Знайсці
04.10.2022 / 20:3010РусŁacБел

«Кінулі ў мясарубку». Элітная брыгада расійскага ГРУ панесла сур'ёзныя страты пры адступленні з Лімана

Рускай службе «Бі-бі-сі» стала вядома, што ў аперацыі па няўдалым утрыманні Лімана бралі ўдзел элітныя расійскія вайсковыя злучэнні, і яны панеслі сур'ёзныя страты. Як мінімум дзевяць чалавек загінулымі і аднаго цяжка параненым страціла пры адступленні з Лімана 3-я гвардзейская брыгада спецыяльнага прызначэння Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба, высветліла выданне, вывучыўшы сацыяльныя сеткі і пагаварыўшы з сястрой аднаго з загінулых байцоў. Такія вайсковыя злучэнні яшчэ з савецкіх часоў адпраўляюцца на самыя важныя ваенныя заданні.

Пакуль расійскае войска адступала з Лімана ў Данецкай вобласці, расійская прапаганда расказвала, што яго ўтрымліваюць мабілізаваныя з самаабвешчанай «ЛНР» і расійскія добраахвотнікі з атрадаў «Барс», якія фармуюцца ў рэгіёнах. Але насамрэч усё аказалася не зусім так.

«Усю трэцюю спец. брыгаду спецназа загубілі. Кінулі ў мясарубку. Які ён у мяне прыгожы. 19 год».

«Пры выкананні задач на тэрыторыі Украіны гераічна загінуў мой брат. Вечная табе памяць, маё сэрца, мой герой!»

«Паведамілі вельмі сумныя навіны для мяне! Загінулі мае браты, сябры, сапраўдныя таварышы па службе і проста добрыя мужыкі. Мне будзе вас не хапаць!»

«Просім малітваў аб супакоі ваяра Вячаслава (Зінцова), выпускніка школы-інтэрната пры Мікола-Шартомскім манастыры. Загінуў у Чырвоным Лімане».

30 верасня і 1 кастрычніка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з'явіўся шэраг падобных паведамленняў, якія сведчылі пра тое, што адступленне расійскага войска з горада Ліман Данецкай вобласці адбывалася не так проста, як пра гэта паведамлялі афіцыйныя расійскія СМІ. Горад спрабавалі ўтрымліваць далёка не толькі добраахвотнікі з Расіі ці мабілізаваныя жыхары самаабвешчаных рэспублік, якія Уладзімір Пуцін да таго моманту абвясціў тэрыторыяй Расіі.

Украінскі вайсковец скідае сцяг самаабвешчанай «ДНР» у Лімане Фота з сацсетак

«Загінулі 8 чалавек, двое былі параненыя ў цяжкім стане. Адзін з іх памёр, адзін пакуль жывы, але вельмі цяжкі. Загінула амаль уся група», — распавяла Бі-бі-сі сястра аднаго з загінулых вайскоўцаў, пацвердзіўшы, што пры адступленні з Лімана аддзяленне страціла 3-я брыгада спецпрызначэння ГУ ГШ з Тальяці. «Усяго загінула дзевяць чалавек, двое параненых», — сказала жонка іншага загінулага.

Поўнай інфармацыяй пра месца і абставіны гібелі дэсантнікаў іх сваякі не валодаюць, інфармацыя ім паступае ўрыўкавая: «Ведаю, што вось гэтых хлопцаў там кінулі, яны цэлыя суткі адбіваліся, але не змаглі. Загінуў мой брат, яму быў усяго толькі 21 год, загінуў яго сябар, яму 19 гадоў», — распавяла сястра загінулага.

Калі целы вайскоўцаў вернуць дадому і калі адбудзецца пахаванне, сем'і пакуль не ведаюць. 19-гадовы шараговец Данііл Байкоў быў самым малодшым у гэтым аддзяленні, разам з ім загінулі старшы лейтэнант Вячаслаў Зінцоў, малодшы лейтэнант Віктар Гарабец, старшыны Андрэй Шорын і Юрый Філатаў, шараговец Аляксей Чындзін.

Вайскоўцы Карпенка і Узбякаў з цяжкімі раненнямі былі дастаўленыя ў шпіталь. Узбякаў пазней сканаў.

Спіс загінулых

Верагодна, гэта самая буйная аднаразовая страта 3-й брыгады спецыяльнага прызначэння, хоць страты яна несла з самага пачатку вайны: «Вядома, [страты] былі, але хіба нам хтосьці кажа пра гэта», — сказала сястра аднаго з загінулых.

Наколькі вядома з адкрытых крыніц, першыя байцы 3-й брыгады ГРУ загінулі ў пачатку сакавіка. Да адступлення з Лімана самымі цяжкімі для брыгады былі суткі з 3 па 4 сакавіка — тады загінулі чатыры разведчыкі: камандзір роты маёр Азамат Алімаў, капітан Аляксей Чучманаў, малодшы сяржант Станіслаў Герасімаў і малодшы сяржант Ягор Букацін.

