Знайсці
10.08.2022 / 08:52РусŁacБел

Гісторыя віруснага здымка. Пагутарылі з мастаком, які прыкаваў сябе да банера на 3 Ліпеня

Фота хлопца, прыкаванага ў Мінску да банера на Дзень незалежнасці, стала вірусным. «Паштоўка з радзімы» — так называецца гэты кадр. «Наша Ніва» даведалася гісторыю здымка і пагаварыла з мастаком Аляксандрам Адамавым пра іншыя яго перформансы.

Фота: асабісты архіў

«У мінулым годзе ўжо былі апасенні, што з-за фатаздымка да мяне могуць прыйсці»

Фота было зроблена яшчэ ў 2020-м. У год выбараў шмат беларусаў збіраліся ў ланцугі салідарнасці. На іх і звярнуў увагу Аляксандр. 

«Аднойчы ў размове са сваімі сябрамі-мастакамі я неяк сказаў, што можна ўзяць канат і працягнуць яго людзям праз вопратку, прывязацца за слупы. Тады будзе немагчыма дастаць з такога ланцужка людзей. Такая рамантычная думка аб фізічнай цэльнасці. З часам гэтая ідэя стала мяне пакідаць: зразумела, што ў такой рамантыцы няма нічога рэальнага. Крыху пазней вырашыў, што трэба захаваць думку і зрабіць самому нешта падобнае.

У той перыяд я здымаў кватэру на Якуба Коласа, убачыў там побач банэры. І ў мінулых гадах яны былі, але ў 2020-м яны здаваліся празмерна яркімі, пошлымі. Хацелася зрабіць жэст стрыт-арту, ландшафтнага дызайну.

Яшчэ ўнізе ляжалі грувасткія пліты, каб банэр ветрам не здзьмула. Мне падалося, што трэба замацавацца неяк з плітамі, каб было немагчыма адарваць. І гэта стала маім хуткім выказваннем таксама плакатнага тыпу». 

 

У 2020-м фота сабрала каля 400 рэпостаў, у 2021-м — плюс тысяча.

«У мінулым годзе ўжо былі апасенні, што з-за фотаздымка да мяне могуць прыйсці. Калі зрабіў гэты рэпост у 2021-м, з'ехаў з дзяўчынай у Мядзел. У Мінску нікога ў здымнай кватэры не засталося.

І я ёй сказаў: уяўляеш, да нас зараз прыйдуць з ператрусам, нікога няма, вернемся і што будзем рабіць? Калі мы прыехалі, убачылі, што гарыць святло. Шчыра кажучы, крыху наклалі ў штаны пад вокнамі нашага дома. Узровень напружанасці быў высокі», — дзеліцца Аляксандр. 

З-за таго, што хлопец і раней рабіў перформансы з сацыяльна-палітычным кантэкстам, ён навучыўся жыць са сталым унутраным страхам.

Цяпер ён ацэньвае гэта інакш: не жыў, а проста перажываў.

«У 2022-м на момант чарговага рэпосту я ўжо знаходзіўся ў Польшчы і ўвагі было таксама шмат.

У нас, у Беларусі, гарадское асяроддзе будуецца на стэрыльнасці і вычышчанасці. Уся прастора ў краіне належыць дзяржаве, таму любы жэст будзе вельмі моцна заўважаны. У 2020-м нібыта стала магчымым рабіць вельмі сур'ёзныя выказванні. Сітуацыя была зараджаная пратэстамі і мой жэст тады яшчэ выглядаў слабым», — кажа ён. 

Калі хлопец прыкаваў сябе ланцугом да банэра, побач з ім было шмат людзей. 

«Бачыў, што адзін чалавек рэзка звярнуў увагу і пайшоў далей, а іншы з цікавасцю паглядзеў на мяне, я на яго, мы шчыра ўсміхнуліся адзін аднаму.

Фатаграфавала мяне мая дзяўчына (яна і мая жонка, проста гэта слова не вельмі люблю). Я стаяў там 5-7 хвілін. І паколькі я толькі стаяў, не бразгаў гэтым ланцугом, людзі проста праходзілі міма», — успамінае ён. 

Фота: асабісты архіў

«У падлеткавым узросце марыў стаць міністрам культуры»

Аляксандр нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Бялевічы, што ў Магілёўскай вобласці. Жыў там да 15 гадоў. І гэты факт наклаў на яго пэўны адбітак. 

«З-за таго, што я шмат гадоў жыў у вёсцы, у якой нічога не адбываецца, а ў мяне было шмат розных інтарэсаў, то я проста навучыўся дзейнічаць насуперак усеагульнай незацікаўленасці. Я ўсё стаў рабіць сам, нягледзячы на якую-небудзь крытыку. 

Пасля 9 класа пайшоў вучыцца ў магілёўскі абласны ліцэй. У ім я быў адным з найгоршых вучняў, а ў школе — найлепшы. Рэзкі кантраст, які яшчэ звязаны з тым, што я займаўся творчай неўсвядомленай дзейнасцю. Мяне аўтарытарна кінулі ў навуку, і пра творчасць я забыўся. Гэты перыяд адбіўся на маім самавызначэнні», — кажа ён. 

Пасля Аляксандр паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, скончыў магістратуру ў Акадэміі навук, аспірантуру. Хлопец стаў мастацтвазнаўцам, культуролагам. 

«Ішоў туды, бо гэта крута гучала, — тлумачыць ён. —

Сэнс магістратуры ў пераходным этапе для нечага большага. Не трэба адпрацоўваць пасля ўніверсітэта, не забяруць у войска. І гэта была свайго роду адтэрміноўка ад гэтых жыццёвых перыпетый, якія мне былі чужыя, перашкаджалі жыць, думаць, дзейнічаць.

У аспірантуры зразумеў, што ў нас займацца сучаснымі даследаваннямі немагчыма. Сістэма так пабудавана, што твая праца павінна мець нібыта навізну, але пры гэтым нельга займацца спрэчнымі рэчамі. Трэба быць напалову кроку наперад ад тых прац, якія ўжо абаранілі да цябе. Адысці ў бок візуальных даследаванняў нельга, трэба быць у рамках строгай традыцыі.

З-за таго, што камунікацыя адбываецца з выкладчыкамі, якія на сорак гадоў старэйшыя, свежыя думкі іх раздражняюць. Неяк пачуў, ад Уладзіміра Пракапцова (генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея. — НН), што падначалены не павінен злаваць сваёй актыўнасцю начальства. Але ж гэта нармальна, паказвае, што чалавек жывы». 

Яшчэ школьнікам Аляксандр часцяком паднімаў на традыцыйнай лінейцы афіцыйны беларускі сцяг, спяваў гімн. 

«У дзяцінстве было імкненне да таго, каб мяне заўважылі і падтрымалі. Здавалася, што сам жэст прыгожы. Не разумеў на той момант, які сцяг я падымаю, пад які гімн», — кажа ён. 

Вёска, у якой жыў Аляксандр, была зонай максімальна апалітычнай. Мясцовыя жыхары лічылі, што ўсе падзеі адбываюцца ў Мінску, а вёска на такой вялікай адлегласці, што як іншая планета. 

Фота: асабісты архіў

Адчуваць сябе «палітычнай жывёленай» хлопец стаў у 2018 годзе. На той момант яму было 21. Ён толькі пачаў працаваць мастаком у ОК16. 

«Ва ўніверсітэце было яшчэ больш сумна ў гэтым плане. Памятаю, што калі пачаўся канфлікт у Данбасе, то абмеркаваць яго не было з кім. І толькі калі ў маім жыцці з'явілася шмат рэжысёраў, мастакоў, я сам пачаў актыўна фармавацца.

Яшчэ калі быў падлеткам, любіў грамадазнаўства. І гэтае маё захапленне інтэрпрэтавалася сваякамі як мара стаць міністрам культуры. Часта чуў, што трэба перамагчы на ​​алімпіядзе, тады возьмуць без ЦТ на «міжнародныя адносіны», буду хадзіць у касцюме з партфелем. І чамусьці мой юнацкі мозг лічыў, што гэта класна», — дзеліцца ён. 

Цяпер Аляксандр стаць міністрам культуры не марыць. 

«Але ў якасці мастацкага пэрформансу я б на гэтую тэму нешта зрабіў. Гляджу часам беларускае тэлебачанне — як чыноўнікі стаяць колам і ківаюць. І кожны гэта робіць па-свойму, выпрацавалі манеру. За гэтым назіраць цікава з пазіцыі працы чалавечай мімікі, жэстаў. Было б крута зрабіць аналаг старонкі, дзе стокавыя фатаграфіі, відэа, зняць мяне на храмакеі, як я ківаю, выразаць і змантаваць як-небудзь прыкольна. У гэтым сэнсе я б хацеў пабыць міністрам толькі дзеля акцыі нейкай», — разважае ён. 

«Мяне, як мастака, хвалюе, як выйсці з гэтай вёскі»

У 2021-м пра Аляксандра шмат пісалі СМІ: ён прадаваў свой адбітак пальца за мільён даляраў. Ці купіў хто-небудзь? 

«Канешне, не. Гэта было зразумела адразу. Продаж — гэта не мэта, а форма. Мяне цікавіла, як працуюць механізмы пацверджання чагосьці ўнікальнага. З пачатку дваццатага стагоддзя гэта пытанне ёсць у парадку дня мастакоў. І зараз, калі тэхналогіі дазваляюць замацаваць унікальнасць твайго візуалу, гэта нібыта павінна абараніць аўтарскія правы. Я проста падумаў, што калі абараняць нешта, то з нашага фізічнага свету. А гэта адбітак пальца, сятчатка вока, частата сардэчных рытмаў.

Другая мэта — калі хайпануць у беларускай медыяпрасторы, то можна прабіцца з гэтай навіной за мяжу. Мяне, як мастака, хвалюе, як выйсці з гэтай вёскі», — расказвае хлопец. 

Раней мастак думаў, на што ён хоча патраціць мільён даляраў. Яго мара — пабудаваць дом недалёка ад буйнога горада. 

«Люблю Мінск, але я бы хацеў жыць на прыродзе. Зліў бы ўсе грошы на студыю ў такім доме, куды маглі б прыходзіць іншыя мастакі, рэжысёры, каб рабіць нешта разам. Уяўляецца нешта тыпу ОК16», — кажа ён. 

У сакавіку гэтага года Аляксандр пераехаў з Беларусі ў Польшчу. У хлопца была позва ў ваенкамат на канец лютага. Пасля пачатку вайны ён зразумеў, што армія не ўваходзіць у яго планы. 

«У Беларусі мне трэба было разабрацца з ваенкаматам і адпрацоўкай пасля аспірантуры (працаваў у адным са сталічных музеяў). З другім больш-менш вырашыць можна было, а з першым не. Хоць у мяне і ёсць праблемы з сэрцам, але з імі ў войска могуць узяць.

Адбылася імгненная мілітарызацыя Беларусі ў сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну з дапамогаю нашых уладаў. Я, прычым на нулявым узроўні, раблюся пешкай. Зразумеў, што нешта варочаць знутры не змагу, не настолькі моцны чалавек, каб станавіцца дэзерцірам ці выказваць там свае думкі. Вырашыў, што лепш з'ехаць. 

Дарэчы, калі збіраўся, зразумеў, што мяне не выпусцяць з маім пашпартам, таму што яго незадоўга да гэтага з'еў мой сабака. Прыйшлося яшчэ патраціць час, каб памяняць яго. Мая дзяўчына выехала крыху пазней, ёй трэба было зрабіць дакументы сабе і нашаму сабаку», — расказвае ён. 

Цяпер хлопец жыве ў Варшаве. Ён шукае працу, падаў сваё партфолія на вакансію мантажора дэкарацый.

Фота: асабісты архіў

«Любы лабірынт — план эвакуацыі, таму што немагчыма, каб ён быў зразумелы»

Усе працы Аляксандра звязаны с дакументацыяй. Адна з глыбокіх і цікавых — лабірынт «План эвакуацыі». Гэта гульня з шарыкам, дзе трэба знайсці шлях, па якім можна будзе «выехаць» з Беларусі.

«Я мару, каб яна стала на які наклад, таму што канцэпцыя гульняў павінна быць у даступнасці.

У мяне была даўно ідэя называць любы лабірынт — план эвакуацыі, таму што немагчыма, каб ён быў зразумелы. Калі я ўжо ствараў макет, у мяне ва ўспамінах узнікла гэтая рэч і наклалася на ўнутраны стан: неразуменне з'язджаць з краіны ці не», — расказвае ён. 

Зрабіў такія дзве гульні хлопец летась у Харкаве з дапамогай калег. 

«Калі вяртаўся з імі ў Беларусь, мяне старанна правяралі беларускія памежнікі. Знайшлі лабірынты (адзін з іх быў амаль сабраны, у яго можна было ўжо гуляць). Памежнік пачынае яго круціць і пытаецца, што гэта такое. Адказваю, што макет маёй будучай працы. А ён мне кажа: «На Беларусь падобна». І я думаю, як жа ён чартоўскі мае рацыю. Ён паганяў гэты шарык туды-назад і аддаў. Ехаў я ўжо да самага Мінска з усмешкай», — успамінае Аляксандр. 

Пасля ў лабірынт мастак дадаў некалькі адтулін для шарыка, каб яшчэ больш ускладніць «праезд». 

«Сам праходзіў не ўсе шляхі, але ёсць шмат пунктаў пропуску на заходняй граніцы, праз якія немагчыма выехаць. І гэта атрымалася свядома. У бок Расіі шмат выхадаў працоўных», — тлумачыць ён. 

Яшчэ адна праца Аляксандра — Сталін, злеплены з хлеба. Так хлопец хацеў актуалізаваць памяць пра ахвяр рэпрэсій, Галадамору. Скульптура таксама была зроблена ў Харкаве.

На пытанне, якой будзе актуалізацыя памяці пра рэпрэсіі ў час Лукашэнкі, хлопец адказвае, што помнікаў дакладна не будзе і тлумачыць чаму. 

«Асабіста мне, напрыклад, Ленін не свярбіць, нават падабаецца адзін. У Мядзелі ён на гары, пафарбаваны ва ўнікальны шэры колер. Самае цудоўнае адценне, якое я бачыў у сваім жыцці. Ён глядзіць незразумела куды, і мне гэта падабаецца. Хочацца думаць, што ён павольна сыходзіць пад зямлю, зарастае травой.

Змяніць назву вуліцы, прыбраць помнік — гэта адно. А людзям патлумачыць? Мяне хвалюе тут больш абмеркаванне.

Не атрымаецца проста паваліць гэтага Леніна, каб кускі разляцеліся і была весялосць народа. Гэта страшыць. Памятаю, як у Харкаве пры зносе помніка Леніну адзін з кускоў моцна параніў хлопца, які яго зносіў. Лепш, каб склалася дыскусія, у тым ліку з удзелам гісторыкаў, архітэктараў.

Помніка Лукашэнку не будзе, і нават нейкія перформансы не адразу могуць з’явіцца, таму што баліць. І нават калі ўсё скончыцца, дыялог будзе будавацца на абвастрэнні, таму яго вынік мала магчымы. Праз нейкі час, калі раны і пераломы пачнуць гаіцца, то тады, хочацца думаць, можна будзе ўсё рабіць і казаць у адрас гэтай асобы». 

Чытайце таксама: 

Міністэрства культуры зараз будзе кантраляваць у гонар якіх дзеячоў называць бібліятэкі

Беларусы Вільні збіраюць грошы на абнаўленне помніка Францішку Аляхновічу

«Мне страшна ацаніць гэтыя страты колькасна». Чаму «Белсат» выдаляе праграмы Сяргея Будкіна?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
27
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930