі нічога неабходнага.

Ва ўкраінскіх сацсетках цыркулююць запісы, на якіх выяўленыя расійскія салдаты, што, мяркуючы па ўсім, церпяць ад цяжкай або сярэдняй ступені пераахаладжэння і таму амаль не рэагуюць на гранаты, якія ляцяць у іх з дронаў. Асобныя z-каналы адкрыта пішуць, што з-за кіраўнічага хаосу ўжо фіксуюцца выпадкі, калі мабілізаваныя замярзаюць да смерці. А славутыя «ваенкары» дзеляцца неверагодным па ступені цынізму «лайфхакам» пры арганізацыі наступальных аперацый пад Бахмутам сіламі набраных з ліку зняволеных наймітаў ПВК «Вагнер»:

«З-за халадоў і адсутнасці падрыхтаваных пазіцый, каб не замерзнуць да смерці, [наймітам-зэкам] даводзілася ўрывацца ў акопы укропаў».

У выніку зімовая кампанія можа аказацца цяжкім выпрабаваннем для расійскіх войскаў незалежна ад дзеянняў украінцаў. Мяркуючы па тым, наколькі кепска наладжаныя забеспячэнне і агульная арганізацыя войскаў з ліку мабілізаваных, якія ўсё прыбываюць, значную частку незваротных і санітарных страт забяспечаць дзеянні «генерала Мароза», а не галоўнакамандуючага УСУ генерала Валерыя Залужнага.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
59
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
12
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031