Знайсці
24.07.2022 / 12:2121РусŁacБел

Тварог, селядзец і «Графскія разваліны». Якіх беларускіх прадуктаў не хапае эмігрантам?

Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. Але іх улюбёная ежа засталася на радзіме. «Новы час» сабраў гісторыі аб іх кулінарнай настальгіі. 

Жэня. Жыве ў Аўстраліі. Даглядае пажылых людзей

Больш за ўсё не хапае звыклага тварагу. Чамусьці ў Аўстраліі яго вырабляюць толькі са значным дадаваннем солі ды крухмалу. Тут хоць i нядрэнна развiтая малочная прамысловасць, але не знойдзеш такую разнастайнасць салодкiх тваражкоў кшталту са смакам «бiсквiту з макам», цi той жа «Сняжок» з жэле, ёгурты маюць толькi класічныя смакі, ну i, вядома, няма нiякiх глазураваных сыркоў — гэта досыць мемны боль мiгрантаў у шматлікіх краiнах. Трэба адзначыць, што калi б я зараз прыехала у Беларусь, тады жаданне з'есцi гэты сырок цi тваражок не было б настолькi моцным, каб я забылася пачытаць, якiя малочныя прадпрыемствы больш звязаны з рэжымам, а якiя менш. Цi засталося на Радзiме дагэтуль штосьцi хоць крыху незалежнае?

Другi пункт самы беларускi — гэта бульба. Здаецца, дома можна было не вельмi да яе прыглядацца, бо любы гатунак ператвараўся ў смачную страву. А аўстралiйскую трэба ведаць, якую браць, каб не была вадзянiстая, цi вось яшчэ бывае, што варыш-варыш, паверхня ўжо распалася на шматкi, а cярэдзiна цвёрдая.

Часам сумую па бабруйскім зефiры, цукерках вытворчасці «Камунаркi» цi «Спартака». Не тое, каб яны аб’ектыўна былi найсмачнейшыя ў свеце, проста з'ела iх столькi за жыццё, што яны бадай у ДНК ужо ўбудавалiся. Да нас даязджае шмат «Roshen» i нейкiя расійскiя фабрыкi, а наладзiць iмпарт беларускiх цукерак магло б быць iдэяй для стартапа… у iншым жыццi.

Увогуле мы хутка прызвычаiлiся есцi мясцовае. А праз тры гады сапраўды не хапае ўжо вялiкай сям’i, сяброў i прыроды. A калi бярэ настальгiя па ежы, тады ратуе прыгатаваць дранiкi з такой бульбы, якая ёсць — галоўнае ўкласцi душу.

Яна. Жыве ў ЗША. Фатографка

Першы час у Каларада мне падавалася, што магу абыходзіцца і без беларускай ежы. Нават не марнавала час на краму з усходне-еўрапейскімі прадуктамі, якая была ў гадзіне язды.

Вядома, на першае пасля пераезду падарожжа ў Беларусь у мяне былі вялізныя гастранамічныя планы. Здавалася, што сумую нават па селядцы, які асабліва ніколі не ела. Прыляцела, набыла селядзец, чыпсы-пласцінкі, таматавы сок, крабавыя палачкі, мясныя падушачкі з ялавічынай і «Прынглз» з папрыкай (у амерыканскіх супермаркетах чыпсаў з папрыкай няма).

Высветлілася, што селядзец я ўсё ж не люблю і гэта быў «фантомны» боль. Астатняе са спісу з'ела б хоць зараз.

А вось праз год у эміграцыі харчовая настальгія ўсё ж надышла. Тады мы з мужам паехалі ў рускую краму за тварагом «як у нас». З таго часу перыядычна ямо сырнікі на сняданак па нядзелях. У мяне нават атрымалася накарміць імі амерыканска-іранскіх і карэйскіх калегаў мужа. Усім спадабалася.

Пару дзён таму саспеў першы ўраджай нашага community garden. І я панеслася за таркай, каб нарабіць аладак з цукіні. Часам такія флэшбэкі ў Беларусь і прабабулін агарод вельмі грэюць душу.

