Знайсці
18.05.2021 / 00:33РусŁacБел

«Было б памылкай лічыць яго выключна абстрактным». Што змяняе закон аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму?

15 мая быў апублікаваны закон «Аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму». У сілу ён уступіць праз месяц пасля гэтага. Хтосьці непакоіцца, што з яго прыняццем прыйдзе новая хваля рэпрэсій. Іншыя, наадварот, не бачаць у законе нічога новага — адказнасць за прапаганду нацызму і так была прадугледжана Крымінальным кодэксам і законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Што тады змянілася? Паспрабавалі разабрацца.

Нюрнбергскі працэс

Парламенцкая асамблея СНД яшчэ ў 2012 годзе зацвердзіла мадэльны закон «Аб недапушчальнасці дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх саўдзельнікаў», які мае рэкамендацыйны характар. Новы беларускі закон шмат у чым зроблены паводле гэтага ўзору. Але ёсць і некаторыя адрозненні, у тым ліку выкліканыя тым, што ўжо дзейнае беларускае заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і так вельмі жорсткае.

«У мадэльным законе СНД вялікая ўвага нададзена паўнамоцтвам грамадскасці ў барацьбе з нацызмам — у тым ліку асноўным суб’ектам, які робіць высновы аб прыналежнасці тых альбо іншых з’яваў да нацызму, там з’яўляецца грамадская антынацысцкая экспертыза, а грамадскія аб’яднанні адзначаныя як асноўныя суб’екты ў сферы маніторынгу і прафілактыкі нацызму. Гэтак першапачаткова было і ў беларускім праекце закона, які быў распрацаваны напачатку гэтага года. Але пры разглядзе яго ў Палаце прадстаўнікоў менавіта паўнамоцтвы грамадскасці ў сферы барацьбы з нацызмам выдалілі.

Асноўным органам у гэтай сферы прызначана Міністэрства ўнутраных спраў, якое павінна каардынаваць дзейнасць КДБ і Следчага камітэта ў гэтым кірунку. Груба кажучы, беларускія заканадаўцы ўзялі мадэльны закон аб барацьбе з рэабілітацыяй нацызму і паўсюль замянілі грамадскія аб’яднанні на МУС і іншыя сілавыя органы», — заўважае юрыст Юрый Чавусаў.

Па яго словах, уласна новых рэпрэсіўных захадаў барацьбы з нацызмам гэты закон не прадугледжвае — ён толькі дэталізуе парадак выкарыстання ўжо існуючых.

«Таму слушна кажуць тыя, хто лічыць, што прыняцце асобнага закона мае перш за ўсё ідэалагічны характар. Гэта як пазначэнне нацызму маркерам як найбольш небяспечнай формы з агульнага поля экстрэмізму.

Цяжка не правесці паралель з цяперашнімі палітычнымі падзеямі. Прапагандысты часта выкарыстоўваюць «нацызм» не як юрыдычную ці ідэалагічную катэгорыю, а як палітычную мянушку, якая абгрунтоўвае рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да апазіцыі. Інтэрпрэтацыя будуецца такім чынам: дастаткова назваць кагосьці нацыстам, і пасля гэтага ў дачыненні да яго можна ўжываць меры, якія звычайна недапушчальныя для абмежавання правоў і свабодаў, але дазваляюцца пры супрацьдзеянні нацызму з прычыны прызнанай усім светам агульнай і надзвычайнай небяспечнасці гэтай ідэалогіі і практыкі.

