Знайсці
08.08.2021 / 08:15РусŁacБел

Канстанцін Якаўлеў: Мы знойдзем сілы, каб больш упарта адстойваць сваю свабоду

Спартсмены ў жніўні-2020 аднымі з першых выступілі за новыя выбары і супраць гвалту. Працягваем згадваць, як змянілася жыццё медыйных беларусаў у гадавіну апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Галоўны трэнер гандбольнага клуба «Віцязь», майстар спорту, шматразовы чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі Канстанцін Якаўлеў з 2020 года рэзка стаў непажаданай персонай для беларускага спорту: дастаткова было выказаць салідарнасць з затрыманай калегай, баскетбалісткай Аленай Леўчанка, як клуб знялі з чэмпіянату Беларусі і пазбавілі залі. Канстанцін паспеў і пасядзець 15 сутак па «народным артыкуле» 24.23 за анонс адкрытай трэніроўкі ў Новай Баравой. Яму пагражалі крыміналкай, таму нядаўна спартсмен пакінуў краіну. Але настойвае: «Гэта мой часовы ад’езд». І верыць, што Беларусь хутка стане вольнай і ён, як і многія іншыя, зможа вярнуцца на радзіму без рызыкі быць затрыманым зноў.

«Тое, як абышліся з нашай камандай, маім клубам, як нас наўпрост выгналі — гэта, вядома, помста за нашу грамадзянскую пазіцыю. Беларусы ў гэтым годзе згуртаваліся, спартоўцы — таксама (так, як таго не было раней). Следствам гэтага сталі рэпрэсіі, за краты трапілі мае сябры і я таксама. Гэта ўсё вельмі прыкра, але нават калі меркаваць па ўдзельніках Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Беларусі, відавочна, што ўсе мы сталі мацнейшымі, маральна ўстойлівейшымі. І так, на сёння мы гатовыя не толькі да спрынту, але і да марафону.

Я вельмі шчаслівы, што мне адкрыліся людзі, якіх я цяпер ведаю па аб’яднанню. Я ганаруся кожным з іх і гатовы дзеля іх на ўсё. Мы цяпер як сям’я. Пры гэтым старыя таварышы, якіх я такімі лічыў, адсеяліся. І я таксама шчаслівы, што так адбылося.

За апошні год я сам нібыта знайшоў у сабе іншага чалавека. Я называю яго лепшай версіяй сябе. Калі ты вечна ў зоне камфорту, то разважаеш так: навошта нешта мяняць, разбірацца? А калі перад табой зачыняюцца ўсе дзверы, ты трапляеш у складаныя, стрэсавыя ўмовы, ты нечакана праяўляеш сябе па-новаму. Пакуль у мяне ідзе перыяд адаптацыі пасля пераезду: наладжванне сувязяў, кантактаў. Але мне б хацелася зрабіць ва Украіне каманду па мадэлі нашага гандбольнага клуба «Віцязь», гэтакі беларускі гандбольны астравок тут. 

Дагэтуль згадваю, які вялізны боль мне прынесла смерць Рамана Бандарэнкі. Былі і другія смерці ў Беларусі, але чамусьці менавіта гэтую я перажываў так, быццам гэта быў родны мне чалавек. Да слёз. Я яшчэ тады захварэў на каранавірус, так што мне было максімальна дрэнна. Гэта моцная страта і паказальны момант бязмежжа людзей, якія былі ў гэтым замешаныя. Асабліва прыкра, што яны мелі дачыненне да спартовай супольнасці. 

Увогуле, як і ў любога беларуса, мой настрой даўно скача, як на тым малюнку з кардыяграмай. Спачатку пачытаеш навіны пра Сцяпана Латыпава ці новыя арышты, і настрой робіцца амаль дэпрэсіўным. А пасля МАК пазбаўляе акрэдытацыі двух трэнераў зборнай Беларусі, якія ціснулі на Крысціну Ціманоўскую — настрой ідзе ў гару. Хочацца кожную раніцу пачынаць з такіх навін. Тым больш, гэта ў тым ліку вынік працы Фонда спартыўнай салідарнасці і Свабоднага аб’яднання спартсменаў. Такія перамогі даюць імпульс рухацца наперад. Мы будзем і далей дапамагаць усім сумленным спартсменам, не пакінем іх у адзіноце.

Пакуль мы яшчэ не прачнуліся ў новай Беларусі Лыжка дзёгцю, што нават тыя, хто першапачаткова выступаў супраць гвалту, спужаліся — і вось ужо яны просяць прыбраць іх подпісы ў адкрытым лісце з патрабаваннямі да ўлады, знікаюць іх шчырыя пасты з сацсетак. Такія вось мы, беларусы… Але я веру, што яшчэ адбудзецца нейкая падзея-выбух, і мы знойдзем сілы, каб больш упарта адстойваць свае правы і свабоду. Да канца. Я жыву гэтай надзеяй».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930