Яшчэ мы з сяброўкамі (яны з Беларусі, Украіны, Казахстана і Малдовы) вельмі любім збірацца на бранч і рабіць «нашыя» тоненькія блінцы. Нават ня ведаю, што можа быць больш душэўна. Карацей, на Радзіме я амаль не ела бліны, а цяпер, падаецца, фанацею ад усіх іх варыяцый. Часам здаецца, што магла прадаць душу свайго сабакі за блінчык #83 з «Дэпо».

Анастасія. Жыве ў Грузіі. Рэдактарка

Мне здаецца, Грузія не тая краіна, якая прымусіць вас моцна сумаваць па нейкай ежы. Тут ёсць амаль усё, да чаго мы прызвычаіліся дома. А чаго няма — навучыліся замяняць мясцовымі прадуктамі, напрыклад, той жа грэцкі ёгурт — мацоні. Хіба бракуе нейкіх каўбасных вырабаў, кшталту дзіцячых сасісак «Алфавітак», якія сын любіў у Беларусі. Але з улікам таго, што гэта не вельмі карысная ежа, то няшмат чаго і згубілі. Яшчэ сапраўдным мемам у мясцовых тэлеграм-чатах тых, хто прыехаў, стаў «жоўты сыр». Маўляў, не знайсці яго тут, толькі белы рассольны грузінскі прадаецца. Але мне здаецца, гэта штучная тэма, ёсць у крамах і «жоўты» сыр, трэба толькі пашукаць.

Затое шмат садавіны і гародніны, таннай і смачнай. Яна прадаецца ў невялічкіх крамках ледзь не праз кожныя 100 метраў. Сын, вялікі аматар трускавак, мог імі ласавацца яшчэ ў сакавіку.

Сапраўдным адкрыццём і палачкай-выратавалачкай стала «курыца на вуліцы» — куры грыль, якія тут шмат дзе робяць. Дома мы такое не бралі, бо баяліся атруціцца, а тут цалкам годны прадукт. Хіба ўлетку якасць крыху змянілася, але гэта выдаткі, як кажуць, «сезону».

А яшчэ свой унёсак у харчовую праграму робяць тыя, хто прыязджае з Беларусі, Украіны. Дзякуючы ім, тут з'яўляюцца вельмі смачныя пельмені і сырнікі, дранікі, хатнія каўбаскі, паляндвіца і нават фаршыраваная курка. Усё гэта можна замовіць і табе яшчэ дахаты прывязуць.

Так што нельга сказаць, што мы сумуем па нейкай ежы. Моцна не хапае некаторых асабістых рэчаў: торт, які мама традыцыйна пячэ на ўсе сямейныя сьвяты, «падсмажаныя» да чорнай скарыначкі шашлыкі на бацькавым лецішчы (шашлыкі мы гатуем так сабе), кубачак какавы ў кавярні на нашай вуліцы — вось гэтага ўсяго, што звязвае нас з домам і блізкімі.

Валерыя. Жыве ў Інданэзіі. PR-менеджарка

Я ўжо пяты месяц знаходжуся ў Інданэзіі на востраве Балі, а на эміграцыі гэта мой сёмы месяц. Павінна сказаць, што на Балі з прадуктамі і стравамі ўсходне-еўрапейскай кухні ўсё вельмі добра. Тут ёсць і прадукты, і дастаўкі замарожанай і хатняй ежы, і кавярні з ухілам у кухню нашага рэгіёна — усё дастаткова смачнае. Па чым я сумую, дык гэта па цэнах на такія прадукты і стравы — гэтае задавальненне на Балі каштуе ў 3-5 разоў даражэй. Гэта значыць, сумую па тым, каб зайсці ў краму і на 10 еўра накупіць цэлы кошык глазураваных сыркоў і любых ёгуртаў, а не адзін тваражок і тры сыркі.

Калі казаць аб прадуктах — вельмі сумую па селядцы. У мясцовых суполках можна знайсці пакунак нашага беларускага селядца — 250 грамаў, але па кошце 30 еўра. Таму, калі рабіць салату «селядзец пад футрам», атрымаецца яна вельмі дарагой.

Яшчэ я вельмі люблю халадзец і заліўное. Іх можна замовіць у дастаўцы хатняй ежы, але я пакуль не спрабавала. Таму што 200 гр халадцу каштуюць як 2 кг свежавылаўленых крэветак.

У нашым меню штотыдзень ёсць варэнікі з бульбай, пельмені, сырнікі, блінцы з розным начыннем. Праўда, 500 мл смятаны да гэтых далікатэсаў каштуе 7 еўра, але што рабіць. Дранікі з мясцовай бульбы атрымліваюцца добрыя, дужыя. Квашаную капусту можна зрабіць лёгка і хутка самастойна.

А яшчэ я вельмі сумую па смаку страваў, якія гатуе мама. Гэты смак асаблівы і яго нідзе ў свеце няма, толькі ў мамы дома.

Крысціна. Жыве на Кіпры. Працуе ў гатэльнай сфэры

Чаго мне не хапае за мяжой? Я цяпер на Кіпры, уся ежа адрозніваецца, іншы смак. Заўседы і ўсюды не хапае дранікаў! Жыву ў гатэлі, няма магчымасці самой гатаваць ежу. Мару, як буду есці іх дома! Калі вярталася з-за мяжы, мама заўсёды рабіла дранікі ці смажыла бульбу. І беларуская смятанка! Такой няма нідзе. Яшчэ буракі — тут яны ў марынадзе, не магу ўявіць, як іх есці. Не тое, што нашыя, салодкія ды з часнычком! Ммм!

Сумую па кошычках і трубачках са згушчонкай у Цэнтральнай краме на Кастрычніцкай плошчы. Стаіш, смакуеш і глядзіш на Мінск за вакном… І па сырках, вядома! Усіх: ванільных, шакаладных, з пандай на абгортцы, з дзяўчынкай. Тут наогул няма падобнага.

Не хапае і беларускага шакаладу. Той смак і пах, што нагадвае дзяцінства, лепей чым «Нэстле» ці «Мілка». «Камунарка» — вось мой выбар. Захоўваю ў заплечніку адну плітку «Алёнкі», што мама дасылала яшчэ паўгады таму. Адкрыю, калі зусім засумую па радзіме. 

Вікта. Жыве ў Швайцарыі. Блогерка

Вы будзеце смяяцца, але сярод швейцарскіх «Мілак» я больш за ўсё сумую па «беларускай малочцы». Цяпер лета — сезон халаднікоў, а любы разумны чалавек вам скажа, што найсмачнейшы халаднік гатуецца на кефіры. Але з кефірам тут праблема, ніколі не сустракала яго ў звычайных крамах.

Другое, па чым сумую, — гэта тварог. Яго я знаходзіла толькі зярнёным. А мне для ранішніх сырнікаў патрэбны звычайны беларускі.

І нарэшце — глазураваныя сыркі. Не так часта я іх набывала, але ж цяпер вельмі хочацца паласавацца. Пэўна, яшчэ мацней праз тое, што іх тут не знайсці.

Што тычыцца малака, смятаны, сыроў — яны ў Швейцарыі смачныя. Грэчка месціцца на палічках здаровага харчавання, а Лідскі квас мне замяняе модная камбуча.

Воля. Жыве ў Швецыі. Моўшн-дызайнерка

Нам у Швецыі вельмі не хапае варэнікаў, хаця яны ёсць у расійскай краме, але не такія, як родненькія. Таксама не хапае сырнікаў, бо тут не такі тварог, як у Беларусі, і таму нават зрабіць падобныя не атрымліваецца. Сумуем па халадніку. Ёсць некаторыя месцы, дзе яго робяць, але гэта рэдкасьць.

Сапраўдная мара — слойкі са шпінатам з «Кароны».

І, вядома, марозіва — «Капрыз», «Каштан» і марозіва ў вафельным кубачку, кшталту «ТОП». Сыркі глазураваныя таксама тут ёсць у расійскіх крамах, але яны нейкія нямецкія, іх смак зусім не той.

Сумуем па смаку барадзінскага хлеба і смятаннікаў. Яшчэ не хапае салатаў з кулінарыі кшталту «аліўе» ці «селядца пад футрам». Ну і таксама мара — гэта торт «Графскія разваліны» і ўвогуле амаль усе тарты са звычайнай мінскай крамы, бо ў Швецыі маюцца смачныя булачкі, але тарты — не, да таго яшчэ і выбар маленькі.

Ганна. Жыве ў Іспаніі. Журналістка

У Мінску мы жылі каля Камароўкі, таму ўсе беларускія прысмакі былі ў крокавай дасяжнасьці. Асаблівай радасцю было набыць усялякай зеляніны-гародніны, нарубіць дома ўсемагчымых салатаў (напрыклад, з памідораў, базыліку, цыбулі і алею — асалода!) і есці іх упрыкуску з маст-хэвам наведвальнікаў Камароўкі — тандырнай ляпёшкай.

Цяпер я жыву на Канарскіх астравах — у Тэнэрыфэ. З памідорамі тут сітуацыя не вельмі: па адэкватных цэнах можна набыць чэры, а вялікія памідоры дарагія і непрыгожыя. Пра агуркі на востраве ўвогуле лепш забыць. Аднойчы мы ездзілі на мясцовы «Агра-кірмаш» — там, калі пашанцуе, можна знайсці фермерскую гародніну, але гэта даволі далёка, нават кожны тыдзень не наездзішся. Але на замену старой-добрай салаце з радыскай, агуркамі і смятанай прыйшла салата з авакада, крэветкамі, рукалай. Таму не скардзімся! Толькі крыху.

Пра смятану і твораг — сапраўдныя нашы далікатэсы — тут увогуле не чулі. І калі першую цалкам можна замяніць грэцкім ёгуртам, дык тваражок не заменіш нічым. Я спрабавала прыгатаваць сырнікі з дапамогай рыкоты («рыкотнікі»), але атрымліваецца нейкая падробка. Вось чаго мы не чакалі сустрэць на Канарах — згушчанага малака, якога аднойчы вельмі захацелася. Знайшлі, набылі адразу літр! Нічым не горш за «Глыбоцкае». Цяпер вельмі не хапае каляровых вафельных каржоў для торта са згушчаным малаком, як у дзяцінстве. Спадзяюся, родныя правязуць іх праз мяжу ў якасці сувеніраў з Радзімы.

Яшчэ адзін недаацэнены беларускі скарб — кашы. Я чула, што ў Еўропе грэчку можна набыць толькі ў некаторых аптэках, у раздзеле суперздаровага харчаваньня. Але я і ў аптэках, на жаль, не сустрэла. Вельмі сумую па аўсянцы «Лідкон» на сняданак, да яе мяне з дзяцінства прывучыла мама. Але і ў Беларусі «Лідкон» зараз нячаста сустрэнеш. На востраве мы знайшлі аўсянку толькі ў адной краме, зноў жа з пазнакамі «бія—веган—эка-натураль», за тры еўра. Больш падобная да той, што ў Беларусі прадаецца ў шэрых пакунках з пазнакай «экстра», вось яна мне ніколі не падабалася. Але самым маім улюбёным беларускім сняданкам былі варэнікі «Баба Ганна» з чарніцамі, палітыя распаленым маслам. Тут ні варэнікаў, ні чарніц.

А вось мой хлопец страшэнна сумуе па шматочку сала са сцяблінкай зялёнай цыбулі, хоць і ў Мінску мы частаваліся падобным раз на год. Нават самы смачны хамон не задавальняе гэтую ягоную патрэбу. Мне ж, у сваю чаргу, не хапае мядовай азербайджанскай дынькі з Камароўкі. Тут ёсць, але не вельмі смачныя. Даводзіцца «давіцца» папаяй (смяецца).

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
8
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
2
24.07.2022
Satan, в рисе сейчас, говорят, химии, что трындец
ну там же в Китаях плохо очень с экологией 
0
проклятые рудники/адказаць/
24.07.2022
Satan, так почему вы не остались там жить?
24.07.2022
проклятые рудники,В Словении? А как бы я там остался жить по тур визе? Да, и особо я и не хочу жить в Словении. Там прикольно и в Черногории с Хорватией прикольно... Отдохнуть. А жить? Мне не так уж нравится моречко, кухня местная мне нравится еще меньше. Винишко неплохое там. Природа красивая. Я ездил по стране, не только у моря сидел. Но жить мне лучше в Польше или в Чехии. Можно и там, и там, попеременно) Где еще в Европе...  Францию, Англию, Ирландию, пожалуй, для жизни мог бы рассмотреть. Хотя скорее-всего рванул бы в Латинскую Америку или Азию. Может еще и придется в Чили или Аргентину улетать... кто его знает, что там дальше будет.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера