Знайсці
30.05.2022 / 12:04РусŁacБел

Штрафны батальён. Сотні расійскіх зэкаў адправілі на вайну ва Украіну добраахвотнікамі

Рэцыдывіст з Чачні, судзімы 7 разоў за 7 гадоў Бекхан Тайсумаў па апошнім прысудзе павінен сядзець у калоніі. У рэальнасці ‒ ён на фронце і «вызваляе» Украіну. Разам з іншымі зэкамі-добраахвотнікамі, якія павінны ўсё яшчэ адбываць пакаранне або знаходзіцца дома пад адміністрацыйным наглядам. Але ўсе яны нейкім чынам апынуліся ў іншай краіне са зброяй у руках. Пра гэта піша телеграм-канал «Можем объяснить».

Асуджаны за выраб зброі і захоўванне наркотыкаў Усман Сукуеў (злева) на зоне лічыўся «схільным да членашкодніцтва» злосным парушальнікам. Ледзь выйшаўшы на волю, ён адправіўся на вайну

Кожны дзявяты — судзімы

Як падлічыў канал «Можем объяснить», параўноўваючы спіс, апублікаваны разведкай Украіны (у ім 2,5 тыс. чалавек) і пастановы на сайтах расійскіх судоў,

толькі ў сакавіку з 953 добраахвотнікаў з Чачні, якія адправіліся ваяваць ва Украіну, мінімум 101 аказаўся з крымінальным мінулым і сучаснасцю.

Па даных сайтаў судоў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі артыкуламі, паводле якіх судзілі гэтых байцоў, аказаліся крадзяжы і рабаванні, махлярства, незаконны абарот наркотыкаў і зброі, парушэнне ПДР. Але сустракаюцца і «экзатычныя» артыкулы за сэксуальныя зносіны з непаўналетнімі, незаконны абарот атрутных рэчываў або службовыя падробкі.

 Па судзе — сядзіць, у рэальнасці — ваюе

Многія з чачэнцаў-добраахвотнікаў па законе не маглі ехаць ваяваць і нават пакідаць месца жыхарства з-за крымінальных прысудаў або адміністрацыйнага нагляду.

Напрыклад, рэцыдывіст Бекхан Тайсумаў, які апынуўся ва Украіне, паводле прысуду Гудэрмескага гарсуда Чачні да канца 2022 года павінен адбываць тэрмін у калоніі строгага рэжыму за махлярства — раней касацыйны суд не знайшоў падстаў для змякчэння яго прысуду.

Першы свой прысуд за крадзеж — два гады пазбаўлення волі ўмоўна — Тайсумаў атрымаў у 2013 годзе. Праз год ён атрымаў 3 гады ўмоўна за махлярства па прысудзе Шаўкоўскага райсуда Чачні. У 2015 годзе Шалінскі гарсуд Чачні асудзіў ужо яго на 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму за некалькі эпізодаў махлярства, але затым Вярхоўны суд РФ знізіў гэты тэрмін да 2 гадоў і 6 месяцаў.

Вясной 2019 года Гудэрмескі гарсуд Чачні асудзіў Тайсумава за кіраванне аўтамабілем у п'яным выглядзе на 1 год пазбаўлення волі ўмоўна. Улетку 2019 года новы прысуд Шаўкоўскага райсуда за буйное махлярства — 2 гады і 6 месяцаў калоніі строгага рэжыму.

У лютым 2020 года прысуд Гудэрмескага гарсуда Чачні за чарговае махлярства — 3 гады калоніі строгага рэжыму.

А ў снежні 2020 года за яшчэ адно махлярства Ленінскі райсуд Грознага асудзіў Тайсумава да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. У выніку па сукупнасці тэрмінаў Тайсумаву далі ў 3 гады 6 месяцаў калоніі строгага рэжыму і абмежаванне волі на 6 месяцаў пасля вызвалення.

З улікам часу адбытага пакарання з чэрвеня 2019 года тэрмін Тайсумава заканчваўся ў канцы 2022-га. Гэтае рашэнне таксама пацвердзіў летам 2021 года і пяты касацыйны суд, які не знайшоў падстаў для змякчэння прысуду Тайсумаву.

Тым не менш судзімы сем разоў за сем гадоў Тайсумаў знаходзіцца не ў калоніі, як загадаў суд, а на фронце. На якім узроўні прымаліся рашэнні па ім, застаецца толькі здагадвацца.

Умоўны тэрмін Хусэйна Шамсудзінава за крадзеж па прысудзе Шаўкоўскага райсуда Чачні заканчваецца ў 2024 годзе, але і ён апынуўся ў спісе тых, хто ваюе ва Украіне.