Журналісты Бі-бі-сі, «Медыязоны» і група валанцёраў з першага дня вайны вядуць падлік загінулых расійскіх вайскоўцаў на падставе адкрытых крыніц. Да 1 верасня журналісты сабралі звесткі пра 26 загінулых вайскоўцаў 3-й гвардзейскай брыгады спецназа, сярод якіх было пяць афіцэраў. Да сярэдзіны верасня незвычайнай, але важнай крыніцай інфармацыі аказаўся стэнд з фотаздымкамі загінулых вайскоўцаў, выстаўлены падчас чэмпіяната Узброеных сілаў Расіі па боксе ў Барысаглебску. На ім былі надрукаваныя дадзеныя 47 загінулых салдат і афіцэраў 3-й гвардзейскай брыгады спецназа ГРУ.

Азнаёміўшыся з фотаздымкамі на стэндзе, Бі-бі-сі высветліла, што прозвішчы большасці згаданых спецназаўцаў раней з'яўляліся ў СМІ і сацсетках, але без пазначэння месца службы. На стэндзе таксама былі фатаграфіі двух супрацоўнікаў ГРУ, пра чыю гібель раней не паведамлялася публічна. Цяпер у гэты спіс дадалося як мінімум дзевяць новых прозвішчаў.

І тады, і цяпер амаль кожны чацвёрты загінулы баец спецназа ГРУ — афіцэр. Такія страты асабліва адчувальныя для войска і цяжка папаўняюцца. Замяніць афіцэра спецназа можна толькі чалавекам з такой жа спецыяльнасцю і ўзроўнем падрыхтоўкі, а на гэта сыходзяць гады навучання і трэніровак.

Паводле ацэнкі эксперта амерыканскага Цэнтра ваенна-марскога аналізу Майкла Кофмана, на кожнага загінулага расійскага вайскоўца падчас вайны ва Украіне прыпадае ў сярэднім каля трох з паловай параненых. На аснове гэтых звестак можна выказаць здагадку, што з шэрагаў 3-й брыгады спецназа ГРУ ў выніку гібелі або ранення маглі выбыць (па меншай меры часова) больш за 200 чалавек.

Дакладная колькасць атрадаў спецназа засакрэчаная. Але нават паводле кансерватыўных ацэнак, выбыванне больш за 200 байцоў можа быць раўназначна поўнаму выхаду са строю дзвюх ротаў спецназа.

У ходзе вайны ў Чачні разведроты спецназа ГРУ налічвалі па 45-70 чалавек. Калі браць за аснову такую ацэнку, не выключана, што са строю выведзена 75% разведрот брыгады.

Што з сябе ўяўляе 3-я брыгада ГУ ГШ

3-я брыгада ГРУ, якой цяпер камандуе палкоўнік Альберт Амараў, была створана ў 1966 годзе ў ГДР. Са студзеня 1991-га па чэрвень 1992 года яна дыслакавалася ў Рызе, а затым была перадыслакаваная ў пасёлак Рошчынскі Самарскай вобласці. У 2010 годзе брыгада пераехала ў Тальяці.

Вайскоўцы брыгады прымалі ўдзел у грамадзянскай вайне ў Таджыкістане, дзвюх чачэнскіх кампаніях, міратворчай місіі ў Косаве, а ў пачатку 2000-х ахоўвалі расійская прадстаўніцтва ў афганскім Кабуле. У жніўні 2017 года брыгада страціла двух сваіх вайскоўцаў у Сірыі.

Скандальным для 3-й брыгады ГРУ атрымаўся 2015 год, калі пад горадам Шчасце ў Луганскай вобласці ў палон трапілі два грамадзяніна Расіі Яўген Ерафееў і Аляксандр Аляксандраў. На допыце яны заявілі, што з'яўляюцца вайскоўцамі 3-й гвардзейскай брыгады. Расійскі бок, які на той момант адмаўляў прысутнасць сваіх войскаў на ўсходзе Украіны, заявіў, што гэтыя вайскоўцы даўно звольніліся і ваявалі на баку «народнай міліцыі ЛНР» у якасці добраахвотнікаў.

У красавіку 2016 года Ерафееў з Аляксандравым былі асуджаныя ва Украіне да 14 гадоў зняволення, а ўжо праз месяц іх абмянялі на ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанка, якую расійскі бок вінаваціў у датычнасці да гібелі здымачнай групы расійскага тэлебачання. Пра далейшы лёс Ерафеева і Аляксандрава нічога не паведамлялася, а Саўчанка затым паспела пабываць дэпутатам Вярхоўнай рады, фігурантам крымінальнай справы і журналісткай.

Паміж казакамі і мабілізаванымі

Расійскія СМІ амаль ніколі не паведамляюць пра аперацыі з удзелам спецназа ГУ ГШ, часам пра гэта становіцца вядома постфактум, калі аперацыя праходзіць паспяхова, а ў выпадку з вайной ва Украіне і калі гаворка ідзе пра адступленні расійскага войска, прапаганда заўсёды імкнецца выставіць справу так, што на канкрэтным участку фронту праваліліся не кадравыя вайскоўцы, а расійскія добраахвотнікі і мабілізаваныя з самаабвешчаных рэспублік.

