Знайсці
26.03.2022 / 15:52РусŁacБел

Двайное жыццё прэс-сакратара МНС Віталя Навіцкага

Учора стала вядома, што памёр шматгадовы прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. Многія ўспаміналі, як у 2020 — 2021-м ён публічна пакрываў палітычныя звальненні калег і нават катаванні на Акрэсціна. Але некаторыя дэталі яго біяграфіі былі да ўчарашняга дня невядомыя публіцы. Толькі пасля смерці іх раскрылі яго паплечнікі.

Да 2020-га ў Віталя Навіцкага была рэпутацыя рэдкага працаўніка дзяржструктур, які не хаваецца ў кусты, калі яму задаюць пытанні.

Актыўны ў твітары, ён быў адкрыты і да каментавання надзвычайных падзей, рэдка калі выкручваўся і быў калі не сказаць што любімым прэс-сакратаром сярод журналістаў, то прынамсі ў топе. Па яго словах і пазіцыі многія складвалі ўражанне аб усім ведамстве — у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) было пазітыўнае рэнамэ. 

Але тое змянілася пасля жніўня 2020-га. 

Пачалося ўсё з таго, як кажуць калегі, што ў Навіцкага з'явілася новая функцыя — кантролю за сацсеткамі супрацоўнікаў МНС. Некаторыя звольненыя па палітычных прычынах звязвалі свой «сыход» непасрэдна з рэкамендацыямі гэтага цэнзара. 

Калі ратавальнікаў пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з беларускай сімволікай, Навіцкі знік з твітара. 

«З твітарам яму дапамагала шмат людзей як дабраахвотнікі, па сваім жаданні: недзе відэа зняць, нешта пафоткаць, раздрукаваць. Пасля падзей 2020-га ён падтрымкі ўсіх гэтых людзей пазбавіўся, яму сказалі ўсе, літаральна: «На нас не разлічвай». Кантакты звяліся да мінімуму ў рамках службовых абавязкаў. А адвярнуліся ад яго ўсе таму, што ён пачаў хлусіць аб абставінах звальнення ратавальнікаў і заплюшчваў вочы на абурэнне грамадства здыманнем сцягоў», — расказвае былы калега Навіцкага. 

Пасля гэтага акурат настаў час, калі пачаліся масавыя чысткі нелаяльных у дзяржаўных структурах. 

«Пра аднаго супрацоўніка ён публічна казаў, што звольніўся сам, хаця ўсе ведалі, што ноччу да яго [пажарнага] у вёску прыязджалі кадравік і кадэбэшнік і прымушалі падпісваць рапарт. Іншага, у Фрунзенскім раёне, выклікалі, уручылі працоўную кніжку, і проста з пажаркі той паехаў на суткі, пра гэта ўсе ў калектыве ведалі, а Навіцкі талдычыў сваё», — расказвае «Нашай Ніве» былы ратавальнік. 

Прэс-сакратар у гэты ж час паўтараў мантру, што ўсе «палітычныя» самі пішуць заявы на звальненне: «У арганізацыі любой формы ўласнасці існуюць парадак, патрабаванні і правілы, выконваць якія пры прыёме на працу, а ўжо тым больш на службу, абавязуецца кожны працаўнік. Наш ужо былы калега 11 жніўня падаў рапарт на звальненне, выказваючы тым самым сваю нязгоду з устаноўленым парадкам, які да гэтага часу яго задавальняў. Яго просьба была задаволеная. Што да паўторнага прыёму на службу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, то такая практыка існуе», — казаў ён пра пажарнага Юрыя Крывашэя, якога звальнялі ў прысутнасці работніка КДБ. 

Але нават калег з МНС і журналістаў здзівіла, што ў дзень смерці прэс-сакратара спачуванні прыйшлі яму з зусім нечаканага боку. 

Ёсць такі тэлеграм-канал лукашэнкаўцаў «Людажор», які складаецца з недарэалізаваных журналістаў, што пішуць свае рэфлексіі па матывах падзей. 

Прэзідэнта Зяленскага там называюць «накураным зелібобам», украінцаў — «шумерамі». Як там называлі беларусаў, то лепш і не ведаць.

Гэтая суполка таксама паставіла сабе за мэту шкодніцтва недзяржаўным СМІ. Яны выдумлялі праўдападобныя і не вельмі байкі, закідвалі ў рэдакцыі пад выглядам фактаў, а потым ад імёнаў «сведкаў» падманвалі журналістаў, якія і так працавалі ва ўмовах падполля ці выгнання, калі твае магчымасці праверыць інфармацыю ўскладненыя. 

Поспехі ў гэтай справе ў іх бывалі рэдка, але калі такое атрымлівалася, суполка ў фарбах апісвала, як надурыла рэпрэсаваных журналістаў. Такі прымітыўны спосаб падрыву даверу да працы СМІ.

І вось учора ў «Людажоры» пра Навіцкага напісалі так: 

«Апроч асноўнай работы, Віталік быў сябрам суполкі «Людажор», аб гэтым ведала вельмі абмежаванае кола людзей, але салідны кавалак свайго часу ён выдаткоўваў на не зусім бачны інфармацыйны фронт. Працаваў, застаючыся ў цені. Мы страцілі не толькі калегу, але і сябра». 

Навіцкаму быў 41 год. Прэс-сакратаром МНС працаваў з 2006 года. 

Чытайце па тэме:

Пажарны папярэдзіў людзей пра зняцце сцяга. Яго звольнілі і высяляюць разам з цяжарнай жонкай

«Я і мае калегі не згодныя з гэтым». Мінскі пажарны асудзіў выкарыстанне МНС для барацьбы з нацыянальнай сімволікай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера