Знайсці
24.07.2022 / 19:36РусŁacБел

Forbes: Расія рыхтуе беспілотнікі, каб знішчаць HIMARS

Амерыканскія сістэмы HIMARS наносяць магутныя ўдары па арміі Расіі на ўкраінскай тэрыторыі. Нядаўна гэтая зброя прабіла дзіркі ў Антонаўскім мосце ў Херсоне. Мабільныя станоўкі на колавай базе могуць выканаць стрэл і адразу ж пакінуць агнявую пазіцыю, перш чым вораг іх абстраляе ў адказ. Але цяпер Расія хоча знішчаць украінскія HIMARS з дапамогай беспілотнікаў-камікадзэ, піша Forbes.

«

«Ланцэт-3» — самы сучасны расійскі беспілотнік

«Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу нядаўна заявіў, што расійская мэта — гэта знішчыць украінскую дальнабойную ракетную артылерыю.

Гэта сведчыць пра тое, што Расіі ці патрэбныя баражуючыя боепрыпасы, ці яна іх ужо хутка адправіць на поле бою», — сказаў выданню аналітык Цэнтра CNA і эксперт у пытаннях расійскіх беспілотнікаў Сэмюэл Бендэт.

У першыя месяцы вайны расійскія беспілотнікі-камікадзэ нанеслі толькі некалькі ўдараў. Але цяпер яны з'яўляюцца на перадавой штодня. Такая зброя здольная забяспечыць магчымасці, якія цяпер вельмі патрэбныя Расіі, а менавіта знаходзіць і знішчаць мабільныя цэлі тыпу HIMARS на вялікай адлегласці. Аператар можа кіраваць такім беспілотнікам, шукаючы цэль і загадзя не ведаючы яе каардынат.

Часцей за ўсё расійская армія прымяняе Куб-ПЛА. Гэта невялікі апарат з размахам крылаў трошкі большым за метр, электраматорам і здольнасцю несці трохкілаграмовую боегалоўку. Forbes піша, што расійскія вайскоўцы сталі часцей публікаваць відэа ўдараў, выкананых з дапамогай Куб-ПЛА, якія былі знятыя іншымі беспілотнікамі.

Атакі з дапамогай такіх расійскіх беспілотнікаў не вельмі ўражваюць. Хіба што толькі калі яны правакуюць другасны выбух боепрыпасаў або паліва ахвяры. Таму распаўсюджанае перакананне, што Куб-ПЛА неэфектыўныя.

На самай жа справе, пакуль меркаваць пра гэта цяжка. Ва ўсякім разе, не падобна, каб гэтыя беспілотнікі моцна палохалі ўкраінскіх вайскоўцаў, у адрозненне ад «Арлана-10». У апошняга гук матора такі ж гучны, як і ў мапеда. І калі вайскоўцы яго чуюць, значыць, варожы артылерыйскі або ракетны ўдар непазбежны.

15 ліпеня таксама з'явіліся відэа прымянення расійскай арміяй беспілотнікаў «Ланцэт-3». Як і ў выпадку з Куб-ПЛА, яго вытворчасцю займаецца кампанія Zala, якая належыць канцэрну «Калашнікаў».

«Лацэнт-3» — гэта таксама невялікі па памерах апарат з трохкілаграмовым боепрыпасам. Магчыма, гэта нават тая ж самая бомба. Але гэты беспілотнік мае больш сучасную канструкцыю і быў выпрабаваны ў Сірыі. Акрамя таго, у «Ланцэта-3» ёсць аўтаномныя магчымасці.

Эксперт Грэгары Ален з цэнтра CSIS заўважае, што здольнасць Куб-ПЛА самастойна шукаць цэль перабольшаная. Але ў выпадку «Ланцэта-3» ніякага перабольшання няма.

Беспілотнік можа функцыянаваць пад кіраваннем аператара, можа самастойна наносіць удар па зададзеных каардынатах або выконваць аўтаномны палёт над пэўным рэгіёнам у пошуках цэлі самастойна, без умяшання чалавека.

Гэта робіць яго прыдатным інструментам для знішчэння HIMARS пасля таго, як устаноўка выканала стрэл. Аднак у Расіі няма дастатковай колькасці такіх апаратаў, кажа Бендэт. РФ афіцыйна не паведамляла пра колькасць закупленых беспілотнікаў. Але, у адрозненне ад усюдыісных «Арланаў-10», дронаў-камікадзэ, падобна, у арсенале краіны не вельмі шмат.

«Мінабароны заявіла аб жаданні атрымаць такія магчымасці. І я ўпэўнены, што завод «Калашнікава» цяпер працуе звышурочна. Але Расіі патрэбныя сотні такіх беспілотнікаў у небе, каб гэта мела ўплыў на ўкраінскія сілы», — растлумачыў эксперт.

Яшчэ адзін беспілотнік, якім можа скарыстацца Расія — гэта «Ластаўка-М». Фактычна, гэта аналаг украінскага беспілотніка Punisher. Ён невялікі па памерах і ўзброены двума снарадамі велічынёй з ручную гранату.

У 2021 годзе гэты беспілотнік удзельнічаў у расійскіх ваенных вучэннях «Захад».

Няўрадавая арганізацыя Conflict Armament Research зафіксавала, што на гэтым тыдні ўкраінскія войскі ўпершыню збілі «Ластаўку-М». Таму ў найбліжэйшы час з'явіцца больш дэталяў пра магчымасці гэтага беспілотніка. Аднак лічыцца, што ён здольны знаходзіцца ў небе некалькі гадзін, а снарадаў на яго борце хопіць, каб знішчыць небраніраваную колавую базу HIMARS.

«Я думаў пра тое, калі «Ластаўка-М» дэбютуе ва Украіне. Думаю, іх проста не так ужо і шмат», — сказаў Бендэт.

Расія хацела б купіць беспілотнікі ў Кітая, каб папоўніць дэфіцыт уласных апаратаў. Аднак пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што Пекін пагадзіўся на гэта.

Цалкам магчыма, што менавіта таму Расія апошнім часам спрабавала дамовіцца аб продажы беспілотнікаў з Іранам.

Цяпер у Масквы проста няма дастатковай колькасці апаратаў-камікадзэ, каб паляваць на HIMARS. Аднак варта чакаць, што ў найбліжэйшыя месяцы і Украіна, і Расія будуць выкарыстоўваць больш такіх беспілотнікаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
6
Ха-ха
31
Ого
16
Сумна
9
Абуральна
28
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930