Маўляў, тое, што мы зараз б’ём кагосьці дубінкамі ці забараняем сцягі, — гэта насамрэч не палітычная барацьба з апанентамі, а проста працяг Другой сусветнай вайны, — іранізуе Юрый Чавусаў. — 

Тое, што закон прымаецца цяпер, абумоўлена палітычнымі патрэбамі дзейнага рэжыму. І тое, што ён ідзе ў адным пакеце з шэрагам рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць правы чалавека (чарговыя змены ў закон аб барацьбе з экстрэмізмам, пагаршэнне ўмоваў для правядзення масавых акцыяў, змены ў законы аб СМІ, аб адвакатуры), дае падставы меркаваць, што гаворка тут не проста пра раптам узніклую патрэбу. Вы ж бачыце, што новых нацысцкіх партый і рухаў у Беларусі не ствараецца, не відаць уздыму сапраўднага нацызму як ідэалогіі, з партрэтам Гітлера на плошчы ў Беларусі людзі не выходзяць. Генпракурор кажа пра павелічэнне летась колькасці правапарушэнняў з неанацысцкімі праяўленнямі да 88 адміністрацыйных матэрыялаў, але вялікае пытанне, што яны кваліфікуюць пад такімі правапарушэннямі. На мой погляд, рэальная пагроза ад распаўсюджвання катаванняў ды дыскрымінацыі ў Беларусі цяпер значна большая і небяспечнейшая для грамадства за сапраўдны ўзровень пагрозы рэабілітацыі нацызму.

Прыняцце такога закона выглядае як спроба палітычнага абгрунтавання рэпрэсій у Беларусі. Цяперашні рэжым ідэалагічна вельмі бедны — яго цяжка назваць правым ці левым, ён папулісцка-эклектычны, і таму мае патрэбу ў нейкім ідэалагічным падмурку. Калі камуністы маглі абгрунтаваць рэпрэсіі марксісцкай ідэалогіяй, то беларускі рэжым спрабуе ўзяць ў якасці абгрунтавання антынацызм».

Але было б памылкай лічыць новы закон выключна абстрактным, ідэалагічным. У ім ёсць істотная і юрыдычна значная змена:

пашыраецца паняцце нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.

Да яе цяпер будуць адносіць сімволіку не толькі структур, асуджаных міжнародным і нацыяльным трыбуналамі, але і іншых арганізацый, што супрацоўнічалі з арганізацыямі, якія былі прызнаныя судамі і трыбуналамі як нацысцкія.

«Пры гэтым працэдура ці крытэрыі аднясення арганізацый да тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, асобна не прапісаная. Таму ў МУС развязаныя рукі, каб дапоўніць раней створаны паводле закона аб барацьбе з экстрэмізмам спіс арганізацый, сімволіка якіх адносіцца да нацысцкай, — для гэтага ўжо не патрабуецца грунтавацца на рашэннях міжнародных ці нацыянальных трыбуналаў», — каментуе Юрый Чавусаў. 

На гэты момант у створаным МУС спісе арганізацый, чыя сімволіка лічыцца нацысцкай, маецца 8 арганізацый — гэта НСДАП, СС, СД, СА, Гестапа, фашысцкая партыя Італіі, дапаможная служба паліцыі парадка (Schutzmannschaft der Ordnungspolizei), 13 паліцэйскі батальён пры СД. Па кожнай з гэтых арганізацый маецца спасылка на рашэнні міжнародных трыбуналаў альбо злачынствы, учыненыя імі. Спіс сімволікі гэтых арганізацый і структур мае цяпер 10 пазіцый. Сярод іх свастыка, сцяг Трэцяга Рэйху, нацысцкае вітанне, гімн НСДАП.

«Трывожыць тое, што змены закранаюць пытанне сімволікі. Наўрад ці пытанні ў МУС узнікнуць да Чырвонага Крыжа, які падчас вайны кантактаваў з нацыстамі, каб дапамагчы ваеннапалонным і вязням у канцлагерах, ці да сімволікі іншых дзяржаваў, дзе існавалі калабаранцкія структуры.

А вось спакуса нейкім чынам перакруціць гісторыю і надаць псеўдаюрыдычную афарбоўку забароне нацыянальнай сімволікі, з якой цяпер змагаецца міліцыя, сапраўды можа прывесці да неабдуманых крокаў па пашырэнні пераліку забароненай сімволікі», — мяркуе юрыст.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930