Знайсці
19.05.2021 / 22:08РусŁacБел

У Швецыі працягваецца скандал з крэдытаваннем беларускай энергетычнай праграмы

Швэдзкі тэлеканал TV4 паказаў сюжэт зь Беларусі з працягам расьсьледаваньня пра крэдытныя гарантыі швэдзкага Агенцтва па экспартных крэдытах EKN на шматмільённую зьдзелку паміж кампаніяй Siemens Turbomachinery AB і беларускімі дзяржпрадпрыемствамі «Мінскэнэрга» і «Брэстэнэрга», піша «Радыё Свабода».

Раней EKN крытыкавалі за тое, што яно дало гарантыі зьдзелкі, нягледзячы на парушэньні правоў чалавека на беларускіх прадпрыемствах. Кіраўнік EKN і міністар зьнешняга гандлю Швэцыі былі вымушаныя даваць тлумачэньні парлямэнту.

Цяпер швэдзкія СМІ паведамілі, што ў заключэньні ўгоды брала ўдзел амбасадарка Швэцыі ў Беларусі.

Кіраўнік швэдзкай Арганізацыі падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Марцін Угла напісаў у сваім фэйсбуку:

«Выкрыцьцё праграмы Kalla Fakta аб ролі Міністэрства замежных спраў і амбасады Швэцыі ў пагадненьні, паводле якога Агенцтва па экспартных крэдытах EKN дало крэдытныя гарантыі, паказвае, што дасягнутае новае дно. Стала зразумела, што гаворка не ішла пра недасьведчанасьць кіраўніцтва EKN, якое празь некампэтэнтнасьць выпадкова задаволіла заяўку, што было б само па сабе дрэнна. Але ўгода была вынікам актыўнай працы Міністэрства замежных спраў, якое было цалкам інфармаванае аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аб ролі дзяржаўных кампаній у рэпрэсіях лукашысцкай дыктатуры супраць уласных грамадзянаў і аб поўнай пагардзе да працоўнага заканадаўства».

«Аўтарытэт Міністэрства замежных спраў у пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека моцна пацярпеў. Каб аднавіць гэты давер, неабходна працягваць значна больш канкрэтныя дзеяньні ў падтрымку дэмакратычнага руху, актыўныя эўрапейскія санкцыі супраць рэжыму і судовы перасьлед парушальнікаў правоў чалавека; таксама ўрад павінен даць выразны сыгнал пра тое, што з усялякай падтрымкай Лукашэнкі і яго рэжыму канчаткова скончана: больш ніякай дапамогі дзяржаўным суб’ектам, ніякіх спраў з кампаніямі рэжыму, ніякай пабудовы адносінаў з прадстаўнікамі дыктатуры, ні цэнтралізавана, ні на мясцовым узроўні. У безумоўнай падтрымцы Швэцыі маюць патрэбу беларускія дэмакраты, а не Лукашэнка і яго саўдзельнікі».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930