Так гэта адбывалася, калі УСУ прарвалі фронт у Харкаўскай вобласці, вызваліўшы ў выніку Балаклею, Ізюм, Купянск і мноства іншых населеных пунктаў. Тады расійскія СМІ распавядалі, што перадавую там трымалі мабілізаваныя з «ЛНР» і байцы Расгвардыі з Башкартастана і Самары. Толькі праз некалькі дзён высветлілася, што ў палон там трапілі марпехі з Калінінградскай вобласці.

Пра вайскоўцаў, якія спрабавалі ўтрымаць Ліман, афіцыйныя расійскія ваенкары распавядалі ў падобных інтанацыях: «Па іх адразу відаць, што гэта звычайныя работнікі вайны, на якіх усю нашу гісторыю і трымаліся франты. Ніякіх пантоў, празмернасцяў у экіпіроўцы, напускной бравады», — пісаў пра вайскоўцаў, якія ўтрымлівалі горад, Аляксандр Коц з «Камсамольскай праўды», удакладняючы, што гэта добраахвотнікі з атрада «Барс-13», казакі, мабілізаваныя жыхары самаабвешчанай «ЛНР» і 20-я армія.

Тэлеграм-канал «Рыбарь», які спецыялізуецца на ваеннай тэматыцы, удакладняў склад тых, хто спрабаваў утрымаць Ліман: «503-ці гвардзейскі мотастралковы полк са складу 19-й мотастралковай дывізіі 58-й агульнавайсковай арміі». У прарасійскім канале «Старше Эдды» пісалі: «Ліман абараняе не толькі БАРС «Кубань», але і рэгулярная армія». А былы журналіст расійскага пракрамлёўскага канала Lifenews і аўтар праекта Wargonzo Сямён Пегаў распавядаў прысутным на маскоўскай Краснай плошчы ў гонар анексіі захопленых тэрыторый Украіны, што Ліман утрымлівалі «Смаленская пяхота, «Барсы» — добраахвотнікі, «Рускі легіён», камендачы, якія не пакідаюць горад».

З некралогаў, якія з'явіліся ў апошнія дні, і размоў са сваякамі загінулых стала ясна, што акрамя мабілізаваных з самаабвешчаных рэспублік і добраахвотнікаў утрымліваць Ліман спрабаваў (беспаспяхова) і спецназ ГРУ.

У СССР спецназ ГРУ выкарыстоўваўся для правядзення найбольш важных сакрэтных аперацый і дыверсій у тыле праціўніка. У Расіі атрадам ГРУ сталі даручаць іншыя — нязвыклыя для іх — задачы, паколькі многія іншыя вайсковыя падраздзяленні аказаліся не падрыхтаваныя да ўдзелу ў баях.

У першыя гады вайны ў Чачні спецназ ГРУ нярэдка выкарыстоўвалі проста ў якасці агульнавайсковай разведкі. А ў ходзе штурму Грознага атрады спецназа наогул уключалі ў склад штурмавых груп на агульных падставах.

Апытаныя Бі-бі-сі эксперты адзначаюць, што ў ходзе вайны на тэрыторыі Украіны атрады ГРУ зноў выкарыстоўваюцца для вырашэння неўласцівых элітным разведчыкам задач (у тым ліку і для абарончых баёў), а гэта вядзе да дадатковых стратаў.

Чытайце таксама:

«Не хочацца паміраць за Пуціна». Паразмаўлялі з расіянамі, якія ўцякаюць ад мабілізацыі

ISW: Украінцы выціскаюць былыя найлепшыя расійскія часткі на ўсходзе і на поўдні

Вайсковы эксперт патлумачыў, чаму зацягваецца вызваленне Херсоншчыны

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Дизайнер по Фрейду/адказаць/
05.10.2022
Максим Дизайнер, ты про деградацию российских пропагандистов и большинства их общества, которые желают смерти украинцам, так ещё и призывают полностью уничтожить украинский народ.
0
Woodoo Cult /адказаць/
05.10.2022
Максим Дизайнер, пнх.
0
Abrams m1a2/адказаць/
05.10.2022
Максим Дизайнер Максимка,твои соплеменники вторглись на чужую землю и убивают чужой народ, поэтому все просто—лозунг времён ВОВ «Раздавім фашысцкую гадзіну!» сейчас вновь актуален.Потому что именно твои соплеменники сегодня и есть фашисты,оккупанты и захватчики—враги. А если враг не сдаётся—он должен быть уничтожен.Еще раз—ты со своим чванством слегка промахнулся—катись к своим скабеевым,там таких любят.А если ты ещё и САМ по национальности беларус—мои соболезнования,именно это самая последняя степень деградации—быть таким маргиналом.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера