Знайсці
07.09.2021 / 19:58РусŁacБел

Касцёл у Беларусі асудзіў публікацыю ў газеце «Мінская праўда» і расцэньвае яе як распальванне варожасці

Па даручэнні старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча пазіцыю беларускага каталіцкага епіскапату адносна публікацыі ў газеце «Мінская праўда» (№ 68 ад 7 верасня 2021 года) выказвае старшыня Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

«У сённяшнім нумары газеты «Мінская праўда» (№ 68 ад 7 верасня 2021 года), заснавальнікам якой з’яўляецца Мінскі абласны выканаўчы камітэт, на першай старонцы апублікавана карыкатура Антона Астроўскага. На малюнку — выява каталіцкіх святароў у характэрным адзенні, свастыкі, бел-чырвона-белага сцяга, дапоўненая словамі беларускага хрысціянскага гімна «Магутны Божа» на фоне скажонай рэплікі абраза Росіцкіх мучанікаў — святароў, якія падчас Другой сусветнай вайны разам са сваімі вернікамі мужна прынялі смерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак падпісаны на рускай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные…»

Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю ў газеце «Мінская праўда» і расцэньвае яе як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве да Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва да яго іерархаў і прэзбітэраў. Дадзеная публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуццям вернікаў Каталіцкага Касцёла. Карыкатура, на якой крыж ператвараецца ў свастыку, а таксама свастыка, змешчаная замест крыжа, абражае не толькі святароў, але ў першую чаргу зневажае Крыж Хрыста Збаўцы, які на ім аддаў жыццё за збаўленне людзей. На думку каталіцкіх біскупаў Беларусі, гэтая публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій. Публікацыя таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасці да фашызму і нацызму, што з’яўляецца свядомым і зламысным скажэннем праўды, паклёпам і абразай.

Біскупы Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі спадзяюцца, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі ў газеце «Мінская праўда», змешчанай у № 68 ад 7 верасня 2021 года, незадоўга да святкавання Дня народнага адзінства», — гаворыцца ў звароце.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930