А вось неаднаразова судзімы Тамерлан Магамерзуеў у сакавіку 2022 года па прысудзе Вядзенскага райсуда Чачні атрымаў 1 год прымусовых работ за незаконны збыт моцнадзейных рэчываў. Мужчына павінен быў самастойна адправіцца ў «Папраўчы цэнтр №1» Чачні, але замест гэтага адправіўся ваяваць ва Украіну, праігнараваўшы рашэнне суда.

На пасяджэнне па сваёй чарговай справе аб незаконным захоўванні наркотыкаў у красавіку 2022 года ён ужо не з'явіўся ‒ райсуд Кабардзіна-Балкарыі паведаміў, што падсудны схаваўся, пасяджэнне прыйшлося адмяніць.

Аднак па законе Магамерзуеў не мог пакідаць краіну, яго павінны былі затрымаць, этапаваць і замяніць папраўчыя работы на пазбаўленне волі.

Рэцыдывіст Хасан Ісаеў пасля вызвалення ў 2022 годзе таксама не меў права пакідаць месца жыхарства — да 2030 года ён павінен знаходзіцца пад адміністрацыйным наглядам па рашэнні Чагемкага райсуда.

«Дэнацыфікатары» са спісу тэрарыстаў

Апынуліся ў спісе чачэнскіх добраахвотнікаў і двое датычных да тэрарызму.

Першы — судзімы за два асабліва цяжкія злачынствы рэцыдывіст Лема Ахаеў. Падчас зняволення кіраўніцтва калоніі характарызавала яго «як схільнага да нападу на прадстаўнікоў адміністрацыі і іншых супрацоўнікаў праваахоўных органаў», «лідара і актыўнага ўдзельніка груповак адмоўнай накіраванасці» і «асобу, якая аказвае негатыўны ўплыў на іншых асуджаных, якая вывучае, прапагандуе, вызнае альбо распаўсюджвае экстрэмісцкую ідэалогію».

Другі — судзімы за ўдзел у масавых беспарадках Хасан Арсаханаў, які мае адміністрацыйны нагляд да 2026 года.

Яшчэ пяць чалавек са спісу добраахвотнікаў у розныя гады таксама знаходзіліся ў пераліку памагатых і спонсараў экстрэмізму і тэрарызму.

З калоніі — адразу на фронт

Большасць асуджаных, якія ўдзельнічаюць у вайне, хаваюць свае твары. Выключэнне — Усман Сукуеў, якога апазналі на фота жыхары Чачні.

У траўні 2017 года Шалінскі гарсуд Чачні асудзіў Сукуева на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна за незаконнае захоўванне і выраб зброі. У кастрычніку таго ж года Старапрамыслоўскі райсуд Чачні асудзіў яго на 1 год папраўчых работ за незаконны абарот псіхаактыўных рэчываў. У красавіку 2018 года райсуд асудзіў яго па артыкуле аб незаконным захоўванні наркотыкаў на 1 год пазбаўлення волі. Таксама суд адмяніў папярэднія ўмоўныя прысуды, і па сукупнасці Сукаеў атрымаў 3 гады, 8 месяцаў калоніі-пасялення.

З-за парушэння парадку яго неўзабаве перавялі ў калонію агульнага рэжыму. У сакавіку 2021 года Наўрскі райсуд Чачні пастанавіў вызваліць Сукуева па УДВ, нягледзячы на тое, што ў калоніі яго характарызавалі як «злоснага парушальніка» і «асобу, схільную да суіцыду і членашкодніцтва».

Пракуратура Наўрскага раёна апратэставала гэтую пастанову, і Вярхоўны суд Чачні адправіў справу на новы разгляд. У выніку Сукуева павінны былі вызваліць у студзені 2022 года.

У лютым 2022 года кіраўніцтва калоніі звярнулася ў Наўрскі суд па справе аб адміністрацыйным наглядзе за Сукуевым. Але ў сакавіку 2022 года пасяджэнне спачатку адклалі па тэхнічных прычынах, а ў красавіку гэты іск пакінулі без разгляду «па іншых падставах». Падчас гэтых пасяджэнняў Сукуеў ужо ўдзельнічаў у «спецаперацыі».

Цяпер, па інфармацыі «Можем объяснить», умовы набору ў добраахвотнікі змянілі — нібыта з'явілася забарона на наём судзімых. Але сотні рэцыдывістаў ужо на фронце.

«Галоўнае, што мы праваслаўныя, і нам няма чаго дзяліць». Знайшлі метадычку расійскіх вайскоўцаў пра тое, як гаварыць з украінцамі

Пуцін адмяніў верхнюю ўзроставую мяжу для кантрактнікаў

Новы пакет дапамогі Украіне: што могуць «Гарпуны» і «Экскалібуры»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
25
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930