Знайсці
27.11.2022 / 11:4910РусŁacБел

«Пры гэтым спортам не займалася». Беларусы, якія раней важылі больш за 100 кілаграмаў, расказалі, як худзелі

У Кацярыны падчас цяжарнасці вага была 101 кілаграм, Аляксандр важыў амаль 125, а Аляксей — 120. Яны расказалі праекту «1906», на якой дыеце сядзелі, што рабіць, калі хочацца паесці на ноч, і ў чым была іх матывацыя.

«Муж адгаворваў худзець, але, калі ўбачыў змены, пачаў падтрымліваць»

Кацярыне 25 гадоў. Да цяжарнасці дзяўчына важыла 87,7 кілаграма пры росце 168 сантыметраў. У радзільню Кацярына ішла з вагой 101. 

«Нарадзіла — стала важыць 95. Яна стаяла ў мяне год, карміла дзіця. Не хацела ў гэты перыяд худзець, бо стрэс для арганізма, можа знікнуць малако», — кажа яна. 

У жніўні 2021-га Кацярына пачала худзець. За год і два месяцы яна скінула 25 кілаграмаў. Цяпер дзяўчына важыць 65,8. 

Кацярына згадвае, што не магла глядзець на сябе ў люстэрка.

«Было цяжка гуляць з дзіцем з такой вагой, асабліва ўлетку, — расказвае яна. — Вырашыла, што хачу мяняцца для сябе, для дзіцяці, мужа — гэта было маёй матывацыяй.

Усе сваякі, калі стала худзець, казалі: «Навошта гэта, і так прыгожая», — але я вырашыла, што трэба. Першапачаткова мэта была дайсці да 75. Але, калі атрымалася пахудзець да такой вагі (10 месяцаў для гэтага трэба было), зразумела, што хачу яшчэ.

Цяпер я падтрымліваю вагу. Другі тыдзень ужо трымаецца на адзнацы 65,8».

Так выглядала Кацярына да пахудзення. Фота: асабісты архіў

Кацярына кажа, што знайшла для сябе ідэальную сістэму для пахудзення — інтэрвальнае харчаванне. 

«Раней я вельмі часта перакусвала. Зрабіла сабе збалансаваны прыём ежы.

Шмат хто кажа, што на інтэрвальным харчаванні трэба есці два разы, але я ела тры. Калі спрабавала два, то ў мяне чамусьці вага не зніжалася, мусіць, быў стрэс у арганізма.

Інтэрвал такі: сняданак з 10 да 11, абед з 13 да 14, вячэра з 17 да 18. Перапынкі паміж прыёмамі ежы павінны быць 3-3,5 гадзіны. Ела ўсё, што захачу, не выключала салодкае і мучное. 

Наогул я люблю салодкае, і калі б была толькі на гародніне, кефіры, то сарвалася б вельмі хутка. Вырашыла, што буду ўсё сабе дазваляць у меру, не пераядаць пры кожным прыёме ежы. Мая порцыя — да 250 грамаў.

На сняданак магу падсушыць два тосты, намазаць іх курыным паштэтам, пасмажыць два яйкі, пакласці іх зверху. Таксама гародніна да гэтага ці, напрыклад, кансерваваная кукуруза. Дадаю якуюсьці слодыч. Сырок, напрыклад. Вадкасць — кава ці гарбата.

Ваду я стараюся піць, але 2 літры не магу. Раблю гэта па запатрабаванні і нашча, каб запусціць страўнік, менш з'есці», — дзеліцца яна. 

Так выглядае Кацярына цяпер. Фота: асабісты архіў

У Кацярыны быў момант, калі вага стаяла і не зніжалася вельмі доўга — тры месяцы. 

«Не магла ніяк ссунуцца з 80, — кажа яна. — Чаму — не ведаю, магчыма, арганізму патрэбна была паўза. У любым выпадку я не за хуткае пахудзенне, таму што ёсць рызыка таго, што вага вернецца, калі хутка яе зганяць».

Кацярына прызнаецца, што яе муж быў у шоку, калі яна пахудзела. 

«Ён адразу адгаворваў худзець, але калі ўбачыў змены, пачаў падтрымліваць, — расказвае яна. — 

Першы час, вядома, было цяжка. Муж вячэрае бліжэй да 20:00, а ў мяне апошні прыём ежы быў з 17 да 18. Сыходзіла ў іншы пакой, каб не бачыць, як ён есць. Але я змагла, стрымалася.

Жаданне схуднець у мяне было больш за жаданне паесці на ноч».

Галоўнае падчас інтэрвальнага харчавання сытна снедаць. 

«Раней я магла ўвогуле не снедаць, не любіла гэта, — тлумачыць Кацярына. — Наядалася на абед, потым былі перакусы, вячэра сытная, пасля яшчэ паесці на ноч хацелася. Калі стала сябе прывучаць да сытнага сняданка, убачыла, што ў другую палову дня з'ядаю нашмат менш».

Кацярына запэўнівае, што есці «забароненую» ежу і адначасова страчваць вагу магчыма.

«Калорыі не лічыла, толькі грамоўкі. Бо кожны прыём ежы да 250 грамаў, то ў любым выпадку ёсць дэфіцыт калорый», — расказвае яна. 

Пры гэтым спортам Кацярына не займалася. Ёй не было з кім пакінуць малое дзіця. «Выходзіла проста з ім гуляць на вуліцу. Ад 10 да 15 тысяч крокаў за дзень праходзіла.

Калі было дрэннае надвор'е, то я рабіла хаду ці бег каля дома на працягу гадзіны.

Яшчэ з першага дня, калі пачала худзець, запісалася на курсы антыцэлюлітнага масажу. Разумела, што буду худзець — пачне віснуць скура. Я дома сама сабе рабіла вакуум жывата. Там ёсць пэўныя супрацьпаказанні, але я параілася з доктарам, і мне сказалі, што можна.

За 14 месяцаў я прайшла тры курсы: першы — 10 сеансаў, другі — 5, трэці — 10. Вельмі добра падцягваецца скура, але вага з-за такога масажу не сыходзіць. Гэта дзейнічае толькі на скуру», — расказвае яна.

Калі Кацярына худзела, яна ўяўляла, як будзе выглядаць, калі страціць вагу. Гэта яе матывавала. 

«Жаданне пахудзець павінна быць большым, чым паесці на ноч. Важна памятаць, што, нават перайшоўшы на пэўную сістэму харчавання, можна атрымліваць асалоду ад ежы», — кажа яна.

«Калі пахудзеў, знаёмыя сталі зайздросціць» 

Аляксандру 36 гадоў. Ён важыў 124,5 кілаграма пры росце 182 сантыметры. Худзеў мужчына з сярэдзіны мая па пачатак верасня гэтага года з дапамогай дыетолага. 

«Вырашыў худзець, бо на фатаграфіях сабе зусім не падабаўся. Вялікі жывот быў.

Для дыетолага трэба было памераць жывот, талію, грудзі, сцягно і адправіць такія замеры. Ён па іх вылічваў, колькі за дзень ты павінен спажываць калорый, бялкоў, тлушчаў, вугляводаў.

Аказалася, што я раней спажываў вельмі шмат вугляводаў, а недаядаў бялкоў. Проста стаў больш есці мяса, а перастаў, напрыклад, пельмені. За першы тыдзень схуднеў на 5 кілаграмаў, сышла азызласць.

Яшчэ дыетолаг раіў хадзіць не менш за 10 тысяч крокаў на дзень», — кажа ён. 

Усё, што Аляксандр з’ядаў за дзень, ён запісваў у мабільны дадатак для пахудзення FatSecret, які сам разлічваў калорыі.

«Першапачаткова мне можна было за дзень 2500 калорый, абмежаванняў па часе, калі прымаць ежу, не было. Я нават уначы еў, калі бачыў, што ў мяне яшчэ застаюцца калорыі, якія я не дабраў за дзень.

Фота: dzen.ru

Калі лічыць у грамах, дык за дзень вельмі шмат мог з'есці, напрыклад, курынай грудкі 500 грамаў. А гародніну ўвогуле кілаграмамі, таму што, напрыклад, у адным агурку ўсяго толькі тры грамы вугляводаў», — кажа ён.

У Аляксандра быў перыяд, калі вага доўгі час не зніжалася. Тады ён «падразаў» калорыі. 

«Спачатку ў мяне было 170 грамаў бялку, 220 грамаў вугляводаў, 110 тлушчу — 2500 калорый. Другое падразанне — 2200 калорый, паменшыліся вугляводы да 170, бялок застаўся такім жа, тлушч — 100. Цяпер у мяне трэцяе падразанне было — 2000 калорый. Хачу ўсё ж пахудзець да 95 кілаграмаў.

Але ў мяне вельмі маленькая актыўнасць, увесь час за рулём. Позна ўвечары прыязджаю дадому — іду на вуліцу находжваць крокі. Вельмі добра ўплывае, спіш нашмат лепш.

Бегаць дыетолаг не раіў, бо гэта нагрузка на суставы», — расказвае ён. 

Самы вялікі прыём ежы ў Аляксандра быў вечарам.

«Сняданак — 600 калорый, столькі ж абед, вячэра — 1000—1200. Адмовіўся толькі ад цукру, стаў дадаваць у гарбату заменнік, прыбраў з рацыёну хлеб, сыравэнджаныя каўбасы, газіроўкі. Больш еў садавіны, менш салодкага.

Калі пахудзеў, знаёмыя сталі зайздросціць. У мяне такая кампанія сяброў, што ім у суботу абавязкова трэба было схадзіць выпіць. А тут я перастаў з імі піць, таму што алкаголь не варта ўжываць падчас пахудзення, застойваецца вадкасць у арганізме, дык яны сталі лічыць мяне за дурня. А цяпер, калі пабачылі вынік, два мае знаёмыя пачалі худзець, на мяне наглядзеліся».

Аляксандр кажа, што галоўнае для дасягнення выніку ў пахудзенні — сіла волі, матывацыя.

«Мне не хацелася памерці ад якога-небудзь кровазліцця ці інсульту. Жыццё адно, і цела таксама. Хацелася сабе падабацца». 

«Вага пайшла ўніз, калі я дадаў бег, кардыёнагрузкі»

Аляксею 39 гадоў. Пачаў худзець мужчына ў 2018-м і скончыў вясной 2020 года. Ён важыў 120 кілаграмаў пры росце 172, а стаў — 86. 

«Трапілася кніга Яраслава Брына «Мяняю тлушч на сілу волі». Пачытаў яе і вырашыў, што трэба худзець, бо ўжо адварочваўся ад люстэрак.

Набіраць вагу ўвогуле стаў у 8—9 класе. У 2001 годзе пайшоў у войска з вагой 83. Адтуль вярнуўся — 67. А пасля зноў наеў яшчэ больш, чым было», — кажа ён. 

Пачынаў Аляксей з дыеты, а потым дадаў спартыўную залу, стаў займацца з трэнерам. 

«У залу хадзіў тры разы на тыдзень. Потым дадаў бег 5—8 кіламетраў — два разы на тыдзень. Абмяжоўваў хуткія вугляводы: булкі, хлеб, макароны, цукар. 

Усталёўваў сабе прыкладанне FatSecret на тэлефон. Туды запісваў, што з’ядаў, і яно лічыла калорыі. Карыстаўся праграмай паўтара года, потым ужо сам ведаў, колькі чаго магу з’есці. Галоўнае — спальваць калорый больш, чым ясі», — тлумачыць ён.

 

Фота: keeprun.ru

Першыя 20—25 кілаграмаў у Аляксея сышлі вельмі хутка. Ён кажа, што сагнаў іх за два-тры месяцы. 

«Але потым арганізм прывыкае і пачынаецца праца, галоўнае — не забіць, — лічыць ён. — Вага пайшла ўніз, калі я дадаў бег, кардыёнагрузкі. Калі займаешся сілавымі трэніроўкамі, вага так не сыходзіць. Але калі проста трэба скінуць, без працы з мышцамі, то хопіць бегу чатыры разы на тыдзень».

Зрывы ў Аляксея былі, але не вельмі сур’ёзныя. Напрыклад, ён мог пайсці з дзецьмі паесці піцы.

«На ноч есці хацелася, але па маёй методыцы было ўсё роўна, у які час есці. Галоўнае, каб паліў калорый больш, чым з’еў. 

Я не пакутаваў ад таго, што я не ем. На ноч мог кефіру проста папіць ці салату з’есці, калі вельмі хацелася. 

Падтрымкі ў мяне не было ні ад кога. Знаёмыя пыталіся, навошта я худзею, але я быў да такога гатовы. 

Для мяне гэта класная праца над сабой, і ад гэтага трэба кайфаваць. Шмат у зале бачыў людзей, якія туды хадзілі, бо проста трэба. Але так не працуе. Цяпер у мяне праца пастаянная за стырном, вельмі не хапае залы, спорту, зноў набраў вагу», — кажа ён.

Матывацыяй, каб пачаць худзець, для Аляксея былі яго дзеці. Яму хацелася, каб яны ганарыліся ім. 

«У 2005-м кінуў паліць за адзін дзень. Захацелася нешта сабе даказаць. Тут я таксама нешта пра гэта ўспомніў і вырашыў, што трэба. 

Гэта нават не перамога над сабой была, а дамова з сабой — мяняем лад жыцця. Менавіта ён мяне задавальняе цяпер. Было кайфова паехаць у суботу на трэніроўку. Цяпер гэтага не хапае з-за працы». 

Чытайце таксама: 

Пяць парадаў, як павысіць самаацэнку і стаць больш упэўненым

Адкуль з’яўляецца страх родаў і як яго пераадолець? Гутарым з перынатальным псіхолагам

Што такое dash-дыета, якую лічаць найлепшай для гіпертонікаў, хаця насамрэч яна абавязковая для ўсіх. Адказвае доктар Камароўскі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Siarzhuk/адказаць/
27.11.2022
Увечары часта цягне схадзіць да лядоўні. Заўважыў, что калі ў такі момант пайсьці пачысьціць зубы і прапаласкаць рота паласканьнем зь мянтолам ці мятай, жаданьне паесьці цалкам зьнікае. Працуе стоадсоткава! Можа то толькі ў мяне гэтак адбываецца, але раю паспрабаваць.
0
Джордж/адказаць/
28.11.2022
Тэкля, Амфетаміны. Калі прымаеш, то змяншаецца апетыт, павышаецца метабалізм і адчуванну энергіі. Але можна атрымаць праблемы з сэрцам і нарказалежнасць
0
Максим Дизайнер/адказаць/
28.11.2022
Все правильно, сало, бабы, алкоголь - сила. Спор - могила.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера