Знайсці
04.01.2023 / 10:434РусŁacБел

«Раскладаю грошы па канвертах». Як беларус выпрацаваў цэлую сістэму накапленняў

«Геданізму не вельмі спрыяе, затое хутка сабраў на машыну», — дзеліцца мужчына.

Фота: vecteezy.com

Сяргей (імя зменена) жыве з жонкай, дзяцей пакуль няма. Першыя спробы кіраваць фінансамі ён прадпрымаў яшчэ ў 2016 годзе, а ў 2019-м ўзяўся за справу напоўніцу. 

Заробак у Сяргей высокі — 2500 даляраў, бо мужчына працуе ў ІТ-сферы. Але адсутнасць такога заробку — не перашкода накапленням, лічыць ён. Мужчына згадвае, што адкладаў і тады, калі на палове стаўкі зарабляў 175 рублёў, прытым што ў той час яшчэ і атрымліваў платную адукацыю і самастойна яе аплочваў. Дапамагала тое, што Сяргей жыў з бацькамі і збольшага яны аплочвалі камуналку і ежу, таму можна было адкладаць па 100 рублёў штомесяц на навучанне. Тады ж мужчына браўся за розныя дадатковыя заробкі, што таксама папаўнялі яго бюджэт.

З цягам часу Сяргей выпрацаваў цэлую сістэму накапленняў. Перавагу аддае наяўным грошам, бо іх вельмі зручна раскласці па канвертах, кожны з якіх уяўляе сабой нейкі мэтавы фонд. Але не цураецца і картак — звычайна папаўняе іх, калі трэба аплаціць камунальныя паслугі. Усе свае транзакцыі ён фіксуе праз праграму «Бюджет ОК» для iOS.

Аснова для інвестыцый у мужчыны выглядае так:

«Ëсць умоўна «недатыкальны» канверт, туды раней ішло больш за ўсё грошай — 50-60% працэнтаў зарплаты. Спачатку ўсё было добра, і там назбіралася значная сума, якая потым пайшла на набыццё аўтамабіля. Але пасля гэтага набытку стратэгія выявілася неэфектыўнай, бо на буйныя траты па рамонце даводзілася залязаць у гэты канверт.

Вырашыў, што буду класці туды меней, але і вымаць адтуль грошы больш не буду».

Таму Сяргей перайшоў на іншую стратэгію.

Па 10% ён адкладае ў тэрміновы і дапаможны фонды — з тэрміновага грошы бяруцца на выдаткі накшталт раптоўнага рамонту, дапаможны выкарыстоўваецца ў тым выпадку, калі спатрэбіліся выдаткі на адну з далейшых катэгорый, але грошы ў ёй ужо скончыліся.

9% адкладаюцца на плацяжы па растэрміноўцы і іншых формах пазыкі (напрыклад, у сваякоў), 8% — на лекі і іншыя медыцынскія выдаткі, напрыклад, візіты да доктара, яшчэ па 8% ідзе на выдаткі на машыну (бензін і абслугоўванне) і на ежу.

4% заробку мужчына траціць на аплату камуналкі, інтэрнэту і мабільнай сувязі, яшчэ па 4% накіроўвае на доўгатэрміновыя фонды: вялікія пакупкі (тэхніка ці нешта падобнае), падарожжы, падарункі, святкаванні (дні нараджэння, Новы год і гэтак далей) і падзеі — «культурны адпачынак», паход у рэстаран ці ў тэатр, хаця апошнім часам не выпадае гэтага рабіць.

І гэта яшчэ не ўсё. 2% заробку Сяргей выдаткуе на грамадскі транспарт для сваякоў без пасведчання кіроўцы на выпадак, калі ў яго не стыкуецца расклад і ён не можа сам іх забраць, і яшчэ 2% — на аплату падпіскі праграм для смартфона і камп’ютара накшталт Spotify.

Усё, што застаецца пасля гэтага, Сяргей аддае ў «недатыкальны» фонд, туды ж накіроўвае пасля атрымання заробку ўсё, што засталося з мінулага месяца ў дапаможным і тэрміновым фондах.

«Мінус — геданізму гэта не вельмі спрыяе, але затое, як загадзя запланаваць вечарыну з сябрамі, то можна дазволіць на ёй сапраўды каралеўскі размах, добра ведаючы, што ў цябе ёсць вылучаныя менавіта на гэта грошы і можна не турбавацца, што пасля давядзецца думаць, на што купляць ежу ці сплачваць даўгі», — дзеліцца Сяргей.

Марыце пра павышаны заробак і лічыце, што гэта вырашыць усе вашы фінансавыя праблемы? Сяргей упэўнены, што гэта не так:

«Выдаткі заўсёды адаптуюцца пад прыбыткі. Любому падвышэнню заробку ў мяне адразу знаходзілася прымяненне, не кажучы пра неспакойную дынаміку цэнаў апошнім часам. Таму разлічваць на тое, што павышэнне зарплаты адразу вырашыць усе фінансавыя праблемы, не варта.

Я раней з зайздрасцю глядзеў на людзей з маім цяперашнім узроўнем зарплаты і думаў, што ім няма пра што турбавацца. Цяпер, стыкуючы тое і сёе і разумеючы, як грошай не хапае на ўсе неабходныя выдаткі, а яшчэ ж ёсць і амбіцыі, стаўлюся да гэтага спакайней. Таму лепей прывучацца размяркоўваць грошы адразу».

Яшчэ адзін лайфхак ад Сяргея — мужчына намагаецца ўсе грошы, што атрымлівае, адразу перавесці ў даляры. Па-першае, гэта гістарычна больш стабільная валюта, чым беларускія рублі, а па-другое, даляры менш ліквідныя і таму абараняюць Сяргея ад спантанных пакупак і замовы ежы, калі лянота гатаваць.

Але ёсць у такой звычкі і мінус: «У выпадках, калі трэба нешта тэрмінова купіць ці заплаціць, для мяне гэта няпроста. Але не настолькі крытычна, каб адмаўляцца ад гэтай стратэгіі».

Чытайце таксама:

«Адправіла грошы з адной карты на іншую, а яны пайшлі невядома каму». Ці можна іх вярнуць?

Крыптавалюта дапамагае абыходзіць банкаўскія санкцыі і іншыя абмежаванні. Схема простая

Беларусы сабралі грошы на падарункі 128 дзецям палітвязняў. Асабліва дзякуюць Шрайбману

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
17
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
7
0
Беларус/адказаць/
04.01.2023
Добрая стратэгія. Але ж я не пабачыў канверта для інвестыцый. 10% з кожнага заробка трэба адкладаць на інвеставанне. І капіць 30 гадоў, хаця б з 5% даходнасцю. І будзе добрая пенсія. А інакш можна і на пенсіі жыць як нашыя бабулі і дзядулі, выжываючы за кошт агарода.
2
Гервасій/адказаць/
04.01.2023
Аська, у сучасных рэаліях гэта добрая стратэгія для любога, асабліва калі жывяце ў Беларусі. А якая ў вас стратэгія? "авось пронесёт" ?
0
Па капеечцы/адказаць/
04.01.2023
Стратэгiя выжывання. адзiнае што можна i трэба зрабiць гэта збегчы адсюль з гэтага канцлагера.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930